Набор вышыні, або За высокі “культурны” заробак трэба…

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г

Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком: Салігорск /
На радзіму нашага чарговага “вiпа”, у Салігорск, мы выправіліся з ранейшай мэтай — наведаць шэраг устаноў культуры горада, якія герой рубрыкі памятае з дзяцінства, даведацца пра яго ўспаміны ды пазнаёміцца з сучасным станам спраў у гэтых кропках. Але разам са мной і Аляксеем ГРОСАМ у канцы мая выехалі яго куратар па падрыхтоўцы да Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2016” ХХV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” Сяргей Андрыянаў ды здымачная група Белтэлерадыёкампаніі, якая вырашыла зрабіць рэпартаж аб знаходжанні беларускага канкурсанта ва ўлюбёных ім мясцінах.

/i/content/pi/cult/589/13069/10-1.jpgАдным з такіх стаў аграгарадок Краснадворцы: з візіту да бабулі выканаўцы і пачалася наша “экспедыцыя”. Таццяна Канстанцінаўна паказала нам свой падворак, і мы рушылі далей — непасрэдна ў горад.

Танцы на мяжы вясны

У Салігорскі палац культуры бацькі прывялі Аляксея, калі таму было 3 гады, аддаўшы сына ва ўзорны ансамбль танца “Іскрынка”, якім тады кіравала Мая Хоміч. Два гады хлопчык правёў у гэтым калектыве, а затым перайшоў у ансамбль эстраднага танца да Галіны і Ігара Цемчыных. На адной з размінак малы атрымаў траўму, і яна не дазволіла з ранейшай інтэнсіўнасцю займацца харэаграфіяй далей. Затое падчас нейкага мерапрыемства ў школе (а Грос жыўчыкам застаецца і дагэтуль) Лёша трапіў на вочы выкладчыку ўдарных інструментаў з мясцовай Дзіцячай школы мастацтваў, куды другакласнікам і паступіў. Урэшце, да ДШМ мы пазней яшчэ вернемся, а пакуль у цэнтры ўвагі Палац. Дарэчы, у 5 класе Грос зноў апынуўся ў “Іскрынцы”, дзе адчуваўся недахоп хлопчыкаў-танцораў. Тут Грос час ад часу і выступаў. (А адначасова выяўляў сябе і на барцоўскім дыване ў спартыўнай секцыі.) Карацей, было з чаго выбіраць! І 14-гадовым ён спыніўся на барабанах у Валянціна Матвеева ў эстрадным (“джазавым”, як называе яго Грос) аркестры “Юнацтва Палесся” Палаца культуры. Але… нядоўга палачкі мільгалі.

— У маім доме спявалі ўсе, — распавядае Аляксей. — Тата быў выдатным музыкантам, дастаткова вядомым у горадзе. Пад яго гітару на ўсіх сямейных “зборах” я і спяваў. Але зусім іншая справа выступаць на публіцы. Мой дэбют у гэтым сэнсе адбыўся ў школе, калі я праспяваў “Ой, то не вечар». Узнагародай сталі высокія ацэнкі ад настаўніка. І любоўныя запісачкі ад аднакласніц. Вось тады я і зразумеў, што спяваю ніштавата. І пачаў “свяціцца” на школьных ды гарадскіх мерапрыемствах. А неяк убачыў у Палацы аб’яву аб вакальным конкурсе “Музычны форум”. За гадзіну да першага тура паспеў “упісацца” ў лік яго ўдзельнікаў, выканаў “Чистые пруды” і прайшоў далей. У другім туры мне на гітары акампанаваў тата. Так я і дайшоў да фіналу. Мяне заўважылі ды прапанавалі паступіць у Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў на эстрадны вакал.

Аляксей і паступіў. Праўда, у салігорскае вучылішча, якое рыхтавала шахцёраў, на спецыяльнасць “Машыніст горных выемачных машын”. “Сасватаў” яго туды тата. Ён на сваім прыкладзе ведаў, што такое — хлеб музыканта, таму і вырашыў: няхай сын спачатку атрымае нармальную рабочую прафесію, якая прыносіць стабільны, а ў Салігорску яшчэ і высокі, даход, а ўжо потым... Тое “потым” наступіла праз год, у 2006-м. Скарыстаўшыся ад’ездам таты ў камандзіроўку, Аляксей забраў дакументы ды рвануў у Мінск, загадзя дамовіўшыся з адміністрацыяй вучылішча, што ў выпадку правалу яго прымуць назад. Правалу не адбылося, тата ўсё зразумеў і нават узрадаваўся...

За пару дзён да нашага прыезду ў Салігорск у Палацы культуры прайшоў вечар памяці Маі Хоміч, згаданай на пачатку. Аляксей не забыўся на яе ўрокі, і пакуль я гутарыў з нядаўна прызначаным дырэктарам ПК Наталляй Iльюшчыц, ён пад маленні тэлевізійнікаў стараўся адлюстраваць на сцэне якое-небудзь танцавальнае па. Атрымлівалася.

— Я прыйшла ў вельмі добрую ды дружную каманду з даўнімі моцнымі традыцыямі, — кажа Наталля Леанідаўна. — Галоўная мая задача — развіццё закладзенага раней.

А створана 20 калектываў, 8 з якіх носяць званні “ўзорны” ды “народны”. Калі вы хочаце займацца харэаграфіяй, харавымі спевамі, музыкай вакальна-інструментальнай ды духавой, мастацтвам тэатральным або выяўленчым, то вам — сюды. Колькі б вам ні было (кіраўніку студыі выяўленчага мастацтва 75 гадоў, а самым маленькім “гурткоўцам” — па тры). Практычна ўсе групы — бясплатныя. Выкладаюць у іх людзі вопытныя, мясцовыя. Маладыя спецыялісты, адпрацаваўшы належны тэрмін, стараюцца вярнуцца на радзіму ці замацавацца ў Мінску або ў іншых “цэнтравых” гарадах — справа зразумелая па цяперашнім часе. Не вабіць іх нават “асаблівы статус” Салігорска — у разуменні многіх беларусаў населенага пункта вельмі “грашовага”.

— Яны нам патрэбныя хаця б праз тое, што з’яўляюцца носьбітамі новых павеваў у мастацтвах, — тлумачыць Наталля Леанідаўна. — У выкладчыках вакалу мы зацікаўленыя. Мару ўсё ж прывабіць да нас “бальніка”, якіх і так выпускаецца вельмі мала, ды стварыць калектыў бальнага танца.

Спадарыня Iльюшчыц распавяла, што і матэрыяльна-тэхнічную базу палаца можна было б палепшыць. Распрацоўваецца пытанне па пераабсталяванні яго сучаснай гукавой ды светлавой тэхнікай.

Ну а што да мерапрыемстваў, дык Палац загружаны: мімаходзь азнаёміўшыся з афішамі, убачыў анонсы канцэртаў Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры" ды Сяргея Скачкова — саліста “залатога” складу пецярбургскага гурта “Зямляне”.

Не толькі “па джазу”

Вяртаемся ў Дзіцячую школу мастацтваў. Грос у свой час збіраўся навучацца тут iгры на гітары, аднак, з-за даўжыні пальцаў на далонях ды яшчэ і з прычыны асаблівай любові да ўдарных іх сакрэты Аляксей і стаў спасцігаць. У ДШМ ён правучыўся 6 гадоў, да таго ж, па меры ўзрастання ўласнага майстэрства, граючы і ў яе ансамблі. Майстэрства Аляксей паднабіраўся і ў Мінску, прыязджаючы разам з навучэнцамі школы на джазавыя фестывалі, якія арганізоўваў Міхаіл Фінберг, слухаючы барабаншчыкаў — беларускіх ды замежных. Вынесенае адтуль і выпрацаванае ўжо ім самім Грос дэманстраваў на канцэртах у Салігорску.

— У перспектыве бачыў сябе бубначом-спеваком, — прызнаецца Грос. — І не пакідаю сваёй мары дагэтуль: магчыма, у якім-небудзь сольным канцэрце і спалучу iгру на ўдарных са спевам.

Пра Салігорскую дзіцячую школу мастацтваў сёння існуе два меркаванні: хтосьці лічыць яе адной з лепшых у краіне ў сваім сегменце, хтосьці — проста лепшай. Да апошняга, натуральна, схіляецца і яе дырэктар Алег Шчэрбаў, які ўзначальвае ўстанову больш за 10 гадоў:

— Пра эксклюзіўнасць сведчыць хаця б той факт, што тут праходзіць адзіны ў краіне Міжнародны конкурс джазавай і эстраднай музыкі “Jazz-Time”, у якім спаборнічаюць дзеці (пра тэхналогію яго правядзення — у “К” № 21. — А.К.). І наогул аналагаў нам у Беларусі няма: мы самая рознабаковая, падрыхтаваная ды эфектыўная школа. Колькі за год можа зарабіць такая ўстанова, як наша? Мы летась зарабілі мільярд рублёў, у асноўным — канцэртнай дзейнасцю. У год заваёўваем парадку 70 — 80 узнагарод на разнастайных фестывалях ды конкурсах, якія праводзяцца як у краіне, так і за мяжой.

У школе займаецца 590 чалавек за кошт сродкаў бюджэту (пры закладзенай лічбе ў 350) ды больш як сто асоб, якія аплачваюць навучанне. Спраўляюцца з такой “гвардыяй” з дапамогай групавых заняткаў ды іншых хітрых камбінацый: а што рабіць, калі дзеці так імкнуцца ў ДШМ?! Да іх паслуг харавое, харэаграфічнае, тэатральнае, струнна-смычковае, фартэпіяннае (класіка ды джаз), эстраднае (розныя інструменты ды вакал), народнае (фольк ды этна) аддзяленні. Ва ўстанове ёсць уласны швейны цэх, майстэрня па вырабе дэкарацый.

А цяпер набярыце пабольш паветра ў лёгкія... Максімальная заработная плата дасведчанага выкладчыка дасягае тут 10 мільёнаў рублёў, малады (“нулявы”) спецыяліст атрымлівае 3 — 5 мільёнаў. Але за гэтыя грошы трэба пра-ца-ваць! Выконваючы, акрамя сваёй асноўнай працы, і дадатковую. Выпадковых людзей у школе не трымаюць, а не выпадковыя, якія прайшлі нешта накшталт унутранага прафесійнага адбору, “аруць” — з раніцы да позняга вечара.

— Гэта значыць, усё ў вас у ажуры, Алег Аляксандравіч?

— Калі б!.. Музычныя інструменты зношаныя на 90 %. Баяны ў нас у краіне выпускаюцца? Віяланчэлі, фартэпіяна? Не. На ўсю школу ёсць толькі адзін раяль. А вы ведаеце, у колькі абыдуцца новыя інструменты, калі іх набываць за мяжой, а потым афармляць увоз? Ніякіх мільярдаў не хопіць. Таму набываем усё “былое ў карыстанні”. Конкурс “Jazz-Time” грыміць далёка за межамі Беларусі. Але светлавога ды гукавога абсталявання, адпаведнага яго ўзроўню, узроўню запрошаных гасцей (часам з сусветна вядомымі імёнамі), у школе няма. Праўда, лічбавы канцэртны пульт мы набылі.

Мае патрэбу ДШМ ва ўласным транспарце. Выкручваюцца арэндай, якую часам аплачваюць і бацькі вучняў, што часткова фінансуюць і замежныя паездкі сваіх дзяцей. Але, пералічваючы праблемы, галоўную з іх спадар Шчэрбаў бачыць у наступным. Неардынарная школа, на яго думку, патрабуе неардынарных адносінаў да сябе. Прасцей кажучы, яна павінна быць цалкам укамплектаваная неабходнымі ёй гукарэжысёрамі, святлотэхнікамi, работнікамі сцэны, мастаком-афармляльнікам, мастаком-дэкаратарам, мастаком-сцэнографам. Але тыпавы штатны расклад, якi распаўсюджваецца на такія ўстановы, іх мець не дазваляе.

Чаго замала?..

Найважнейшым з мастацтваў для маленькага Лёшы з’яўлялася не толькі кіно, але і спадарожныя яму велізарныя яркія афішы, што анансавалi сеансы ў кінатэатры “Зорка Венера”. На мульцікі ды фільмы яго вадзілі мама, тата ды бабуля, якая жыве побач.

— Да гэтага часу памятаю надзвычайны смак марожанага ў кавярні кінатэатра, — дзеліцца Аляксей. — Толькі з-за яго аднаго можна было хадзіць у кіно. А яшчэ там праходзілі выставы жывёл, разбівалася нешта кшталту маленькага заапарка — з малпачкамі, птушачкамі. Калі я падрос, скончыў 8 клас, стаў “тусіць” на дыскатэках, што праводзіліся ў “Зорка Венера”. Так для мяне адкрылася акно ў дарослы свет — першае запрашэнне дзяўчынкі на павольны танец (я нярэдка запрашаў дзяўчынак, якія былі за мяне вышэйшыя ды на 2 — 3 гады старэйшыя), новыя закаханасці (я такі!). Трапятанне, перажыванні — усяго ставала.

І ўсё ж: сярод жанраў будучы беларускі ўдзельнік конкурсу “Славянскага базару…” аддаваў перавагу камедыі накшталт хітоў “Маска”, “Адзін дома”. Натуральна, падабаліся музычныя фільмы, напрыклад, “Сабор Парыжскай Божай Маці”.

Дыскатэкі сёння ў кінатэатры не праходзяць: яны атабарыліся ў забаўляльных цэнтрах. Затое ў «Зорцы...” ёсць кафэ-бар, якое дае важкую грашовую прыбаўку да агульнай выручкі (яе забяспечваюць 2 залы — вялікая на 700 месцаў ды малая (з V.I.P.-крэсламі ды V.I.P.-канапамі) на 50 месцаў, 5D-атракцыён, аэрахакей).

— Іна Міхайлаўна, — запрашаю да гутаркі дырэктара кінатэатра Іну Герасімаву, — беларускі кінапракат у 2015 годзе не далічыўся амаль мільёна гледачоў. А як справы ў вас?

— Пра адток казаць не даводзіцца. А вось сама публіка змянілася: раней аўдыторыя была пераважна сямейнай, цяпер жа актыўна ходзіць моладзь. У будні дзень, у сярэднім, нас наведвае 75 — 100 чалавек, а пачынаючы з пятніцы, вядома, больш.

Асноўную касу прыносіць масавае кіно, на беларускае гледачы маглі б ісці лепш. Кінатэатр увесь час арганізуе для іх сустрэчы са здымачнымі групамі нашых новых фільмаў у дні прэм’ерных паказаў, але... Пытанне ў якасці прадукцыі? “Думаю, так, — згаджаецца спадарыня Герасімава. — Гэта адносіцца нават да “Мы, браты…”, які з ідэалагічнага пункту гледжання мяне задавальняе, у астатнім жа...”

Пры тым, што тэндэнцыі да адтоку гледачоў у “Зорцы Венеры” не назіраецца, у кінатэатры пра наведвальнасць турбуюцца. Так, некалі перад пачаткам дзіцячых сеансаў у ім ладзілі міні-спектаклі з удзелам артыстаў беларускіх тэатраў, праходзiлi акцыі “Ноч вялікага кіно” — з віктарынамі ды розыгрышамі падарункаў. Займаецца ўстанова і дабрачыннасцю, калі з нагоды ўрачыстых дзён ветэраны могуць паглядзець кіно бясплатна, гэткія ж дабрачынныя сеансы праводзяцца для дзяцей-інвалідаў ды дзяцей-сірот.

Цяпер кінатэатр знаходзіцца на стадыі рамонту ды абнаўлення. Ідучы насустрач пажаданням наведвальнікаў, залы стануць больш камфортнымі, у іх усталююць больш элегантныя крэслы, пашырацца праходы паміж радамі, з’явіцца падсветка. Праектная дакументацыя амаль гатовая, і ў верасні павінна стартаваць рэканструкцыя вялікай залы.

— Пры ўсёй любові да гледача, хвалюе агульны культурны ўзровень публікі, — зазначае дырэктар установы. — Жавальная гумка, налепленая на крэслы ды канапы, — з’ява штодзённая.

Можа, у Год культуры фанаты “Wrigley’s Spearmint” прыслухаюцца да гэтых словаў Іны Герасімавай?..

Бывай, Салігорск!.. І добры дзень!

Пасля адбыцця ў сярэдзіне “нулявых” у Мінск, дзе Аляксей не першы год з’яўляецца артыстам прадзюсарскага цэнтра “Спамаш”, ні ў Палацы культуры, ні ў ДШМ, ні ў адзіным у горадзе кінатэатры ён не бываў. Таму спатканне з імі ўсхвалявала нашага героя. Прыязджаючы ў Салігорск, спявак увесь кароткі час знаходжання ў ім выкарыстоўвае для сустрэч са сваякамі.

— Яшчэ нядаўна мяне ўвесь час запрашалі выступіць дзе-небудзь у Салігорску, а я, выбачаючыся ўсімі магчымымі спосабамі, адмаўляўся, спасылаючыся (і гэта сапраўды так) на занятасць, — гучыць новае прызнанне Гроса. — Цяпер ужо не клічуць. Хаця не: мой настаўнік па ўдарных Аляксандр Трафімовіч нядаўна зазначыў у інтэрв’ю аднаму з тэлеканалаў, што Дзіцячая школа мастацтваў чакае мяне. Гэта было б вельмі адказным рашэннем — выступіць у сваім горадзе... Вось я зараз пра гэта кажу і ўжо хвалююся... Але як толькі падрыхтую сольную праграму, абавязкова сюды прыеду з канцэртам. А як артыст, магчыма, і раней!

— Па якім Салігорску ты сумуеш? — пытаюся напрыканцы Гроса.

— Па тым, калі “на фантане” ў цэнтры горада, штовыхадныя граў “жывы” аркестр. Людзі прыходзілі, слухалі, танцавалі, мы — маладыя, таксама там “тузаліся” па-свойму. Цяпер, здаецца, такога ўжо і няма, прынамсі, у ранейшых маштабах...

Сапраўды, зараз на гэтым месцы штогод, кожныя выхадныя з мая па верасень па жаданні гараджан ды гасцей Салігорска праходзяць бясплатныя вечары танцаў “У парку чатырох стыхій”, арганізаваныя Палацам культуры. Прычым, да “жывой” музыкі дадалася дыскатэка, так што маштабы, атрымліваецца, нават павялічыліся!

Ну i скончу гэты артыкул на ноце вясёлкавай, праўда, спачатку Аляксей выдаў руладу песімістычную:

— Сумна, што з беларускай культуры, з краіны па-ранейшаму з’язджаюць прафесіяналы. У першую чаргу, вядома, маю на ўвазе музыкантаў — ведаю, пра што кажу. Але ў цэлым на айчынную культуру я гляджу з аптымізмам. Яна развіваецца, чаму пацвярджэннем служыць, да прыкладу, тое, што сёння адбываецца з беларускай мовай, якая відавочна знаходзіцца ў трэндзе. Хацелася б большай “дзвіжухі”, па ўсіх кірунках культуры, але станоўчыя тэндэнцыі асабіста я бачу. Зараз у іх ідуць нейкія акуратныя перастраенні, змены арыенціраў, вектараў, калі нацыянальнае пачынае браць верх усё больш выразна. Я б пазначыў гэтыя працэсы як падманлівае зацішша, набор вышыні перад прарывам. Веру ў будучыню нашай культуры, у хуткія яркія поспехі ды ўдачы тых, хто яе творыць!

Мінск — Салігорск — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"