Яркія зоркі краіны

№ 23 (1253) 04.06.2016 - 10.06.2016 г

31 мая ў Канцэртнай зале “Верхні горад” адбылася сустрэча намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі Наталлі Качанавай з навучэнцамі, студэнтамі — пераможцамі міжнародных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, лаўрэатамі і стыпендыятамі спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў, студэнтаў і таленавітай моладзі.

/i/content/pi/cult/589/13067/3-1.jpgЯк адзначыла віцэ-прэм’ер, беларуская дзяржава, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка цягам апошніх дзесяцігоддзяў праводзяць маштабную палітыку па абароне правоў дзяцей і клапоцяцца пра інтарэсы юных грамадзян.

— У краіне створаны ўмовы для рэалізацыі інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу дзяцей і моладзі, — сказала ў сваім прывітальным слове Наталля Качанава. — Асаблівая ўвага надаецца адоранай і таленавітай моладзі, пра што сведчыць дзейнасць спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Па словах намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі, за 20 гадоў дзейнасці названых фондаў больш як 35 тысяч маладых людзей і 300 творчых мастацкіх калектываў сталі іх лаўрэатамі і стыпендыятамі. Сёння інтэграваны банк адоранай і таленавітай моладзі налічвае больш за 8 тысяч чалавек.

— Лаўрэаты спецыяльных фондаў маюць ільготы пры паступленні ў ВНУ, валодаюць правам ільгот пры будаўніцтве жылля, правам першачарговага размеркавання пасля заканчэння ВНУ, — канстатавала Наталля Качанава. — Летась на міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах юныя грамадзяне Беларусі заваявалі 41 медаль рознага кшталту. Таму таленавітая моладзь — гэта сапраўдны гонар краіны.

Пасля прывітальнага слова намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Качанава ўручыла нагрудныя знакі “Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў” і “Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі”.

У цырымоніі ўзнагароджвання таксама прынялі ўдзел міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў і міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Жураўкоў.

— Дзякуючы дзейнасці спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў тысячы таленавітых дзяцей і падлеткаў становяцца вядомымі як дома, так і далёка за межамі нашай краіны, — адзначыў міністр культуры. — Вы ўжо амаль “зоркі”, таму жадаю вам поспехаў, жадаю, каб на вашы выставы, канцэрты, імпрэзы заўсёды завітвалі ўдзячныя слухачы і гледачы, і каб вы плённа працавалі на карысць нашай краіны.

Віншуючы прысутных, міністр адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў, у сваю чаргу, адзначыў, што з ліку стыпендыятаў у краіне ўжо некалькі соцень тых, хто абараніў кандыдацкія дысертацыі, і амаль дзясятак тых, хто стаў дактарамі навук і прафесарамі.

— Сёння на першы план выходзяць веды, інавацыі, інтэлект, і ўплыў таленавітай моладзі на развіццё краіны як ніколі значны, — сказаў Міхаіл Жураўкоў. — Вельмі важна, каб веды і талент паслужылі краіне, каб імёны адораных і таленавітых маладых людзей былі яркай зоркай у жыцці краіны.

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"