Матрыца экспромта

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

На выставе пад назвай “Экспромт” у галерэі “Мастацтва” Стас Сугінтас прадставіў некалькі разнастайных тэм сваёй творчасці.


/i/content/pi/cult/588/13066/3-3.jpgСерыя “Вясновы брыз” — гэта рамантычныя партрэты прыгажунь і сюжэтна-тэматычныя карціны з дзецьмі. Для аўтара дадзеная тэма — адпачынак для душы, успамін пра нешта далёкае і цудоўнае, што ніколі не знікне з памяці, як смак любімага ласунка. Пэндзаль мастака рухаецца па палатне ўслед за крыштальнай марай, якая ўзнікла ва ўяўленні. Маляўнічая палітра і буйныя, пастозныя мазкі ўзмацняюць уражанне, з-за чаго твары герояў выглядаюць яшчэ больш далікатнымі і празрыстымі.

Другая серыя работ называецца “Эпізоды”. У карцінах “Аўтаканцэпт”, “У матрыцы” мастак нібы спыняе час. Аднак рух працягваецца ў гульні фарбаў, вясёлкавых пералівах і ўсёй кампазіцыі. Палотны “Пацалуй сябе”, “Гульня з агнём”, “Надзея” закранаюць вострыя сацыяльныя праблемы сучаснага грамадства, заклікаючы гледача да асэнсавання іх і дыялогу. Творчасць Стаса Сугінтаса разнастайная і ёмістая, што дае яму поўнае права лічыцца адным з самых неардынарных беларускіх мастакоў.

А нарадзіўся ён у літоўскай сталіцы, дзе вучыўся ў школе для адораных дзяцей. Пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў выкладаў малюнак у дзіцячай мастацкай школе ў Мінску, працаваў дызайнерам у сферы рэкламы. Сёння з творчасцю гэтага мастака знаёмыя і беларусы, і замежныя аматары мастацтва: прынамсі, яго працы знаходзяцца ў галерэях і прыватных калекцыях Заходняй Еўропы, Азіі і ЗША. Пастаянны ўдзельнік выстаў і праектаў, Стас Сугінтас вылучаецца смеласцю мастацкага выказвання і яркай падачай, таму яго працы адразу прыцягваюць увагу.

Ульяна ФЯДОТАВА, мастацтвазнаўца