Пяты пленэр

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

З 25 ліпеня па 2 жніўня ў вёсцы Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобласці адбудзецца традыцыйны, пяты па ліку, Міжнародны пленэр ганчароў.

/i/content/pi/cult/588/13065/3-2.jpgВёска Гарадная даўно вядомая ў Беларусі і нават у свеце сваім ганчарным промыслам, які бярэ пачатак яшчэ ў XV стагоддзі. Цікава, што ў мінулым паселішча мела статус мястэчка з Магдэбурскім правам і ўласным гербам, а на пачатку XX стагоддзя ганчарствам у Гарадной займалася больш за 200, а ў 1920 — 1930-я гады — каля паўтысячы сем’яў.

Сёння тут засталося 4 апошнія патомныя ганчары з дынастыі Кісялёў, Басаўцоў і Мірановічаў. Усё яны людзі сталага веку, нарадзіліся ў канцы 1920-х — на пачатку 1930-х, з’яўляюцца носьбітамі традыцыйных тут рамесных ведаў і навыкаў, сакрэтаў тэхналогіі апрацоўкі матэрыялу, мастацкіх прыёмаў стварэння ганчарных формаў.

Як неаднаразова пісала “К”, яшчэ ў 2003 годзе па рашэнні Столінскага райвыканкама ў Гарадной быў створаны Цэнтр ганчарства ў памяшканні СДК. Тут навучаюцца мясцовыя школьнікі, якім ганчарную справу выкладаюць патомныя майстры.

А з 2008 года ў Гарадной па ініцыятыве Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра праводзяцца Міжнародныя пленэры ганчароў. Ужо адбыліся чатыры такія акцыі, у якіх прынялі ўдзел майстры-ганчары з 12 краін. За гэтыя гады ў Цэнтры ганчарства сабрана вялікая калекцыя ганчарных і керамічных вырабаў, якія могуць стаць падмуркам для будучага музея ганчарства, якога пакуль што ў Беларусі няма.

Сёлетні пленэр, як распавяла “К” загадчык аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцко, плануецца пры ўдзеле майстроў-глінамесаў з Беларусі, Арменіі, Літвы, Польшчы, Украіны і Расіі. Але, як адзначыла суразмоўца, гэта яшчэ не канчатковы склад удзельнікаў: спіс гасцей удакладняецца, і, цалкам магчыма, будзе значна пашыраны.

Нагадаем, што да ўдзелу ў пленэры запрашаюцца майстры керамікі, якія валодаюць тэхналагічнымі і мастацкімі прыёмамі вырабу дробнай пластыкі і ганчарства, а таксама займаюцца адраджэннем і развіццём ганчарнага промыслу. Заяўкі на ўдзел падаюцца да канца мая.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"