“…Цюльпан” для Брэста

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

Учора ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы распачаўся Міжнародны фестываль майстроў мастацтваў “Пярэсты цюльпан”. Упершыню ўвазе брэстчан прадставілі дзве канцэртныя праграмы, якія аб’ядналі шэдэўры сусветнага музычнага мастацтва ад класікі да нью-джаза. Арганізатарамі фэсту выступілі ўласна тэатр і кампанія “ГудПаўэр” пры падтрымцы “ВТБ Банка”.

/i/content/pi/cult/588/13064/3-1.jpgЯк распавяла “К” намеснік генеральнага дырэктара ўстановы культуры па інфармацыі і арганізацыі гледача Ларыса Навіцкая, з ініцыятывай стварэння такой імпрэзы ў тэатр звярнулася сама мясцовая кампанія. “У тэатры цудоўная акустыка, вялікая зала, якая можа запрасіць значную колькасць аматараў музычнага мастацтва. Да ўсяго, знаходзімся ў цэнтры горада, адпаведна, становіцца большым кола патэнцыйных наведвальнікаў. А яшчэ ў нас маюцца два ўласныя шыкоўныя раялі, што вельмі зручна для ўдзельнікаў фэсту”, — дадала суразмоўца. Са слоў спадарыні Ларысы, фестываль падорыць брэстчанам знаёмства з найлепшымі айчыннымі і замежнымі музыкантамі, а тэатру дапаможа яшчэ раз прыцягнуць да сябе ўвагу мясцовай публікі.

Адкрывала фестывальную праграму лаўрэат міжнароднага конкурсу піяністаў імя Аляксандра Скрабіна ў Парыжы наша суайчынніца Марына Кулаў. Яна падрыхтавала вялікую сольную праграму, у якую былі ўключаны творы Скарлаці, Бетховена, Шапэна, Сэн-Санса. Таксама піяністка выступіла ў дуэце з народным артыстам Беларусі Ігарам Алоўнікавым. Да публікі таксама выходзіў лаўрэат міжнародных конкурсаў і фестываляў джаз-бэнд “Muzzart” з праграмай “Нью-джаз”. Брэсцкіх музыкантаў добра ведаюць у родным горадзе. Адметнасць іх творчасці — спалучэнне класікі, нацыянальнага фальклору і джаза, а таксама незвычайныя аўтарскія апрацоўкі кампазіцый.

Сёння ўвечары на сцэну вялікай залы акадэмічнага тэатра ізноў выйдуць Ігар Алоўнікаў і Марына Кулаў з прэм’ерай твора Вольфганга Амадэя Моцарта ў іх выкананні — канцэрта для двух фартэпіяна з аркестрам. На сцэне з’явіцца і Камерны аркестр Беларускай дзяржаўнай філармоніі на чале з яго мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам Яўгенам Бушковым.

Упершыню ў Брэст прыедуць выканаўцы сімфанічнага аркестра Марыінскага тэатра (Санкт-Пецярбург) на чале з дырыжором і салістам Антонам Гакелем (ён таксама з’яўляецца дырыжорам і салістам мадрыдскага “European Royаl Ensemble”). Гараджане пачуюць канцэртмайстра і саліста-скрыпача Аляксея Лукірскага, альтыстку Лізавету Беражнову і скрыпачку Алену Чарнаказ. Зрэшты, гэтыя музыканты сумесна з нашым аркестрам падрыхтавалі для Брэста прэм’еры: “Поры года ў Буэнас-Айрасе” Астара Пьяцолы — Леаніда Дзясятнікава і “Сюіта для скрыпкі з аркестрам” Курта Атэрберга.

Ларыса Навіцкая спадзяецца, што “Пярэсты цюльпан” стане штогадовай падзеяй для тэатра.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"