Правілы паводзін з аўтарскім правам

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

З 4 красавіка ўступілі ў сілу змены ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях адносна сферы аўтарскага права. “К” прапанавала начальніку Цэнтра па калектыўным кіраванні Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Аляксею БІЧУРЫНУ пракаментаваць сітуацыі, з якімі сутыкаюцца (ці ў якія могуць патрапіць) работнікі ўстаноў культуры краіны, і іх магчымае развіццё з юрыдычнага пункта гледжання.

(Заканчэнне. Пачатак тэмы ў № 16 — 20.)

— У краіне працягваецца фестывальны сезон, рыхтуюцца шматлікія фэсты пад адкрытым небам. На такіх музычных мерапрыемствах часта выступаюць кавер-бэнды. Хто павінен несці адказнасць за выкананне аўтарскіх правоў кампазітараў і тэкставікоў?

— Арганізатары фестывалю. Адказнасць ляжыць на тым, ад каго паступіла ініцыятыва правядзення мерапрыемства, хто збірае калектывы, распаўсюджвае білеты і рэкламную інфармацыю. Перш за ўсё арганізатары павінны заключыць дагавор з нашай установай. На практыцы ўсё часцей узнікаюць праблемы з арганізатарамі масавых мерапрыемстваў і, на дзіва, перш за ўсё з дзяржаўнымі арганізацыямі накшталт філармоній ці буйных палацаў культуры. На жаль, мы з калегамі назіраем ужо выбудаваную мадэль пазбягання ад абавязку выплаты аўтарскіх ганарараў. Разумеем, што не ад добрага жыцця культработнікі да гэтага інструменту прыбягаюць, але…

У спробах эканоміць на выплаце аўтарскіх узнагароджанняў установы культуры пачынаюць прыцягваць трэцюю асобу — гэта можа быць індывідуальны прадпрымальнік ці таварыства з абмежаванай адказнасцю (асабліва любяць звяртацца да кагосьці з тэрыторыі той жа Расіі). Заключаецца дагавор той ці іншай юрыдычнай прыроды (камісіі ці паручыцельства), па якім адказнасць за аўтарскія выплаты перадаецца гэтай старонняй асобе. А потым у НЦІУ ад паважанай установы, якая мае шматгадовы вопыт правядзення мерапрыемстваў, прыходзіць ліст, маўляў, даручылі выплаціць аўтарскія ганарары канкрэтнаму чалавеку, але ён з’ехаў немаведама куды і мы не можам яго знайсці. На жаль, гэта становіцца павальнай схемай паводзінаў…

Па маім перакананні, тут культработнікі падманваюць, у першую чаргу, сябе. Тое будзе сыходзіць з рук да першага скандалу. Хочацца са старонак газеты растлумачыць адказным людзям, што ўсё гэта — гульня з агнём, якая пры іншых роўных можа быць класіфікаваная як махлярства. Бывалі выпадкі, калі да нас траплялі дакументы з адкрыта падробленымі подпісамі. Мы звярталіся да пазначанага ў дакументах грамадзяніна: ён пацвердзіў, што паперу не падпісваў… Гэта шлях у нікуды, бо акрамя непасрэдна грамадзянскіх прэтэнзій, НЦІУ ўсё роўна будзе патрабаваць выплату аўтарскіх, каму установа гэта не даручыла б, бо па заканадаўстве менавіта арганізатар нясе адказнасць.

Як арганізацыя, якая адказвае за абарону аўтарскага права, мы вельмі гнуткія і гатовыя ісці насустрач, разумеючы спецыфічныя эканамічныя ўмовы, у якіх знаходзіцца той ці іншы суб’ект. Аднак усё мае свае межы. Вось з адным суб’ектам Магілёўскай вобласці не так даўно сустрэліся ў судзе. На працягу двух гадоў арганізатар забаўляльных мерапрыемстваў адказваў, што грошай на выплату аўтарскіх адлічэнняў у яго няма, і пры гэтым працягваў ладзіць новыя канцэрты. Але куды падзеліся грошы, калі білеты былі прададзеныя? Аўтарскае ўзнагароджанне выплачваецца ў выглядзе пэўнага працэнту з сумы распаўсюджаных уваходных. Значыцца, яны былі скарыстаныя па другім артыкуле. Арганізатар абяцаў вярнуць неабходнае з наступнага канцэрту. Прабачце, але па вялікім рахунку гэта ўжо фінансавая піраміда (калі пакрыццё першапачатковага забяспечваецца за кошт продажу наступнага). У нашай краіне вядзецца сур’ёзнае процідзеянне такім фінансавым схемам і не хацелася б, каб гэтыя інструменты ўключыліся ў сферы культуры, дзе да пэўнага моманту была дастаткова ясная, празрыстая сітуацыя.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"