Выпрабаванне “зонг-балетам”

№ 16 (834) 19.04.2008 - 25.04.2008 г

Сёння ўвечары Беларуская дзяржаўная філармонія збярэ прыхільнікаў джаза, мюзікла і сучаснай музыкі. Чарговай прэм’ерай Міжнароднага фестывалю “Мінская вясна” стане беларуска-нямецкі праект — першае ў нас канцэртнае выкананне “Сямі смяротных грахоў” Курта Вайля — Бертольда Брэхта.

“Сем смяротных грахоў” пазначаны на афішы проста і зразумела — “мюзікл”, у аўтарскай жа партытуры яны называліся “балетам у сямі сцэнах з пралогам і эпілогам для сапрана, мужчынскага хору і аркестра”. Сапраўды, нямецкаму кампазітару, які ў 1933 годзе, выратоўваючыся ад пераследаванняў нацыстаў, трапіў у Парыж, быў замоўлены менавіта балет на дадзеную біблейскую тэму — для толькі што створанай харэаграфічнай трупы. Але ж ці мог Курт Вайль, аўтар знакамітай “Трохграшовай оперы”, абысціся без сваіх славутых зонгаў — устаўных вакальных нумароў, дзе даваўся каментарый і ацэнка падзей? Тым больш, што іх выдатна выконвала ў яго спектаклях жонка — знакамітая спявачка і артыстка Ленья.

У сённяшнім паказе зонгі будзе спяваць знакамітая нямецкая джазавая салістка Паскаль фон Ураблеўскі, якую мінчане памятаюць яшчэ па Міжнародным джазавым фестывалі 2000 года. Цікава, што да тэатра Брэхта-Вайля яна мае самае непасрэднае дачыненне: у тым тэатры працавалі яе бабуля і дзядуля. Сваё майстэрства яна пакажа таксама ў другім аддзяленні вечара, дзе выступіць з ансамблем “Дыліжанс-Jazz” пад кіраўніцтвам Андрэя Лабчэўскага. Выканаўцамі ж мюзікла выступяць ансамбль салістаў “Класік-Авангард” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава (у пашыраным да аркестра складзе, з дадаткова запрошанымі музыкантамі) і мужчынская вакальная група “Арнамент”. Ну а свайго Джорджа Баланчына (менавіта ён 75 гадоў таму ўпершыню выступіў харэографам-пастаноўшчыкам гэтага своеасаблівага “зонг-балета”) нам яшчэ трэба дачакацца.

Спытаеце: як можна ў балеце адлюстраваць смяротныя грахі? Вельмі проста. Дзве сястры збіраюцца ў вандроўку, каб зарабіць грошай. Яна доўжыцца сем гадоў, сёстры наведваюць сем гарадоў — і ў кожным з іх праходзяць выпрабаванне: лянотай, гордасцю, гневам, абжорствам, юрам, сквапнасцю, зайздрасцю. Прычым адна з сёстраў, таленавітая танцоўшчыца, увесь час робіць памылкі, а другая, бы той анёл-ахоўнік, дапамагае ёй іх выпраўляць, пераадольваючы адмоўныя рысы ў сваім характары. Ці ж гэта не ўвасабленне вечнай барацьбы дабра і зла ў душы кожнага чалавека?

 Надзея БУНЦЭВІЧ