Плеяда аматараў

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

Днямі ў сталічнай мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адбылася выстава работ фіналістаў у намінацыі “Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” Рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі-2016”.

/i/content/pi/cult/588/13055/1101.jpgНагадаю, летась Федэрацыя прафсаюзаў краіны ўпершыню правяла аднайменны конкурс. Першапачаткова ён быў вакальным, а да ўдзелу дапускалася таленавітая моладзь пярвічных прафсаюзных арганізацый ва ўзросце ад 16 да 31 года. Пачуўшы шматлікія пазітыўныя водгукі гледачоў і ўдзельнікаў, арганізатары вырашылі зрабіць творчае спаборніцтва штогадовым, зняць узроставыя абмежаванні і пашырыць колькасць намінацый. Нязменнай засталася галоўная ўмова: наяўнасць у канкурсанта прафсаюзнага білета.

У сталічную галерэю трапілі работы, якія ўжо прайшлі раённы і абласны адбор. Вочы радавала разнастайнасць прадстаўленых жанраў. Адным з самых папулярных стаў скрап-арт — адразу некалькі ўдзельнікаў прадставілі скульптуры, зробленыя з металалому. У фінал патрапіла нямала аматараў фотасправы, якія прапаноўвалі гледачу як побытавыя сюжэты, так і пастановачныя кадры, што ўслаўляюць жаноцкасць. Не засталіся па-за ўвагай традыцыйныя народныя жанры: керамічныя вырабы, тканыя паясы, выцінанка, карціны з прыродных матэрыялаў, саломкапляценне… На рэспубліканскі ўзровень патрапілі і звыклыя жаночыя хобі, выкананыя на высокім мастацкім ўзроўні: вышыўка, дэкупаж, карціны з атласных стужак, самаробная біжутэрыя, мякканабіўныя і лямцавыя лялькі.

Нельга не адзначыць цудоўнае памкненне прафсаюзаў вывесці аматарскае мастацтва з хатняга ценю. У наш час зусім не рэдкасць, калі творчыя пачынанні перарастаюць у рамяство, якое пачынае карміць не горш за асноўную працоўную дзейнасць. Нездарма па краіне вялікая колькасць хэнд-мэйд-кірмашоў, а ў Інтэрнэце дзейнічае безліч пляцовак, дзе адны прапануюць самаробныя тавары, а іншыя з задавальненнем іх купляюць.

На ўрачыстым адкрыцці выставы ў мяне паўстала толькі адно пытанне… У палажэнні конкурсу асобным радком прапісвалася, што працы ў намінацыі “выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” павіны быць створаны без прыцягнення спецыялістаў з профільнай (мастацкай) адукацыяй. У фінал конкурсу сапраўды прайшло нямала работ электразваршчыкаў, аператараў электроннага набору і вёрсткі, выхавальніц, кладаўшчыкоў, машыністаў крана і шматлікіх іншых працоўных спецыялістаў. Але побач месціліся экспанаты за аўтарствам прадстаўнікоў раённых цэнтраў рамёстваў, выкладчыкаў выяўленчага мастацтва, стваральнікаў мастацка-выканаўчых работ, ганчароў… Разумею, што ў іх таксама няма дыплома мастака, але часам вельмі кідалася ў вочы розніца ў якасным ўзроўні экспанатаў ад “тэхнароў” і ад прадстаўнікоў устаноў культуры… Прафсаюзны білет ёсць у адных і другіх, дык можа варта ўнутры намінацыі таксама зрабіць нейкую градацыю? Напрыклад, шчыра захапляюся творчасцю народнага майстра Беларусі, члена Саюза народных майстроў краіны, уладальніка спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Юрыя Боўды, але шчыра здзівілася, пабачыўшы яго цудоўныя вырабы на конкурсе, скіраваным згодна з палажэннем на “папулярызацыю аматарскай мастацкай творчасці працоўных”… Магчыма, сітуацыю выправіла б стварэнне асобнага конкурсу для прадстаўнікоў айчыннага прафсаюзу работнікаў культуры…

Пераможцам у вышэйназванай намінацыі стаў настаўнік выяўленчага мастацтва Матыкальскай дзіцячай школы мастацтваў Брэсцкага раёна Антон Мартынюк са зробленымі з металалому скульптурамі. Як распавёў “К” сам лідар, гэтым відам творчасці ён займаецца ўжо гадоў сем. “Калісьці ва ўніверсітэце было вучэбнае заданне стварыць скульптурную кампазіцыю з нетрадыцыйных матэрыялаў — так ўсё і закруцілася. Самая знакавая для мяне праца — дракон. Я сабраў яго летась за чатыры дні спецыяльна да персанальнай выставы ў Брэсце. Дарэчы, летась увёў у ДШМ новы прадмет “Мадэляванне”. На ім разам з вучнямі збіраем розныя канструкцыі з пластыкавых лыжак, відэльцаў, нажоў і іншага “смецця”, — дадаў суразмоўца.

Другое месца заняў яшчэ адзін прадстаўнік Брэсцкага раёна: кіраўнік узорнай ізастудыі “Калібры” Вістыцкага сельскага Дома культуры Аляксандр Лазерка. У тройцы  — ганчар навалукомльскага Завода керамзітавага жвіру Алена Рыжанкова. Спецыяльны прыз журы атрымаў Анатоль Папоў — настаўнік сталічнай Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 11 імя Уладзіміра Алоўнікава.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"