Ноч музеяў і кніжкі з… сала

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

Нашы пазаштатнікі па-ранейшаму актыўнічаюць. Вялікі дзякуй за гэта! І каб не зацягваць публікацыю кожнага з лістоў ды не адставаць ад імклівага часу, да вашых паслуг — чарговы агляд пошты.

/i/content/pi/cult/588/13054/10-2.jpgУсё не шанцавала гэтаму лісту. Злятаў з газетных палос, таму, напэўна, што маленькі. Па аб’ёме, а не па змесце. Дык вось, вучаніцы Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў і яе Пагранічнага філіяла сталі дыпламантамі VI Міжнароднага дзіцяча-юнацкага конкурсу выяўленчага мастацтва “КрасаWEEK”, што праходзіў у Мінску. Гэта пяцікласніца Марыя Каган і трэцякласніца Ганна Касценіч. Настаўнік першай — Андрэй Утарушын, другой — Наталля Жалязоўская. Марыя адзначылася ў намінацыі “Жывапіс” з пейзажам, а Ганна — у намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” з вітражом. Пашана — і дзяўчатам, і педагогам!

Бібліятэкар Людміла Трубчык паведамляе, што “21 мая падчас традыцыйнага штогадовага рэгіянальнага свята народнай творчасці “Аўгустоўскі канал запрашае сяброў” спецыялісты інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра віталі гасцей на Бібліятэчным падворку”. “Мех прыгодаў”, “Мех фантастыкі”, “Чароўная торба загадак”… А яшчэ дзейнічала выстава “Апетытнае чытанне”. Тут былі падрыхтаваны кніжкі з сала і печаныя кнігі. У кошыку ж літаратурных прысмакаў можна было знайсці блінцы і мачанку з “Новай зямлі” Якуба Коласа ці каўбасы з “Тараса на Парнасе”. А запівалася ўсё бярозавым квасам. Ну як тут не стаць актыўным чытачом?!

У прыбелавежскі край, на турыстычную Свіслаччыну, запрашае Свіслацкая раённая бібліятэка. Яе супрацоўнік Людміла Клімчук піша пра “банк даных, дзе змешчана інфармацыя пра гістарычныя і культурныя цікавосткі краю. Бібліятэкі раёна таксама працуюць у названым кірунку: выпускаюць буклеты, закладкі-даведнікі, фотаальбомы”. У чытальнай зале райбібліятэкі працуе фотавыстава “Я ў гэтым горадзе жыву”. Візітоўка Свіслаччыны — абласны фестываль “Гамоняць пушчы беларускія”. Яго інфармацыйнае забеспячэнне — адзін з клопатаў мясцовых бібліятэкараў. Таму і нарадзілася ў іх ідэя праекта “Свіслаччына турыстычная”.

З Ліды паведамляе настаўнік ДШМ Ксенія Пруднік: “У школе прайшоў III Рэспубліканскі фестываль-конкурс дзіцячага мастацтва. Гэта — музычны форум. Упершыню сёлета ў ім удзельнічалі аркестравыя і харавыя калектывы. Усе выхадныя гэтага месяца ўдзельнікаў фестывалю прымаюць канцэртныя залы школы мастацтваў і музычнага каледжа”.

Абласную акцыю “Чытаем разам” падтрымала і Ашмянская гарадская бібліятэка № 1. “У нас прайшла сустрэча, — піша загадчык установы Людміла Зарэцкая, — з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Таццянай Мягковай. Яна была партызанам, але знаходзіла час і для чытання. Кніга дапамагала ваяваць, узнімала баявы настрой”.

Метадыст з Пружан Раіса Тарасюк распавядае пра конкурс прыгажосці, што адбыўся ў мясцовым Палацы культуры.

З Бабруйскай ДШМ № 1 імя Яўгена Цікоцкага прыйшоў ліст пра вынікі адкрытага конкурсу выканаўцаў на класічнай гітары. У ім бралі ўдзел больш за 120 юных музыкантаў. У ліку іншых пераможцаў у першай узроставай групе лаўрэатамі І ступені сталі Дзмітрый Бушлякоў з Магілёва і Глеб Каржоў з Бабруйска, у другой — Юлія Валчкова з Магілёва і Аліна Дударава з Гомеля.

Загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай ЦРБ Тамара Круталевіч піша аб праектах і акцыях, скіраваных супраць СНІДу. Мерапрыемствы прайшлі ў акушэрскім аддзяленні райбальніцы, у актавай зале паліклінікі, у скверы ля гарадской бібліятэкі.

Неўзабаве адзін з самых маладых гарадоў краіны — Светлагорск — адзначыць 55-годдзе. “Марафон юбілейных мерапрыемстваў, — паведамляе бібліятэкар раённай дзіцячай бібліятэкі Валянціна Расошанка, — распачала наша ўстанова. Пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама яна арганізавала конкурс чытальнікаў “Гімн роднаму гораду”, у якім прынялі ўдзел 80 навучэнцаў гарадскіх школ. Яны чыталі вершы Ізяслава Катлярова, Соф’і Шах, Міхася Мазоўкі, Івана Лапцева, Наталлі Турчанка, Любові Шаранковай… Гучалі і аўтарскія творы, аздобленыя музыкай і відэашэрагам. Васямнаццаць лепшых чытальнікаў возьмуць удзел у праекце “Мой горад вершамі вітаю…” Радыёмарафон арганізоўваецца ЦБС і мясцовым радыё «Ранак» і пройдзе падчас гарадскога юбілею.

Чарговая інфармацыя з Бабруйска. Гэтым разам — гаворка пра акцыю “Ноч музеяў”. У Бабруйскім краязнаўчым яна прайшла пад дэвізам “Горад мары, або Чаму дзеці лейтэнанта Шміта імкнуліся ў Бабруйск”. Госці перанесліся на стракаты гарадскі рынак 1920-х, пабывалі на прымерцы ў лепшага краўца Зямы Годкіна, на іншых паглядзелі і сябе паказалі на танцпляцоўцы, атрымалі доўгачаканы кулінарны рэцэпт ад цёці Соні… Працавала літаратурная гасцёўня “Бабруйск высокакультурны”. Сярод ганаровых гасцей былі… Астап Бэндар і Шура Балаганаў.

Тэму музейнай ночы працягваюць музейшчыкі Навагрудка. Дом-музей Адама Міцкевіча правёў акцыю “Музей як цэнтр культуры”. А гісторыка-краязнаўчы музей прапанаваў праект “Навагрудак праз стагоддзі”. Праграма мерапрыемства была разлічана на наведвальнікаў розных узростаў. Сядзіба Міцкевічаў прапанавала тэатралізацыю “На зямлі легендарнай Ліцвінкі”. А гісторыка-краязнаўчы музей застаўся задаволены грамадскай акцыяй “Падары экспанат музею”. Наведвальнікі перадалі ў фонды фотаздымкі, кнігі з аўтографамі вядомых асоб, прадметы побыту. Той, хто перадае экспанаты ў музей, мае права наведваць музей цягам года бясплатна.

І яшчэ адзін ліст. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу бібліятэкі імя Аляксандра Пушкіна з Мазыра Людміла Кір’янава распавядае пра Дзень сямейнага чытання. Дзецям была прапанавана выстава-лялька, дзе сярод кніг можна было адшукаць мяккую цацку. Ніхто не адмаўляўся ад шпацыру па “Чытай-горадзе”. У сектары краязнаўства працаваў мультсалон. А слайд-прэзентацыя прадэманстравала чытачам краіны і гарады, дзе ўстаноўлены помнікі кнігам ці літаратурным героям.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"