Ад аншлагу да плёну

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

Музейныя нататкі пасля адной камандзіроўкі
На мінулым тыдні ў Чашніцкім гістарычным музеі адкрылася выстава, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння заслужанага дзеяча мастацтваў краіны Барыса Аракчэева. Каб пабачыць, як прымаюць праект у гэтым рэгіёне Віцебшчыны і паразважаць пра падыходы да культуры на месцах, карэспандэнт “К” выправіўся ў чарговую камандзіроўку.

/i/content/pi/cult/588/13053/10-1.jpgІдэя выставы належыць дачцэ жывапісца Аксане: бацькава прафесія вызначыла і яе жыццёвы выбар. Яна вядомая як жывапісец і ілюстратар дзіцячых кніжак. У экспазіцыі прадстаўлены творы Барыса Аракчэева, зробленыя у час будаўніцтва Лукомльскай ГРЭС, куды ён прыязджаў па творчай камандзіроўцы, каб занатаваць для гісторыі хаду падзей і вобразы будаўнікоў. Была такая традыцыя за савецкім часам — ствараць мастацка-літаратурныя летапісы “ўдарных камсамольскіх будоўляў”. У маштабах Беларусі тая ГРЭС была тое ж, што Брацкая ГЭС ці БАМ для эканомікі РСФСР. Таму гэты праект быў пад асобым кантролем і апекай кіраўніцтва рэспублікі. Аднак, пры ўсёй ідэалагічнай заангажаванасці згаданых камандзіровак, сёння, дзякуючы той савецкай завядзёнцы, мы маем даволі аб’ектыўную, прафесійна зробленую хроніку ператварэння Беларусі ў індустрыяльна развітую дзяржаву. Спрычыніўся да гэтай годнай справы і Барыс Аракчэеў. У творчым сэнсе ён быў рознабаковай асобай: плённа працаваў у розных жанрах і ў рознай тэматыцы, удзельнічаў у рэалізацыі шэрагу значных для свайго часу творчых праектаў. Зрэшты, і ганаровае званне ў савецкі час, і ордэн Скарыны ў суверэннай Беларусі трэба было заслужыць — такія адзнакі за “проста так” не атрымаеш.

Разам з работамі Барыса Аракчэева на выставе, што мае назву “Беларусь мая сінявокая”, у Чашніцкім гістарычным музеі прадстаўлены плён працы ягонай дачкі —- нізка партрэтаў 2009—2010 гадоў, у тым ліку і вельмі выразны партрэт бацькі, фрагмент цыкла “Мінскія вокны” і ілюстрацыі да дзіцячых казак. Стылістыка, тэматычныя прыярытэты ў творчасці бацькі і дачкі істотна розняцца. Яно і не дзіва: розныя часы — розная эстэтыка. Але яднае творцаў здольнасць бачыць сутнасць за некідкім вонкавым абліччам, знаходзіць праявы ўнікальнасці ў нібыта звычайных рэчах і з’явах.

Для невялікага музея раённага горада (насельніцтва Чашнікаў - 9,4 тысячы чалавек) выстава двух сталічных мастакоў  — падзея не шараговая. Тым больш, так склалася, што на адкрыццё патрапіла першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга. Яна наведала музей у рамках паездкі па Віцебскай вобласці якраз тады, калі ў ім ладзіўся вернісаж. Гэта выпадковае супадзенне, але прысутнасць на выставе намесніка міністра надало імпрэзе значнасці. Былі тут і прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі. Для прысутных праспяваў хор ветэранаў. Па словах супрацоўнікаў музея, у звычайныя дні наведвальнікаў не так шмат, а ў дзень адкрыцця выставы па мясцовых мерках быў аншлаг.

Па маіх журналісцкіх назіраннях, меркаваць пра тое, наколькі глыбока тая ці іншая думка, ідэя ўкаранёныя ў грамадскую свядомасць, лепш не на сталічных прыкладах. Мінск у нашым выпадку генерыруе ідэі і прапануе кіраўніцтва да дзеяння, але сацыяльнай рэчаіснасцю яны становяцца толькі пасля таго, як іх прыме да рэалізацыі рэгіён. Я памятаю экспазіцыі беларускіх краязнаўчых музеяў савецкай пары. Яны мусілі давесці грамадзе ідэалагему, паводле якой Беларусь за ўсё, што мае добрага, мусіць быць удзячная Расіі і Вялікаму Кастрычніку. У экспазіцыях больш-менш якасна і грунтоўна асвятляўся толькі савецкі перыяд. Астатняе ішло “падвёрсткай”. Таму фактычна ігнаравалася гісторыя нацыянальнай дзяржаўнасці і яе асноўныя этапы — Полацкае княства, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая. Сёння  — сітуацыя іншая. Прынамсі, экспазіцыі сталічных музеяў робяцца пад нацыянальную ідэю, якая сярод іншага грунтуецца на тэзе, што дзяржаве нашай — не менш, як тысяча гадоў, а культура беларуская заўжды плённа развівалася ў кантэксце еўрапейскіх гуманістычных каштоўнасцей. На прыкладзе Чашнікаў пераканаўся, што інэрцыя мыслення пераадолена ці пераадольваецца і ў рэгіёнах. Ладная частка экспазіцыі невялікага музея прысвечана гісторыі гэтых мясцін ў Сярэднявеччы, у розных фармацыях тагачаснай беларускай дзяржаўнасці. Тут ёсць жывапіс, прысвечаны вайсковай славе продкаў, гербы шляхецкіх радоў, што пакінулі сваімі справамі добрую памяць у гісторыі гэтых мясцін і ўсёй Беларусі. Прычым, гэта натуральна стасуецца з гісторыяй знаходжання нашых земляў у складзе Расійскай імперыі і з савецкай гісторыяй. Відаць, што, у адрозненне ад некаторых нашых суседзяў, мы лічым сваім нацыянальным здабыткам не толькі пэўныя перыяды гісторыі, а ўвесь шлях, пройдзены нацыяй за стагоддзі.

Музей у Чашніках зроблены не столькі для турыстаў, колькі “для сваіх”. Для музейшчыкаў за кожным артэфактам — гісторыя канкрэтнай асобы, мясцовага жыхара, у чыім жыццяпісе ўвасобілася гісторыя краю. Музей называецца гістарычным, але выконвае функцыі і мастацкага збору. Калекцыя работ мастакоў горада і раёна для супрацоўнікаў, мне падалося, з’яўляецца прадметам асаблівай гордасці. За кожнай карцінай ці скульптурай для іх, як і ў выпадку з выключна музейнымі артэфактамі, стаіць знаёмы чалавек, чыё жыццё і творчасць яны маглі назіраць не адно дзесяцігоддзе. Пераважаюць у работах мясцовых самадзейнікаў этнаграфічныя матывы.

Прадметная этнаграфія тут глядзіцца можа не так эфектна, як у музеях, якія знаходзяцца бліжэй да турыстычных маршрутаў, адпаведна — маюць іншае фінансаванне, могуць дазволіць сабе інтэрактыў і сучаснае выставачнае абсталяванне. Але, на дзіва, пакідае лепшае ўражанне, чым аналагічныя экспанаты ў музеях больш высокага рангу з ухілам у “хайтэк”. Справа ў тым, што ў дадзеным выпадку сціплыя экспазіцыйныя магчымасці пасуюць сціпламу побыту сялянскай хаты. Адпаведна ўспрымаюцца для кантэксту не чужароднымі, а цалкам натуральнымі. На маю думку, гэта больш пасуе базавым прынцыпам музейнай дзейнасці, чым тэндэнцыя ператварэння музеяў у падабенства тэатра, дзе замест экспаната ў вітрыне пад шклом гледачу дэманструюць лазернае шоу на тэму той ці іншай рэчы або з’явы.

Я не хацеў бы, каб маё меркаванне разглядалася як прапанова скараціць фінансаванне музейнай справы. Маўляў, калі аўтэнтыка — базавы прынцып, дык можна абысціся без тых жа камп’ютараў і новых тэхналогій. Фінансавання Чашніцкаму музею як раз відавочна не стае. А хацелася б большай прыцягальнасці малюнкаў на музейных стэндах, тлумачальных надпісаў, не стае шкляных вітрын — традыцыйнага атрыбута музея. Можна, зрэшты, назваць шмат дробязей, якія, тым не менш, псуюць уражанне ад экспазіцыі.

Ды ўяўляючы, у якіх варунках робяць сваю справу чашніцкія музейшчыкі, я згадваю словы героя вядомага кінафільма: “Я кожны дзень хаджу на працу… Гэта, зразумела, не подзвіг, але ў гэтым ёсць нешта гераічнае”. Для работніка, бадай, галоўнае — адчуваць сваю запатрабаванасць. У музея, як, дарэчы, у якой заўгодна культурнай установы любога раёна, праблем хапае. Экспазіцыя была б лепшай, каб былі грошы на якасны дызайн-праект і папаўненне фондаў. А праз гэта, неўзабаве, павялічвалася б колькасць наведвальнікаў, з’явілася б магчымасць рэалізоўваць і крэатыўныя праекты, бо пра ўстанову пайшла б пагалоска. Але паколькі сёння перажываем у эканамічным сэнсе не лепшыя часы, гэта непазбежна адбіваецца і на стане культурных устаноў. Быў выпадак у адным раёне, калі ад аднаго з тых, хто прымае рашэнні на мясцовым узроўні, работнікі культуры пачулі: “Калі ваш музей закрыць, ніхто і не заўважыць ягонай адсутнасці”. Маўляў, не лезьце з просьбамі, не перашкаджайце працаваць. Расказвалі мне пра гэта са смехам, але было не смешна…

Зрэшты, вернемся да выставы. Канешне, у Чашніках розгалас і эфект ад экспазіцыі будзе не той, што мог бы атрымацца ў сталіцы. Але ў доўгатэрміновай перспектыве плён мусіць быць большым. Людзям у Чашніках нагадалі, што іх мясціны праз творчасць знакамітага мастака занатаваныя ў гісторыі нацыянальнага мастацтва. Калі гэта замацоўваецца ў свядомасці, людзі і на ўласную хату пачынаюць іншымі вачыма глядзець… Так што савецкая практыка творчых камандзіровак была зусім не кепскай дзеля выхавання мясцовага патрыятызму.

Мінск — Чашнікі — Мінск

Фота аўтара і прадастаўленыя Аксанай АРАКЧЭЕВАЙ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"