Фестывалю не будзе. А чаму?

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

У Беларусі праводзіць культурнае мерапрыемства сёння нашмат больш складана, чым год ці два таму. Наведвальнікаў значна менш, сродкаў — таксама небагата як у патэнцыйных гледачоў, так і ў ініцыятараў падзеі, а ладзіць, напрыклад, нейкі фестываль ці імпрэзу па прынцыпе “цяп-ляп — і гатова”, асабліва калі раней адзначаўся высокі арганізацыйны ўзровень, нікому, натуральна, не хочацца.

/i/content/pi/cult/588/13048/4-22.jpgВось і даводзіцца з гэтых прычын — у першую чаргу, натуральна, фінансавых, — фестывалі сёлета ўвогуле… не рабіць ці пераносіць на наступныя, больш “тлустыя”, гады. Як згадваў, не адбудзецца ў 2016-м фестываль “Беларускія фанфары”, што традыцыйна ладзіўся ў маі ў Баранавічах: мерапрыемства, як паведамілі арганізатары, запланавана правесці налета. Але гэта толькі вяршыня айсберга.

Фінансавыя праблемы сёння адчуваюць не толькі раённыя ці абласныя фестывалі, “дакаціліся” яны і да маштабных міжнародных форумаў. Гаворка пра Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Magnificat”, які стала ладзіўся ў Мінску і Глыбокім. Названы фэст набыў размах і розгалас: за 11 гадоў на ім прадэманстравалі больш за 300 фільмаў з 42 краін свету. Але сёлета названага кінафоруму ў Беларусі не будзе.

Як распавёў прэсе дырэктар фэсту, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” рэжысёр Юрый Гарулёў, з моманту стварэння фэст існаваў пераважна за кошт падтрымкі каталіцкіх фондаў, якія ў апошнія гады адмаўляюцца ад далейшага супрацоўніцтва. Нягледзячы на гэта, Юрый Гарулёў верыць: фестываль зможа працягнуць сваё жыццё і без згаданай фінансавай падтрымкі, дзякуючы ахвяраванням хрысціян. “З дазволу Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў два разы на год у парафіях маглі б збірацца ахвяраванні на ўтрыманне фестывалю. Але, як паказвае практыка, сёння не ўсе ведаюць, што такое “Magnificat”, таму 2016-ы аргкамітэт вырашыў скарыстаць для “Рэха Магніфікату” — паказаў стужак фэсту розных гадоў у парафіях краіны”.

Таксама ў маі не адбыўся яшчэ шэраг фестываляў. Напрыклад, жыхары Пінска Брэсцкай вобласці не дачакаліся другога па ліку “Color Festival”, які меркавалася зладзіць у мінулую суботу. Праўда, прычына тут крыху іншая, не фінансавая. Як паведамілі ў гарвыканкаме, арганізоўваць фэст узяліся жыхары горада, якія аказаліся не падрыхтаванымі да правядзення масавага мерапрыемства. Толькі пры ўмове выпраўлення імі ўсіх выяўленых недахопаў фестываль у Пінску адбудзецца. Але, вядома ж, у іншы час… Да слова, такі ж фестываль фарбаў “Holi” не адбыўся ў Лідзе, што на Гродзеншчыне, і таксама па віне арганізатараў. Справа ў тым, што фэст планавалася зладзіць у Дзень Перамогі, на што, скажам так, не зусім пазітыўна адгукнуліся многія жыхары горада. Так што забрудзіць адзенне фарбай можна будзе ў Лідзе ў чэрвені.

Але вярнуся менавіта да фінансавых праблем. Бо як ні круці, а грошай цяпер сапраўды не густа, і з-за гэтага пакутуюць не толькі арганізатары фестываляў, але і ўстановы культуры краіны. Напрыклад, Музей гарадскога побыту і гісторыі Гродна Януша Паруліса шукае інвестараў для працягу дзейнасці. Прыватны музей наведвае не так шмат людзей, і паўстае пытанне пра закрыццё цікавай установы. А тут ёсць на што паглядзець: гаспадар музея сабраў у сваім доме цікавую калекцыю самых розных самабытных рэчаў, якія здзівяць любога дасведчанага калекцыянера і аматара мінуўшчыны.

Выйсце з праблемнага кола, мяркую, можа быць адно: рэкламаваць сябе на бясплатных платформах і зарабляць усімі спосабамі. Так, дарэчы, і робяць культработнікі многіх раёнаў. Як паведаміла “К” намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Калінкавіцкага райвыканкама Іна Губар, у краязнаўчым музеі нядаўна распрацавалі цікавы турмаршрут, дзякуючы якому ў скарбонку платных паслуг музейшчыкі плануюць пакласці да 36 мільёнаў цягам года. Маршрут распачнецца з экскурсіі па ўстанове, дзе можна ўбачыць, скажам, бівень маманта, потым наведвальнікі завітаюць у "сталіцу" беларускага гумару Аўцюкі, пабываюць на стаянцы першабытнага чалавека і ў былым калегіуме іезуітаў у Юравічах, наведаюць крыніцу ў вёсцы Пеніца, а таксама ўбачаць рэканструкцыю партызанскай стаянкі ў вёсцы Гулевічы.

І гэта яшчэ не ўсё. Па словах Іны Губар, нядаўна ў Калінкавічах, на першым паверсе мясцовага раённага Цэнтра вольнага часу, адкрылася кафэ сямейнага адпачынку. У ім мясцовыя культработнікі плануюць рабіць цікавыя дзіцячыя забаўляльныя праграмы з удзелам клоўнаў і роставых лялек. Папярэднія разлікі паказваюць, што пры ўмове правядзення двух такіх мерапрыемстваў на тыдзень установа культуры за год можа зарабіць да 50 мільёнаў рублёў цягам года. Гэта, фактычна, 10 % да плана платных паслуг установы культуры. Што і казаць, планы ў культработнікаў Калінкавіччыны — амбіцыйныя. Але, як вядома, хто не рызыкуе…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"