Палацы… у макетах

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

Днямі ў сталічнай гімназіі № 75 імя Паўла Масленікава адбылася абарона дыпломных работ навучэнцаў установы адукацыі. Шараговая, на першы погляд, акцыя, прыцягнула ўвагу журналістаў з адной прычыны: у якасці дыпломаў вучні прэзентавалі макеты архітэктурных “перлін” Беларусі.

/i/content/pi/cult/588/13047/13-1.jpgПа словах педагога гімназіі Таццяны Вайценка, работы вучняў, зробленыя пад яе кіраўніцтвам, выкананы ў рамках дабрачыннага праекта “Нам засталася спадчына”.

— Названы праект праводзіцца ў нас ужо больш за 10 гадоў, — адзначыла Таццяна Васільеўна. — Сутнасць акцыі ў тым, што навучэнцы выбіраюць тыя ці іншыя сядзібы, палацы, помнікі архітэктуры — нават ужо зніклыя, — на тэрыторыі Беларусі і ствараюць цягам года паводле архіўных, гістарычных і сваіх палявых даследаванняў макеты гэтых старадаўніх будынкаў. Пасля абароны дыплома, макеты на бязвыплатнай аснове перадаюцца ў тыя раёны, дзе знаходзіцца аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны. Думаю, не памылюся, калі скажу, што работы нашых выпускнікоў спрыяюць большай вядомасці архітэктурных цікавостак Беларусі як сярод мясцовых жыхароў, так і між айчынных ці замежных турыстаў.

За час дзеяння дабрачыннага праекта ў раённыя музеі былі перададзены макеты Быхаўскіх замка і сінагогі на Магілёўшчыне, палаца Манюшка-Ваньковічаў у Смілавічах Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці, сядзібы Храптовічаў у Шчорсах Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці і многія іншыя.

Сёння гэта традыцыя была працягнута. Так, выпускніца гімназіі Аляксандра Гаравая перадала ў дар Іўеўскаму музею нацыянальных культур макет сядзібы Умястоўскіх, што месціцца ў вёсцы Жамыслаўль гэтага раёна. Валерыя Каплунова, якая стварыла макет-рэканструкцыю сядзібна-паркавага комплексу Пузынаў у вёсцы Грамяча Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці, падаравала сваю працу прадстаўнікам мясцовай улады.

Сваё пачэснае месца ў раённых краязнаўчых музеях зоймуць макеты сядзіб Дуніных-Раецкіх з Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці і Эдварда Вайніловіча з вёскі Савічы Капыльскага раёна Мінскай вобласці, якія зрабілі Марыя Капарыха і Настасся Вайценка адпаведна. Акрамя таго, варта згадаць і пра макет Свята-Троіцкай царквы з той жа вёскі Савічы Капыльскага раёна, прадстаўлены на абароне аўтарам — навучэнкай гімназіі Варварай Карзюк.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"