Квэсты і “кааперацыі”

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

Як вядома, на мінулым тыдні адбылася Міжнародная акцыя “Ноч музеяў”. У сувязі з гэтым карэспандэнт “К” вырашыла наведаць музей Маладзечна — Культурнай сталіцы Беларусі-2016. Дык як правёў акцыю Мінскі абласны краязнаўчы музей?

/i/content/pi/cult/588/13046/12-2.jpg

Кампазіцыі Агінскага выконвае Руслан Апановіч.

Яшчэ перад мерапрыемствам намеснік дырэктара Наталля Палтавец распавяла, што музей знаходзіцца ў шчыльным кантакце з навучальнымі ўстановамі. Выкладчыкі гісторыі праз прадметы культуры побыту, напрыклад, гаршкі шнуравой або штрыхаванай керамікі археалагічных культур, этнавызначальныя ўпрыгожанні, грэбні, бранзалеты ды іншыя вырабы паказваюць развіццё мастацтва ад старажытнасці да сучаснасці. Нядаўна навучэнцы адной з гарадскіх гімназій “замацоўвалі” пройдзены матэрыял — прыйшлі на тэматычную экскурсію.

Музей вырашыў гэтую “Ноч…” правесці ўвечары 20 мая, маўляў, на выхадныя жыхары звычайна з’язджаюць. Але, на жаль, у пятніцу прыйшлі збольшага запрошаныя навучэнцы з Маладзечненскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа і гімназіі № 10.

Сталічныя музеі што толькі не прыдумляюць, каб “заманіць” наведвальніка ў рамках акцыі: інтэрактыўныя праекты, майстар-класы, прэзентацыі дызайнерскага адзення, відэапаказы спектакляў, перформансы, акцыі…

У праграме ж Мінскага краязнаўчага музея — дзесьці 15-хвілінная лекцыя па гісторыі Маладзечна, квэст, выступленне Мінскага абласнога тэатра лялек “Батлейка”. Пасля лекцыі Наталлі Палтавец навучэнцы каледжа прыступілі да разгадвання нескладаных пытанняў, датычных экспазіцый музея. На “жывым” прыкладзе зразумела, квэст па музеі — добры спосаб “замацаваць” праслуханы матэрыял. Праз некалькі гадзін прыйшлі вучні гімназіі. Усё праводзілася па той жа схеме, але гэтым разам падчас лекцыі гімназісты паслухалі кампазіцыі Міхала Клеафаса Агінскага, якія выконваў на нямецкім піяніна ХІХ стагоддзя выпускнік аспірантуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Руслан Апановіч.

Напрыканцы “Ночы…” лялечны тэатр “Батлейка” паказаў, па словах вядучага майстра сцэны Таццяны Чаеўскай, “візітоўку” тэатра — “Казкі з куфэрка”, асаблівасць якой — у жывой агучцы вядучым майстрам сцэны, музыкантам Уладзімірам Владыка.

Задаюся пытаннем: для каго праводзяцца мерапрыемствы? Каб не дамова з навучальнымі ўстановамі, як прайшла б акцыя?.. Гэта праблема тычыцца многіх музеяў, калі не ўсіх, асабліва абласных і раённых. Чаму музей павінен, скажам, на другі план адсоўваць свае галоўныя функцыі — пошук, даследаванне, захаванне каштоўных рэчаў на карысць “забавам”, што пасуюць іншым ўстановам? Добра, калі музеі час ад часу праводзяць майстар-класы, квэсты, паказы фільмаў, тэатралізаваныя прадстаўленні, сустрэчы з творцамі — тое, што мае адукацыйны ўхіл. Але, як мне падаецца, і гэта ў хуткім часе надакучыць моладзі — балазе, інфармацыйнае грамадства трансфармуецца вокамгненна. Ці дапаможа “ўвядзенне” ў музейны кантэкст розных відаў мастацтва? Наталля Палтавец прывяла прыклад: два гады таму ў музеі прайшоў творчы вечар пісьменніцы Ірыны Шатыронак. Але мая візаві адзначыла, што музею не хочацца “спарбонічаць” з бібліятэкай або музычным каледжам, у якіх праводзяцца паэтычныя і музычныя вечары на высокім узроўні. Урэшце, для разнастайнасці варта працягваць ухіл на тэатралізаваныя прадстаўленні, балазе музей шчыльна “кааперуецца” з той жа “Батлейкай” і Мінскім абласным драматычным тэатрам. І апошняе. Не кожнаму музейнаму супрацоўніку лёгка даецца падрыхтоўка і правядзенне масавых мерапрыемстваў, таму характар, тэмперамент, здольнасці супрацоўнікаў таксама нельга не ўлічваць.

Дадам некалькі слоў аб экспазіцыях музея. Як на маю думку, музейная прастора ўдала падзелена, і “сведкамі” эпохі з’яўляюцца не толькі археалагічныя знаходкі, але і работы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, жывапіс, дакументы, іншыя рэчы. Таму ўсе гэтыя дэталі, звязаныя часам, месцам, прасторай, даюць наведвальнікам цэласнае ўяўленне пра пэўны перыяд і “не перагружаюць” яго. А вось экспазіцыі па савецкім і сучасным адрэзках часу пакуль што няма. Таму прастора для развіцця ідэі дастатковая.

Мінск — Маладзечна — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст