Тупік ці выйсце?

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

“Ctrl + C” і смачная “жывёлінка”
У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі праходзіць сумесная выстава іспанскага мастака Дуйліа дэ Хенара і беларуса Сяргея Парцянкова. Іспанскі творца — жывапісец. А калі свядома атаясамліваць паняцці “скульптура” і “пластыка”, дык нашага можна лічыць скульптарам. Дуйліа дэ Хенара вядомы ў сваёй краіне як інтэрпрэтатар творчасці Пікаса, Мадзільяні, Маціса, Бэкана, Веласкеса. Сяргей Парцянкоў сапраўды “прачнуўся знакамітым” пасля таго, як удзел у экспазіцыі “Art Capital” у парыжскім “Гран Пале” прынёс яму прэмію Тэйлара.

/i/content/pi/cult/588/13044/8-2.jpgТупік ці выйсце?

Можна даволі крытычна ставіцца да спробаў таго ці іншага мастака наладзіць падабенства дыялогу з класікам, стварыць свае версіі кананізаваных геніямі сюжэтаў і вобразаў, але гэта было, ёсць і будзе. Яшчэ імпрэсіяністы, прапануючы публіцы новую жывапісную стылістыку, скарыстоўвалі сюжэты, якія ў кожнага больш-менш дасведчанага ў гісторыі мастацтва гледача выклікалі асацыяцыі са знакавымі творамі сусветнай класікі. Гэта, калі хочаце, выдатны маркетынгавы ход: даць спажыўцу ў чымсьці інавацыйную ці нават рэвалюцыйную ідэю ў падкрэслена “кансерватыўнай” абгортцы (калі толькі вечнае/адвечнае можа быць кансерватыўным) — каб успрыняў навізну без агрэсіі.

Для даведкі: Пікаса ў свой час добра “патаптаўся” па Веласкесе — згадайце ягоныя фантазіі паводле “Менін”. Ды што імпрэсіяністы, славутая скульптура Веры Мухінай “Рабочы і калгасніца” мае кампазіцыйным аналагам добра вядомы твор антычнага мастацтва. А тое, як пераасэнсоўваў сусветную класіку Сальвадор Далі — увогуле вышэйшы інтэлектуальны пілатаж.

Так што Дуйліа дэ Хенара “амерык не адкрывае”, хаця для беларускай публікі, якая не сказаць каб разбэшчаная выстаўкамі сучаснага заходняга мастацтва, творчасць згаданага творцы можа ўяўляць цікавасць. Я ж не стану ацэньваць карціны іспанскага жывапісца паводле ўласнай шкалы каштоўнасцей. Ужо тое, што ягоныя работы маюць попыт у калекцыянераў і прывабліваюць мастацкіх крытыкаў, сведчыць аб запатрабаванасці такога бачання рэчаіснасці. Гэта таксама знак важнай ролі, якую адыгрывае нацыянальная і еўрапейская мастацкія традыцыі ў культуры сучаснай Іспаніі і свядомасці іспанцаў.

Жывапісец класічнай школы скажа, што карціны Дуйліа дэ Хенара гэта і не карціны нават, а дэкаратыўныя пано для сучасных інтэр’ераў у стылі мінімалізму. І тое не будзе памылкаю. Тут замест прасторавай пабудовы плоскасцевая, замест мадэлявання формы  — расфарбоўка, лакальны, без адценняў, колер. Ды яшчэ контурная лінія, што нагадвае дрот. Гэтымі ашчаднымі сродкамі мастак стварае свой свет… Праўда, пытанне паўстае: ці насамрэч ягоны гэта свет, ці сваё, уласнае, мастак прадстаўляе на суд грамады? Мне падаецца, што ягоная творчасць блізкая папулярнай філасофскай канцэпцыі, паводле якой сусветная цывілізацыя ў духоўнай сферы дасягнула вяршыні — а значыць, нам не застаецца нічога іншага, як спускацца долу. Культура ў такім кантэксце трактуецца не як фронцір — рухомая граніца паміж засвоеным і невядомым, а як музей старажытнасцяў, для функцыянавання якога патрэбны не творца-наватар, але рэстаўратар-захавальнік і гід-папулярызатар. Для мастацтва, нібыта, актуальныя не пошук новага, не адкрыццё новых даляглядаў, але папулярызацыя ўжо створанага, адаптацыя дасягненняў мінулых эпох да інтэлекту і менталітэту сучасніка. Прычым адаптацыя на справе часта азначае спрошчанасць і маргіналізацыю. Такія думкі выклікаюць карціны Дуйліа дэ Хенара ў мяне. Хтосьці, наадварот, можа палічыць, што гэта не тупік, а выйсце.

У падобным святле бачыцца мне і Сяргей Парцянкоў з ягонымі монстрамі і манстранятамі. Трактаваць ягоную творчасць можна і як перспектыўную з’яву, і як шлях у нікуды. Паводле “Бібліі” Бог стварыў чалавека з праху, а спадар Сяргей робіць сваіх звяроў са смецця. Металічнага. Абодва мастакі скарыстоўвалі ў якасці зыходнага матэрыялу тое, што ў дадзены момант было пад рукамі. Калі гэта не падпарадкаванне абставінам, а свядомы выбар — дык варта казаць пра канцэптуальнасць і сацыяльна-культурную абумоўленасць. На прыкладзе Сяргея Парцянкова відаць, як захапленне на ўзроўні мастацкай ці тэхнічнай самадзейнасці можа стаць прафесіяй і нават атрымаць нацыянальны і міжнародны розгалас. Экспазіцыі арт-аб’ектаў з металічнага смецця сёння можна пабачыць на розных мастацкіх фэстах, гэта “тэхніка” стала вельмі прывабнай як для прафесійных скульптараў, так і для амбіцыйных дылетантаў. Не заўважаць з’яву скрап-арту ўжо немагчыма, але і матэрыялу для грунтоўнага аналізу відавочна не стае. Большасць з твораў гэтага кірунку, што я бачыў у выставачных залах і на мінскіх газонах, уяўляюцца мне суцэльнай імправізацыяй. Яны не служаць выяўленню ідэі, усталяванню эстэтычных прынцыпаў. Што ж да арт-аб’ектаў Сяргея Парцянкова, дык за імі стаіць не адзін год вопыту, стылёвых і тэхнічных напрацовак, так што элемент выпадковасці тут значна меншы, чым у іншых мастакоў і самадзейнікаў гэтага кірунку.

З супастаўлення іспанскага жывапісца і беларускага майстра арт- аб’ектаў у адной экспазіцыі можна было б зрабіць выснову, што традыцыйнае мастацтва перажывае крызіс, на тле якога нараджаецца мастацтва новае і, як належыць немаўляці, не вельмі пакуль канкрэтнае. Мяркуючы па рэакцыі гледачоў, з якімі я меў магчымасць пагутарыць на выставе, многія былі здзіўленыя, што такія работы экспануюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, дзе захоўваюцца творы, каштоўнасць якіх вывераная часам. Відаць, згаданым мастакам больш пасавала б прастора Цэнтра сучасных мастацтваў.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ


“Ctrl + C” і смачная  “жывёлінка”

Дуйліа дэ Хенара і Сяргей Парцянкоў — ці суседнічаюць гэтыя творцы ў адной зале? І ці можна прадстаўленыя работы лічыць сапраўдным мастацтвам?

Работы Сяргея Парцянкова, зробленыя з дэталяў машын ды механізмаў, нагадваюць фантастычных кузурак (і не толькі), іх можна лічыць дызайнерскімі вырабамі, канструкцыямі. Яны, на маю думку, пасуюць для больш “гнуткіх”, “рухомых” сучасных прастор, якія заўсёды адкрытыя для новых практык. Нацыянальны мастацкі музей мае ўсё ж такі больш-менш класічны кірунак, таму канструкцыі гамельчаніна Сяргея Парцянкова, хоць і знаходзяцца ў зале сучанага мастацтва, але ўсё роўна выглядаюць там, прынамсі, неадназначна. Ці з’яўляюцца гэтыя металічныя канструкцыі сапраўдным мастацтвам? Мо проста хобі? Але ж тут відавочна, што скульптар прадумваў усё да дробязей: ад ідэі да тэхнічнай працы. Але дзеля чаго яны зроблены? Дзе іх можна выставіць акрамя музейнай прасторы?

Падчас разваг над тым, якую ролю выконваюць карціны іспанскага мастака, і таго, як прадстаўленае ўвогуле звязана, да мяне падышла жанчына (як высветлілася падчас размовы — дызайнер упрыгожванняў). Яе першая рэпліка да мяне і, як, магчыма, адухоўленага твора “Той, хто бяжыць”: “Якая смачная звярушка!”. Я, канешне, са здзіўленнем адрэагавала на выказванне. І пытаюся: “Дзе яе можна паставіць?” Мая суразмоўца ўжо ўявіла, як невядомая “звярушка” знаходзіцца ў кватэры, і на яе падае сонечнае святло… Як па-рознаму можа ўспрымацца… І потым жанчына прыйшла да выніку, што металічныя работы будуць добра выглядаць менавіта ў кватэры: яны незвычайныя і не змогуць надакучыць. Не ведаю, ці зможа такая істота “прыжыцца” ў ёй...

Канструкцыі Сяргея Парцянкова і жывапісныя палотны Дуйліа дэ Хенара абсалютна розныя (па ідэі, характары), разам яны не спалучаюцца. Прадстаўлены жывапіс  — не адсылкі да карцін Пабла Пікаса, Дыега Веласкеса, Амадэа Мадзільяні, а копіі. І мастацтва, умоўна кажучы, “Ctrl + C Ctrl + V” доўга не пражыве.

Вольга РОПАТ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"
Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст