Аўдыя-відэа-26

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

Красавіцкія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць спявак Аляксандр ПАТЛІС (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/588/13043/8-1.jpgАўдыя

Гурт “TonqiXod”, міні-альбом “Лямант, хаос і вэрхал”

А.: Моцны склад у каманды: добрыя інструменталісты, якія шукаюць цікавыя формы самавыяўлення ў музыцы. Адчуваецца праца над пошукам гуку. І ўсё ж мне не хапіла... песні, звыклай вуху сярэднестатыстычнага меламана, якую можна проста сыграць ды праспяваць пад гітару, дзе няма нічога лішняга ды... “прыдуманага”. Зрэшты, такія... дапаўненні агульнага нядрэннага ўражання ад матэрыялу не псуюць. Хлопцы, што называецца, “джазуюць”! Няхай у іх жыцці і будзе “поўны джаз”!

В.: Той, хто ў музыцы аддае перавагу не толькі стройным песенным або інструментальным структурам, ад гэтага рэлізу, вядома, кайф адчуе. Арт/псіхадэлік-рок — ламаны, вуглаваты, але пры гэтым усё вельмі гарманічна, цэласна, прадумана ды хвацка выканана. А калі яшчэ ў будучыні калектыў замахнуўся б на пару-тройку хітоў, не папсова прамалінейных, а такіх жа складанаарганізаваных, то вынік мог бы атрымацца вельмі цікавым: здаецца мне, што музыканты здольныя на гэты подзвіг... Наогул, гэтая каманда мне бачыцца на вялікай сцэне, з морам святла, апаратуры ды крыштальна чыстым гукам, які пранікае ў слухача з усіх бакоў.

Гурт “Sounduk”, альбом “Сом”

A.: Мне вельмі спадабаўся гэты альбом. Добры запіс, інструменты, як кажуць, гучаць: што гітары і барабаны, што “пачуццёвая” віяланчэль. Вельмі “паветраная” музыка, атмасферная, у аранжыроўках няма нічога лішняга. Кранальная выдатная лірыка, тэксты не выдуманыя, а народжаныя ўбачаным, пачутым, перажытым. Я веру гэтым артыстам, кожнаму іх трэку, кожнаму слову, эмоцыі, мелізму. Рэліз хочацца слухаць ад песні да песні. Майстэрства, цэласнаць, мастацтва, шчырасць. Альбом рэкамендую да праслухоўвання і музыкантам. Ім будзе чаму павучыцца, што ўзяць на творчае ўзбраенне.

B.: 16 трэкаў склалі новую, двухдыскавую работу гурта, 8 з якіх — на беларускай мове, астатнія — на рускай. Чым далей, тым глыбей лідар калектыву Ганна Хітрык занурваецца ў свой унутраны свет. У прынцыпе, уся музычная творчасць Хітрык — падарожжа па закутках душы, з якіх спявачка часам выпраўляецца ў госці да каго-небудзь ці куды-небудзь. Але ў “Соме” публічная адзiнота выказана найбольш выразна (асабліва ў рускамоўнай частцы). І чым далей, тым беспрычыннай ды прычыннай весялосці ў песнях Ганны становіцца ўсё менш, праўда, і самаедства, адчаю ў іх зараз амаль няма, як быццам Хітрык вызначылася з тым, што жыццё наша — у тым ліку ёсць і ланцужок пакутаў. Трэба жыць, радавацца добраму ды рабіць дабро, праз тое, уласна, кампакт аптымістычны — беларускамоўны.

Гурт “Ойра!”, альбом “Бог любіць троіцу”

A.: Весела, зухавата, забойна, месцамі пазітыўна. Словам, фестывальную публіку гурт узрушыць можа спакойна. Музыка таго настрою, калі проста хочацца пакаўбасiцца, пакуражыцца над рэчаіснасцю. Нармальныя тэксты (не заўсёды, праўда, бо тэксты ў песнях павінны несці глыбокую сэнсавую нагрузку, ці не так?..), якія перадаюць пэўныя жаданні, вельмі... мужчынскія часам, хм, пацанскія. Напэўна, у каманды ёсць свая аўдыторыя, і альбом гэты яе не расчаруе. Малайцы, “Ойра!” Рухайцеся далей!

B.: Пачынаўся гэты рагачоўскi гурт пад назвай “Sex”, таму вельмі хутка наклікаў на сябе разнастайныя непрыемнасці. Жадаючы тварыць і надалей, разважліва змяніў “шыльду” на “Ойра!”. Але не найменне галоўнае: па гуку ў каманды — ураганны альтэрнатыўны рок, як быццам інструменталісты бэнда задаліся мэтай узняць па самае «не магу» партыі сваіх барабанаў з гітарамі, што імі і дасягаецца ў трэках хуткіх ды рэзкіх. У павольных дарожках таксама ўсё ў норме. У тэкстах калектыў кідаецца ад сацыяльшчыны ды філасофствавання да любоўнай лірыкі і нейкіх побытавых замалёвак. У выніку прадукт атрымаўся арганічным, змястоўным, вясёлым ды задуменным. Яшчэ выкінуць бы з рэлізу неабавязковыя жарганізмы (іх мала, але...) ды абсалютна “левы” трэк “Каханне неацэннае” (відаць, набалела) і пласцінка ўдалася б зусім. Напэўна, спецыяльна для Ірыны Алегравай ансамбль запiсаў кавер-версію нятленкі “Малодшы лейтэнант”.

Відэа

Гурт “Radio Slam”, кліп на песню “Keep on Running”

А.: Хацелася б ад гэтага кліпа большага. Ідэя яго заключаецца, магчыма, у супрацьпастаўленні карцінкі (у дадзеным выпадку... ліфта як абмежаванай прасторы) і зместу песні (бунтарскага, праз самавыяўленне ды свабоду, пошуку сябе, пра жаданне жыць, не азіраючыся на абставіны і не мірачыся з імі). Выдатна, вядома, але вось гэтая беднасць візуальная, аднолькавасць кадраў ніяк не дае душы разгарнуцца. Можа, трэба было больш са святлом і ценямі паэксперыментаваць? Сама ж песня досыць нядрэнная, прынамсі, пасля некалькіх праслухоўванняў прыпеў у галаве “круціцца” (адзначу цалкам прадзюсарскі падыход да кампазіцыі: пачалася яна менавіта з яго). Агульны саўнд — брытанскі, глейкі, “брудны”, натуральна, з драйвовымі гітарамі. У добрым сэнсе трэк нагадаў мне гурт “Oasis”.

В.: “Radio Slam” — гэта гурт былога бубнача ды лідар-вакаліста “The Toobes” Стаса Ламакіна. Высокамастацкага кліпа не бачым: на “карцінцы” з візуальнымі эфектамі ўдзельнікі каманды выконваюць песню, знаходзячыся ў замкнёнай прасторы грузавога ліфта. Сам трэк добры, у меру агрэсіўны, меладычны. Да “тубсаў” я меў адносіны далікатныя ды шчырыя, спадзеючыся, што хлопцы дададуць-такі шоргату ў застоеным свеце заходняй альтэрнатывы. Але чамусьці да таго не дайшло. Можа, з новым праектам (праўда, базуецца ён у Польшчы) харызматыку Ламакіну — чалавеку таленавітаму ды клапатліваму — атрымаецца патрэсці асновы тамтэйшага рок-шоу-бізнесу?

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"