Моцная кава для Летняга амфітэатра

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

Складнікі творчай справаздачы Віцебшчыны
20 мая ў Віцебску прайшоў гала-канцэрт лепшых самадзейных калектываў вобласці. Гэта было самае буйное мерапрыемства Летняга амфітэатра пасля зімы. А распачаў сезон Першы міжнародны фестываль патрыятычнай песні “Салдаты Айчыны”. Ды самай маштабнай за вясну стала менавіта творчая справаздача. Як кубачак моцнай кавы пасля зімовага сну. Прынамсі, выніковы эфект бадзёрасці і радасці ад канцэрту быў менавіта такім. Нават нягледзячы на дажджлівае і халоднае надвор’е.

/i/content/pi/cult/588/13042/6-1.jpgЭфект сцэны

Хтосьці скажа: у антуражы супертэхнічнага Амфітэатра любое мерапрыемства зайграе гукамі і фарбамі. Вывад, на мой погляд, паспешлівы. Эфект Амфітэатра ў тым і выяўляецца, што адна з прэстыжных сцэн краіны, як павелічальнае шкло, імгненна пакажа і дадатныя перавагі, і любы фальш рэжысуры/выканання, тым больш — самадзейнага… Фальшу не было. Я далёкі ад наіўных захапленняў, але ўразіла яшчэ вось што. Трохэтапны адбор, які цягнуўся з пачатку года, сабраў не толькі народныя і ўзорныя калектывы Віцебшчыны.

Як потым зазначыць ва ўступным слове старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, у гала-канцэрце прынялі ўдзел больш за 1 300 самадзейных выканаўцаў, асобныя з якіх упершыню выступілі на такой значнай пляцоўцы. Факт варты ўвагі. Цягам дзвюх гадзін хтосьці з артыстаў канчаткова паверыў у свае сілы, узняўся на чарговую творчую прыступку, адчуў, што такое працаваць у адной звязцы з сотняй калег… Сцэна выхоўвае не толькі гледачоў.

І яшчэ адзін доказ унікальнасці і знакавасці мерапрыемства. У Амфітэатры тым вечарам сабраліся не толькі артысты, але і прадстаўнікі раённых уладаў. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дубровеншчыны Людміла Дударава, напрыклад, распавяла: “Прыехалі нават гледачы з нашага раёна”.

Выніковасць рэжысуры і...

Так, на сцэне іншым разам выступала да сотні самадзейных артыстаў. І не толькі на сцэне. Удзельнікі зводнага хору (з дванаццаці калектываў Віцебшчыны) спявалі нават у праходах глядзельнай залы. Артысты фальклорнага блоку ці дзіцячыя калектывы так шчыльна запаўнялі сцэну, так імкліва змянялі адзін аднаго, што сцэна нагадвала мільгаценне рознакаляровых шкельцаў у калейдаскопе. Аднак мільгаценне было ўпарадкаваным. Цэнтр заставаўся выразным, перыферыя — больш сцішанай. Вынік скрупулёзнай ды выверанай рэжысуры? Так.

Рэпетыцыі доўжыліся зранку. Нават далёка ад Амфітэатра быў чутны ўзмоцнены дынамікамі голас намесніка гендырэктара Цэнтра культуры “Віцебск” па спецыяльных праектах Марыны Раманоўскай. Рэжысура свята — менавіта спецпраект. Таму Марына Генадзьеўна (з некалькімі памагатымі) і дзяцей, і дарослых ганяла без стомы. Цяжка было зрабіць яе фотапартрэт, бо рэжысёр знаходзілася амаль адначасова і ў зале, і на сцэне. А цяпер яшчэ адно дзіва. На рэпетыцыю зладжанасці зводных калектываў было затрачана менш за дзень. Ці магчыма гэта? Здаецца, што не. А так і ёсць.

Сітуацыю патлумачыла мне начальнік аддзела культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Галіна Баркевіч. Спеўнасць хароў “прарасла” з харавой асамблеі, якой славіцца адзін з самых старых фестываляў ”Браслаўскія зарніцы”. А еднасць фальклорных гуртоў тлумачыцца тым, што танцавальнай, спеўнай, рамесніцкай ды кулінарнай традыцыі Віцебшчына пачала надаваць узмоцненую ўвагу ці не першай на Беларусі. Як тут не згадаць крэатыўнасць і дальнабачнасць колішняга начальніка ўпраўлення культуры Мікалая Пашынскага! Спяваць і танцаваць разам вобласць пачала даўно. У гэтым, на мой погляд, адна з галоўных пераваг творчай Віцебшчыны. І вільготная сцэна не была перашкодай, каб давесці мастацкую задуму гледачам.

Яркасць розных жанраў

Нумары былі на любы густ. Класічны спеў і акадэмічнае выкананне музыкі, цыркавая феерыя і фальклорная прыпеўка, эстрадны вакал і харэаграфія, традыцыйны беларускі танец і песня, элементы мюзікла і балета…

Што ўразіла асабіста мяне? Многае. Верш Ніла Гілевіча ”Лірычны каментарый да нашага радаслоўя” ў прачытанні артыста народнага тэатра Марка Цыганкова з Лёзна: ”…Мы не дзікай травы самарослыя парасткі… Нашых душ карані — з вузлякамі ўпартасці…” З такой моцай гучалі гэтыя словы, што нават на дожд і халадэчу не зважалася. Тэму 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны досыць арыгінальна паспрабаваў раскрыць народны тэатр з РДК Браслава. “На высокім нерве” выканаў “Малітву” Янкі Купалы Уладзімір Касцюкевіч з Шаркаўшчыны. Велічна гучаў аркестр Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Івана Салярцінскага. Пра спеўнасць хароў я згадваў. Варта, напэўна, спыніцца на фальклорным блоку канцэрта. Спадабалася тое, што поруч са сталымі выканаўцамі залу “разагравалі“ дзеткі. Да прыкладу, фольк-гурт “Вытокі” віцебскай студыі “Гулівер і ліліпуты”. Ці калектыў “Нежачкі” з Расонскага цэнтра дзяцей і моладзі. Усё было зухавата, ярка, таленавіта. Як і заўжды, якасна справіліся са сваёй задачай ансамбль песні і музыкі “Крыніца” Дубровенскага раённага цэнтра народнай творчасці, фальклорны гурт “Паазер’е” выкладчыкаў Пастаўскай ДШМ імя Антонія Тызенгаўза. Калектывы гэтыя — з “фестывальных” райцэнтраў, таму маюць сталыя традыцыі, падтрыманыя самымі высокімі званнямі…

Чацвёрты этап

Напачатку я казаў пра трохэтапнасць адбору. Былі гарадскія і раённыя конкурсы, потым — занальныя. Журы працавала, натуральна, і на гала-канцэрце. Але ёсць яшчэ і чацвёрты этап. Напрыканцы года лепшыя калектывы і выканаўцы прэзентуюць Віцебшчыну ў Белдзяржфілармоніі. Традыцыі справаздачных канцэртаў умацоўваюцца і ўдасканальваюцца. Неўзабаве ў гэтым пераканаюцца і мінчане.

Мінск — Віцебск — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"