У тур з “Песняром”

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

Днямі прадстаўнікі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага распавялі журналістам пра дзейнасць трупы ў Год культуры і пра будучы гастрольны тур спектакля “Пясняр”.

“Год культуры стымулюе тэатральныя калектывы да актыўнасці, — кажа мастацкі кіраўнік тэатра Сяргей Кавальчык. — Калі дзяржавай ствараюцца ўмовы для прапаганды прафесійнага мастацтва, гэта вельмі важна, гэта шанц заявіць пра сябе яркімі падзеямі, для тэатра ж найперш — прэм’ерамі”. У горкаўцаў такімі ў гэтым сезоне сталі камедыя “Дванаццатая ноч”, якая запрошана на два расійскія фестывалі, дзіцячая казка “Па шчупаковым загадзе”, а таксама лірычная камедыя “Лэдзі на дзень”. Гледачу спектаклі спадабаліся, што пацвердзіла іх наведвальнасць (напрыклад, запаўняльнасць залы на “Лэдзі на дзень” складае 98%). Да канца года тэатр павінен выпусціць камедыю “Тэстастэрон” польскага драматурга Анджэя Сарамановiча ў пастаноўцы Валянціны Ераньковай (анансуючы “выбуховую” п’есу, Сяргей Міхайлавіч заўважыў, што яна “з’яўляецца паваротам тэатра ў бок актуалізацыі сённяшніх праблем”), а мэтр беларускай рэжысуры Барыс Луцэнка рыхтуецца прадставіць камедыю з працоўнай назвай “Лісістрата”.

Адносна другой магістральнай тэмы, дык ужо 1 чэрвеня нашумелы спектакль у жанры мюзікла “Пясняр”, адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (ён пазмагаецца і за ўзнагароды чарговай Нацыянальнай тэатральнай прэміі) выправіцца з гастрольным турам па краіне. Пляцоўкамі для яго стануць драматычныя тэатры абласных цэнтраў: у першы дзень лета яго пакажуць у Гомелі, 3-га і 4-га чэрвеня — у Брэсце, 6-га — у Гродне, 16 ліпеня — у Віцебску падчас “Славянскага базару”. (Магілёў, верагодна, таксама ўбачыць спектакль, але падрабязнасці з’явяцца ўжо падчас тура). 11 чэрвеня пастаноўку прыме Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне (Палац культуры), 3 верасня — рагачоўскі Дом культуры (у рамках Дня беларускага пісьменства). А 15 чэрвеня, магчыма, — маскоўскі Дзелавы і культурны цэнтр пасольства Рэспублікі Беларусь у Расіі. “Мая мара — звазіць гэты спектакль на радзіму Уладзіміра Мулявiна, у Екацярынбург”, — з хваляваннем прызналася рэжысёр-пастаноўшчык “Песняра” Валянціна Еранькова.

“Для чаго патрэбен тур? — разважае загадчык музычнай часткі тэатра Аляксей Еранькоў. — Так здарылася, што ад полымя такой з’явы, як “Мулявін і "Песняры", засталіся вугалькі. Але іх яшчэ можна раздзьмуць. Для таго, каб вогнішча не загасла, і неабходны наш тур, які дапаможа “ўваскрэсіць” тую з’яву...”

Газета “Культура”, як вы добра ведаеце, сваімі публікацыямі пра Уладзіміра Мулявіна пасільна спрыяе таму, каб імя геніяльнага артыста не проста заставалася ў памяці тых, хто любіў творчасць музыканта пры яго жыццi, але і было важным і значным для сённяшняга маладога пакалення. І ў будучы тур Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага са спектаклем “Пясняр” мы збіраемся... Зрэшты, пакуль гэта сакрэт... Падрабязнасці неўзабаве!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"