17 чамаданаў з рарытэтамі

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

Шыкоўны падарунак Літаратурнаму музею Петруся Броўкі
Напярэдадні Ночы музееў Літаратурны музей Петруся Броўкі атрымаў падарунак неверагоднай шчодрасці і значнасці. Аб гэтым даведалася карэспандэнт “К” Дар’я Амяльковіч падчас свайго візіту на выставу літоўскага фатографа Рамуальдаса Вайткуса, якая праходзіла ў гэтай установе.

/i/content/pi/cult/588/13037/9-2.jpgЯк вядома, першым загадчыкам музея-кватэры ў 1980 годзе стала жонка знакамітага грамадскага дзеяча, пісьменніка і перакладчыка Алена Міхайлаўна. Яна, па сутнасці, стварыла фундамент, на якім і зараз базуецца клопат пра матэрыяльную і нематэрыяльную спадчыну Петруся Усцінавіча. Справу перахапіў сын пісьменніка, доктар юрыдычных навук, прафесар Юрый Броўка, які працаваў тут да 2006 года. Ён і вырашыў сёлета падарыць установе каштоўныя рэчы, звязаныя з жыццём і творчасцю любімага бацькі. Пераканаўшыся, аднак, перад гэтым у надзейнасці і адданасці музейных супрацоўнікаў.

Загадчык філіяла Наталля Мізон з разуменнем адносілася да такога лёгкага недаверу з боку сваяка Броўкі: далёка не заўсёды дзейнасць музеяў з’яўляецца ўзорнай і зразумелай для нашчадкаў той ці іншай знакамітай асобы. Таму дыпламатычныя адносіны выбудоўваліся павольна: Наталля і Юрый Пятровіч пастаянна стэлефаноўваліся, абмяркоўвалі музейныя планы і задумы і, у рэшце рэшт, Юрый Броўка запрасіў Наталлю з камандай у госці. І выдаў супрацоўнікам не адзін, не два, а цэлых сямнаццаць чамаданаў, поўных рэдкіх дакументаў, фотаздымкаў, лістоў, посуду, упрыгажэнняў, паабяцаўшы дапоўніць фонд яшчэ і прадметамі мэблі з кватэры Петруся Броўкі. Дакладна вядома, што калекцыя ўстановы ўжо ўзбагацілася больш чым на 500 адзінак, якія абавязкова знойдуць сваё месца ў шэрагу выстаў і праектаў.

Пакуль што з найбольш адметнага: музей-кватэра займеў трафейную друкарку “Сontinental”, што была падорана выдатным літаратарам БССР асабіста Панцеляймонам Панамарэнкам у 1945-1946 гады. Прадмет, дарэчы, ужо заняў сваё месца на музейным пісьмовым стале творцы. Сярод шэрагу папер былі знойдзены франтавыя лісты і паштоўкі, якія дасылаў ваенкар Пятрусь Броўка сваёй сям’і ў Алма-Ату. Копіі фотаздымкаў, што захоўваліся ў архіве музея, пацвердзіліся арыгіналамі. Былі адшуканы і зусім невядомыя кадры, гісторыю якіх трэба будзе зараз узнаўляць. Аўтограф Якуба Коласа, сумеснае фота Купалы з Броўкам, перапіскі з сябрамі і калегамі — усё гэта знойдзе сваё годнае месца ў музеі-кватэры, як толькі задакументуецца, зафіксуецца і алічбуецца. Тое ж тычыцца і карцін, сервізаў, сувеніраў і іншага.

Здавалася б, Юрый Пятровіч зрабіў ласку сваім падарункам выключна Дзяржаўнаму літаратурнаму музею-кватэры Петруся Броўкі, але насамрэч гэтым чалавекам быў запушчаны цэлы камунікацыйны механізм. З дня перадачы прайшло зусім мала часу, але ўжо ёсць пэўныя водгукі на гэта дзеянне. Людміла Карпава, дачка беларускага празаіка Уладзіміра Карпава, таксама вырашыла ўключыцца ў працэс і падарыла музею Броўкі друкарку з калекцыі свайго бацькі. Няма сумневу, і музей Янкі Купалы, і музей Якуба Коласа будуць зацікаўленыя ў артэфактах, якія маюць дачыненне да галоўных герояў — установы атрымалі лішнюю нагоду для супрацоўніцтва. Выйшаў музей Петруся Броўкі і на сваіх украінскіх калег — музей Максіма Рыльскага ў Кіеве, бо сярод дакументаў Петруся Усцінавіча быў знойдзены верш Максіма Фадзеевіча. Ну а колькасць жывапісных рознакаляровых і рознафарматных чамаданаў, няма сумневу, пераўтворыцца ў пэўную атракцыю для наведвальнікаў, якім будзе цікава даведацца, што Пятрусь Усцінавіч, акрамя ўсяго іншага, быў заўзятым падарожнікам, турыстам.

Застаецца толькі шчыра падзякаваць Юрыю Броўку за зваротную сувязь з установай і значны для яе падарунак, а музею Петруся Броўкі пажадаць апраўдаць давер Юрыя Пятровіча і ажывіць гэтыя прадметы праз свае праекты, што ў музея дакладна атрымаецца.

/i/content/pi/cult/588/13037/9-1.jpg

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст