Бар’ер для “еўрарамонта”

№ 22 (1252) 28.05.2016 - 03.06.2016 г

Тэмай чарговага пасяджэння калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, якое прайшло 26 мая, сталі тыя праблемы, што назапасіліся ў галіне рэстаўрацыі гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Профільнае аб’яднанне “Белрэстаўрацыя” — інтэгральнае звяно, захавальнік традыцый і ўвогуле амаль “наша ўсё” — сёння перажывае далёка не лепшыя свае часы: замоваў не надта шмат. Адсюль і скарачэнні, і незапатрабаванасць тых маладых спецыялістаў, якія нядаўна атрымалі профільную адукацыю… Ды і заробкі кваліфікаваных супрацоўнікаў — часам са стажам у некалькі дзесяцігоддзяў — пакідаюць жадаць шматкроць лепшага.

Як адзначыў на пасяджэнні калегіі міністр культуры Барыс Святлоў, прычынай таму — несправядлівыя канкурэнтныя ўмовы. Пасля адмены ліцэнзавання будаўнічай дзейнасці (а разам з ёю і рэстаўрацыі) доступ да работ на помніках спадчыны атрымалі літаральна ўсе будаўнічыя і праектныя арганізацыі. Адпаведна, трэст, які “ўсё жыццё” будаваў кароўнікі, сёння можа адхапіць замову на аднаўленне, скажам, класіцыстычнага палаца. Прычым гэта тычыцца не толькі агульнабудаўнічых работ, прыцягненне да якіх “звычайных” падрадчыкаў цалкам дапушчальнае, але таксама і спецыфічных мастацкіх ды, што яшчэ горай, даследчых і праектных. Гендырэктар “Белрэстаўрацыі” Уладзімір Змушко ахарактарызаваў вынік дзейнасці трэстаў як “еўрарамонт”, і варта адзначыць, што такі эпітэт у дачыненні да беларускіх рэстаўратараў ужываецца рэгулярна.

Тым не менш, няпрофільныя арганізацыі часцей выйграюць тэндары: яны прапануюць лепшы каштарыс. Менавіта гэтая акалічнасць — а не навуковы ўзровень выканання работ — нярэдка становіцца вызначальнай пры выбары падрадчыка.

З гэтай прычыны на пасяджэнні калегіі неаднаразова гучалі прапановы ўвесці абавязковую атэстацыю (прычым не “пажыццёвую”, а толькі на пяць гадоў) для ўсіх арганізацый і спецыялістаў, якія маюць намер працаваць у рэстаўрацыйнай галіне, прысвойваць ім адпаведныя іхнім уменням катэгорыі, а таксама стварыць адмысловы савет для ацэнкі якасці падрыхтоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі.

Падобныя прапановы з боку саміх рэстаўратараў чутныя ўжо не першы год, і рашэнне калегіі мае на мэце паспрыяць іх увасабленню ў жыццё. У той самы час, пасяджэнне выявіла і пазіцыю заказчыкаў — балазе, многім з прысутных у зале кіраўнікоў устаноў культуры даводзілася непасрэдна мець справу з рэстаўратарамі.

Як адзначыла дырэктар Замкавага комплексу “Мір” Вольга Папко, узроўнем выканання работ “Белрэстаўрацыі” яна цалкам задаволеная, але… апошнім часам, усё ж, аддае перавагу іншым падрадчыкам. Прычын некалькі: па-першае, тэрміны не заўсёды вытрымліваюцца, а па-другое — і гэта самае важнае — кошты на парадак вышэйшыя, чым у канкурэнтаў. Прычым часам бывае больш выгадна звярнуцца нават да замежных арганізацый, што, між іншым, таксама спецыялізуюцца менавіта на рэстаўрацыі.

І гэтыя нараканні лішні раз сведчаць пра тое, што заканадаўчыя новаўвядзенні ні ў якім разе не павінны прывесці да манапалізацыі рынка. Іншая справа — стварыць бар’еры для дылетантаў, якія б прымусілі іх альбо спыніцца яшчэ на подступах да помніка спадчыны, альбо… навучыцца дасягаць адпаведнай вышыні. Навучанне і павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў у галіне рэстаўрацыі таксама не стварае пакуль што зладжаную сістэму. У сваім дакладзе намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко звярнуў увагу на недахоп метадычных матэрыялаў: выданняў, фільмаў, слайдаў і гэтак далей.

Даволі актуальную праблему закрануў намеснік начальніка ўпраўлення культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Вячаслаў Гарбузаў. Рамонты вясковых храмаў часцяком робяцца наогул без прыцягнення падрадчыкаў — так бы мовіць, талакой альбо “гаспадарчым спосабам”. Прычыну тлумачыць не трэба: наняць прафесіяналаў у прыхода проста не стае грошай. У некаторых выпадках такая “самадзейнасць” прывяла да вельмі згубных вынікаў, але часта менавіта яна вяртала да жыцця даўно закінутыя святыні.

Напэўна, многіх выпадкаў “псеўдарэстаўрацыі” можна было б пазбегнуць, каб ход работ старанна кантраляваўся спецыялістамі, адказнымі за ахову спадчыны “на месцах”. Аднак, як засведчыла пасяджэнне калегіі, іх кампетэнтнасць па-ранейшаму пакідае жадаць шматкроць лепшага. Толькі траціна такіх спецыялістаў працуе непасрэдна ў структуры райвыканкамаў — то бок, выконваюць сваю функцыю на прафесійных умовах. Астатнія атрымалі яе “ў нагрузку” да іншых службовых абавязкаў — скажам, музейшчыка альбо бібліятэкара. Адукацыю такія “спецыялісты шырокага профілю” могуць мець самую размаітую — сярод іх трапляюцца нават інжынеры і географы.

І таму ў праекце рашэння калегіі закладзена распрацоўка зацвярджэння ўніфікаваных функцыянальных абавязкаў для такіх спецыялістаў, а таксама патрабаванне да кожнага з іх прысвячаць гэтай справе не менш за два свае працоўныя дні ў месяц.

Нямала праблем ёсць і ў справе рэстаўрацыі рухомых матэрыяльных каштоўнасцяў, якой была прысвечана значная частка пасяджэння калегіі. Далёка не кожны музей — нават знаны і буйны — мае ў сваім штаце адпаведных спецыялістаў. Прыкладам, ва ўсёй Мінскай вобласці ён толькі адзін, на Магілёўшчыне рэстаўратараў двое. А на ўсю галіну — 71, прычым 20 — у Нацыянальным мастацкім музеі. Гендырэктар апошняга Уладзімір Пракапцоў выступіў з прапановай увесці пасаду рэстаўратара ў кожную музейную ўстанову, фонды якой налічваюць больш за 15 тысяч адзінак.

Значная частка яго даклада тычылася падрыхтоўкі новых спецыялістаў. На думку Уладзіміра Пракапцова, повязь паміж музейнай установай і ВНУ павінна быць больш шчыльнай, а студэнтам належыць паўнавартасна інтэгравацца ў працэс рэстаўрацыі яшчэ падчас навучання, прыходзячы на практыку ўжо на другім курсе.

Падтрымку сярод прысутных знайшла і ідэя стварэння на базе Нацыянальнага мастацкага музея адзінага на ўсю краіну цэнтра рэстаўрацыі. Выбар базавай установы зусім невыпадковы: менавіта яна мае найлепшае абсталяванне — у прыватнасці, рэнтген-кабінет, здатны літаральна прасвечваць творы мастацтва наскрозь, выяўляючы патаемныя пласты жывапісу. Дарэчы, беларускія навукоўцы распрацавалі і некаторыя іншыя важныя для рэстаўрацыі і экспертызы мастацкіх твораў прылады, і цяпер справа толькі за тым, каб іх замовіць ды ўкараніць.

…На пачатку свайго даклада Аляксандр Яцко апавёў пра тую сістэму, што склалася ў беларускай рэстаўрацыі за савецкім часам. Пасля змены эпох яна рассыпалася на асобныя сегменты, прычым некаторыя зніклі цалкам — напрыклад, прысваенне рэстаўратарам кваліфікацыйных катэгорый. Больш за тое: на змену цэнтралізаванай каманднай эканоміцы прыйшоў рынак, які дыктуе свае правілы гульні нават у гэтай спецыфічнай галіне. І таму няма сумневу ў тым, што прыспеў час выбудаваць новую сістэму, адпаведную цяперашняму часу. Менавіта распрацоўка сістэмнага падыходу і стала своеасаблівым лейтматывам пасяджэння калегіі.