Гала ў Летнім

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

Учора, 20 мая, у Летнім амфітэатры Віцебска адбыўся гала-канцэрт агляду самадзейнасці Віцебскай вобласці. У мерапрыемстве паўдзельнічала каля 2 тысяч артыстаў рэгіёна.

Гала-канцэрт прайшоў пад дэвізам “Віцебшчына — калыска маёй Беларусі”. Галоўная ідэя праекта — як мага больш яскрава паказаць багацце самадзейнай творчасці паўночнага рэгіёна краіны.

Так, на сцэне Летняга амфітэатра сваё майстэрства гледачам прадставілі шматлікія калектывы. Напрыклад, народны тэатр з Браслава прадэманстраваў твор, прысвечаны 75-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, — незвычайнае прачытанне гісторыі тых страшных дзён маладым сучаснікам. Таксама адно з адкрыццяў агляду-конкурсу — Дзмітрый Сячкоў з Расонаў, у выкананні якога прагучаў твор Сяргея Рахманінава... Падрабязнасці акцыі ад Яўгена Рагіна, які ў гэты дзень знаходзіўся ў Віцебску, чытайце ў наступных нумарах.

Да слова, справаздачныя канцэрты абласных калектываў у рамках Года культуры пройдуць па ўсёй Беларусі. Ужо прадставіла свой маштабны канцэрт 16 мая Гродзенская вобласць. Міншчына прадэманструе гледачам сваю праграму 12 чэрвеня канцэртам у Палацы культуры Маладзечна — культурнай сталіцы года. Гомельская вобласць адзначыцца 30 чэрвеня канцэртам у Абласным культурным цэнтры, Брэсцкая вобласць — 28 верасня ў Брэсцкай абласной філармоніі, Магілёўшчына — у пачатку снежня ў Палацы культуры вобласці.