“#БудзьПетрусём” і стань... Далі

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

У некаторых музеях “Ноч музеяў” адбылася на мінулым тыдні. Але збольшага міжнародная акцыя пройдзе 20 і 21 мая. Што толькі не робяць музеі, каб прыцягнуць наведвальніка!.. Працягваем тур па музеях рэспублікі.

“Мафія” і Пікаса

Нацыянальны гістарычны музей прапануе наведвальнікам інтэрактыўныя праекты: выставы 3D-карцін “Ілюзорыум” і “Эксперыментус”. Арганізатары апошняга пакажуць светлавое шоу. У дворыку музея будзе працаваць арт-пляцоўка з праектам Марыны Бацюковай “Сула. Неперапыненае”, прысвечаным беларускаму народнаму святу “Пахаванне стралы”. Ва ўстанове адбудуцца майстар-клас па танцах, чэмпіянат па старых камп’ютарных гульнях, канцэртная праграма.

У праграме “Прыродная мазаіка” філіяла Музей прыроды і экалогіі пройдуць квэст “Птушкі каля пушкі”, майстар-класы і конкурсы. Дом-музей І з’езда РСДРП правядзе праграму “POST.Ноч” на тэму посткросінгу. Упрыгожанні і аксэсуары можна будзе пабачыць на міжнароднай выставе “Фарбы душы” ў Музеі гісторыі беларускага кіно. Да ўсяго — прэзентацыя дызайнерскага адзення. Гасцёўня Уладзіслава Галубка прапануе падарожжа ў свет настольных гульняў (“Джэнга”, “Уно”, “Эліяс” ды іншых), а Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры — “The Concert”, гульню “Мафія”, відэапаказ спектакля Янкі Купалы “Паўлінка” 1982 года. Таксама тут будзе працаваць інтэрактыўная частка “Сакрэты тэатральнай грымёркі”.

Праграма “Музей учора + заўтра”, падрыхтаваная Нацыянальным мастацкім музеем, парадуе мінчан і гасцей сталіцы разнастайнасцю мерапрыемстваў: ад тэатральных прадстаўленняў і перформансаў (тэатр псіхалагічнай імправізацыі “Момант”, тэатр “Заўтра вясна”, эксперыментатары з “Eye”, тэатр танца “Skyline”, тэатралізаваны перформанс у японскім стылі, экскурсійны перформанс “Ідзі за чалавекам у капелюшы”) да квэстаў (“Муза, выбяры мяне”).

Пераўвасобіцца ў мастакоў  — Марка Шагала, Сальвадора Далі, Рэнэ Магрыта, Казіміра Малевіча, Эндзі Уорхала, Пабла Пікаса — і герояў карцін можна будзе “Музейнай ноччу” ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва (пляцоўка на Някрасава, 3). На пляцоўцы ля плошчы Якуба Коласа пройдзе танцавальная вечарынка з разнастайнымі майстар-класамі.

Квэсты, лекцыі, чытанні

У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча пройдзе праграма “Музейны дэтэктыў”. У кожнага наведвальніка будзе магчымасць судакрануцца са знакамітым “Інтымным дзённікам” паэта, правесці фотаэкспертызу, паўдзельнічаць у квэстах. Да ўсяго, адбудзецца прэзентацыя “Нататак пра Шэрлака Холмса” Артура Конан Дойла і перакладных выданняў. Патрапіць у атмасферу пачатку ХХ стагоддзя дапаможа тэатр узаемадзеяння “Мусташ”.

Праграма “#БудзьПетрусём”, якая адбудзецца ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі” складаецца з заключнай вечарыны ІІ сезона праекта “Чытаем сваё. Класіка”, лекцыі маскоўскага спецыяліста па метадах машыннага навучання Сяргея Маркава (“Штучны інтэлект і літаратура”), турніра па хуткасным наборы на друкарках, відэа-арту фатографа з Санкт-Пецярбурга Сяргея Страіцелева, сольнага праекта Андрэя Апановіча “Triangle”.

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа правядзе мерапрыемства “Святло ў акне”, тэма якога — падарожжа ў прасторы, часе, у свет літаратуры і мастацтва. Музей прэзентуе стацыянарную выставу “У хвалях няспыннага руху: аўтамабільнымі шляхамі Якуба Коласа” (пра яе — на старонцы 7), пакажа выставу старадрукаў з асабістай бібліятэкі паэта. Гасцей чакае паэтычна-музычнае падарожжа ў язычніцкія часы, эпоху Сярэднявечча і Сярэбранае стагоддзе, музычная праграма, майстар-клас па вырабе “квілінг”-паштовак, лекцыя “Лайфхакі ў падарожжы” ад Сержука Місюкевіча, “Кватэрнік у дзядзькі Якуба” — выступленне гурта “Hurma”.

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы да міжнароднай акцыі падрыхтаваў мерапрыемства да 100-годдзя вянчання Янкі Купалы і Уладзіславы Станкевіч — “Вяселле.bу”. А гэта — урачыстая цырымонія шлюбу ў суправаджэнні духавога аркестра Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь з уручэннем пасведчанняў і памятных падарункаў для пар, якія ў 2016 годзе адзначаюць юбілей свайго вяселля, фотавыстава Джона Кундстатэра “Каб аднойчы...”, акцыя “Чытаем Купалу разам” — вершы паэта з “лірыкі кахання”, майстар-класы і канцэртная праграма.

Мотападарожжы ў ноч

“Скульптурная ноч” чакае наведвальнікаў у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. У праграме — майстар-класы і творчыя пляцоўкі па стварэнні арт-аб’ектаў з традыцыйных і нетрадыцыйных матэрыялаў, “жывыя скульптуры”, танцавальныя гульні, музычная праграма. Арт-гасцёўня “Высокае мста” пакажа выставу жывапісу Уладзіслава Пятручыка “Маімі вачыма”. Да ўсяго — касцюміраванае шоу, парад строяў розных эпох і народаў, рыцарскі турнір, гульні і танцы, музычныя замалёўкі…

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст