Аўтарскае права для электронных кніг

№ 16 (834) 19.04.2008 - 25.04.2008 г

17 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшоў Рэспубліканскі семінар на тэму: “Дзейнасць бібліятэк як суб’ектаў аўтарскага і сумежных правоў”, арганізаваны НББ і Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці.

У працы семінара прынялі ўдзел намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Аўдзеева, прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі і спецыялісты рэспубліканскіх, галіновых, абласных бібліятэк. Сустрэча прайшла ў межах рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы па ахове інтэлектуальнай уласнасці на 2008 — 2010 гады. Мерапрыемства — адзін з этапаў на шляху падрыхтоўкі праекта новай рэдакцыі Закону Рэспублікі Беларусь “Аб аўтарскім праве і сумежных правах”.

Як адзначыла ў сваім выступленні намеснік дырэктара па інфармацыйных рэсурсах НББ Таццяна Кузьмініч, актуальнасць пытанняў, што абмяркоўваюцца на рэспубліканскім семінары, абумоўлена шырокім выкарыстаннем у працы бібліятэк сучасных тэхналогій, стварэннем для карыстальнікаў новых інфармацыйных прадуктаў і неабходнасцю аптымізацыі сервісу ў рамках заканадаўства ў галіне аховы аўтарскага права. Мэтай семінара якраз і з’яўляецца выпрацоўка прапаноў па ўдасканаленні дакументаў, якія датычацца аўтарскага права і рэгламентуюць гэтую сферу, што дазволіць бібліятэкам у новых умовах найбольш якасна выконваць свае інфармацыйна-адукацыйныя функцыі.

Генеральны дырэктар Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Леанід Варанецкі распавёў пра накірункі дзяржаўнай палітыкі ў сферы працы яго ўстановы. Ён адзначыў, што ў Беларусі актыўна ідзе фарміраванне грамадства, дзе інфармацыя робіцца паўнавартасным прадуктам. Гэтаксама ідзе фарміраванне нацыянальнай інтэлектуальнай уласнасці. У новых умовах вельмі важна стымуляваць, падтрымліваць разумовыя сілы, ахоўваць правы аўтараў, каб не пазбавіцца гэтага важнага і перспектыўнага рэсурсу краіны.

На семінары былі закрануты і іншыя пытанні. У прыватнасці, гаворка ішла пра заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб аўтарскім праве і сумежных правах, свабоднае выкарыстанне твораў згодна заканадаўству Рэспублікі Беларусь і іншых краін, калектыўнае кіраванне маёмаснымі правамі ў нашай рэспубліцы і магчымыя накірункі ўдасканалення заканадаўства. Адбылося абмеркаванне пытанняў выканання аўтарскага і сумежных правоў ва ўмовах аўтаматызацыі бібліятэк, прававога рэгулявання дзейнасці бібліятэк па пераводзе дакументаў у лічбавую форму і стварэнні электронных бібліятэк.

 Наталля КІРПІЧЭНКАВА