Дарагія сябры!

№ 21 (1251) 21.05.2016 - 27.05.2016 г

Сардэчна віншую вас з Міжнародным днём музеяў!

Ваша руплівая і плённая праца заслугоўвае глыбокай павагі і служыць прыкладам высокага прафесіяналізму і любові да абранай справы.

Дзякуючы вашаму таленту і творчаму падыходу, глыбокім ведам, вернасці і шчырай адданасці місіі захавальнікаў гістарычнай і культурнай спадчыны Бацькаўшчыны тысячы наведвальнікаў штодзень спасцігаюць унікальную культуру Беларусі. Сёння беларускі музей — спалучэнне лепшых традыцый музейнай справы з найноўшымі інфармацыйнымі тэхналогіямі.

У сучасным свеце музей з’яўляецца важным фактарам у справе захавання, вывучэння і папулярызацыі нашай гісторыі і культуры, фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці, з’яўляецца адным са сродкаў наладжвання міжнароднага дыялогу.

Музейныя скарбы Беларусі, прадстаўленыя ў экспазіцыях і на выстаўках, а таксама ў інфармацыйнай прасторы, адкрываюць духоўнае багацце нацыі як суайчыннікам, так і шматлікім гасцям з далёкага і блізкага замежжа, спрыяюць таму, каб беларуская культура, гісторыя сталі шырока вядомыя ў свеце. Шматлікія міжнародныя праекты адкрываюць свету Беларусь, а таксама даюць магчымасць беларусам пазнаёміцца з шэдэўрамі сусветнай культуры.

І за кожнай сустрэчай з музеем, за кожным адкрыццём — ваша адданая праца, вашы талент і натхненне!

Шчасця і радасці, творчай энергіі, аптымізму, здароўя і дабрабыту вам і вашым блізкім.

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс СВЯТЛОЎ