У пошуках невядомага Орды

№ 16 (834) 19.04.2008 - 25.04.2008 г

15 красавіка ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстаўка “Беларусь на літаграфіях Напалеона Орды”. 50 літаграфій, выкананых паводле малюнкаў знакамітага мастака і кампазітара напрыканцы ХІХ ст., прадставіў са свайго збору лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” Уладзімір Ліхадзедаў.

 /i/content/pi/cult/158/1302/Orda.jpg

Новую выстаўку вітаў дырэктар музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Азаронак, а пра творчую спадчыну Н.Орды распавёў дырэктар РВУ “Літаратура і Мастацтва”, сааўтар У.Ліхадзедава па выпуску альбома “У пошуках страчанага” Алесь Карлюкевіч. Доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс нагадаў, што значная частка мастацкай спадчыны Н.Орды знаходзіцца ў Кракаве, у тым ліку і пакуль незнаёмыя нашай публіцы малюнкі беларускіх мясцін, і выступіў з прапановай зрабіць, па дамоўленасці з Польшчай, копіі гэтых работ, каб выдаць у Беларусі альбом.

Цяпер наведвальнікі музея змогуць убачыць сядзібныя ландшафты Гродна, Мерачоўшчыны, Міра, Свіслачы, Гарадзішча, Нясвіжа, Ліды, Навагрудка, Турава ды іншых беларускіх гарадоў і мястэчак пазамінулага стагоддзя. Гістарычная і культурная каштоўнасць выстаўкі ў тым, што яна ўзнаўляе ў нашай памяці абліччы як вядомых, так і забытых архітэктурных помнікаў — тых, якія не захаваліся да нашага часу або значна змяніліся ў працэсе перабудоў ці рэканструкцый.

Тым часам Уладзімір Ліхадзедаў разам з музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны рыхтуе трэцюю выстаўку, гэтым разам — прысвечаную пачатку Першай сусветнай вайны, якую плануецца адкрыць у лістападзе.

 

Святлана ІШЧАНКА
На здымку: на адкрыцці выстаўкі.