Якімі будуць “Дзень…” і “Ноч…”?

№ 20 (1250) 14.05.2016 - 20.05.2016 г

Міжнародны дзень музеяў традыцыйна адбудзецца 18 мая, а вось міжнародная акцыя “Ноч музеяў” сёлета “падвоілася”: яна ў некаторых установах ужо на гэтым тыдні — 14 мая. Таму ёсць магчымасць наведаць дзве “Ночы…” літаральна запар. Шэраг мерапрыемстваў, падрыхтаваных музеямі, платныя, але ёсць і бясплатныя праекты. Карацей, удакладняйце на месцах! А зараз прапануем невялічкі гід па шэрагу сталічных і абласных музеях на гэту суботу і на наступныя буднія дні.

“Ноч…” і права

Віцебскі абласны краязнаўчы музей правядзе гарадскі квэст “Рэалістычныя помнікі і пацешныя скульптуры”. Гэта гульня дае магчымасць паглядзець на горад з іншага боку, звярнуць увагу на гарадскую скульптуру. Скажам, у “Музейную ноч” адбудзецца майстар-клас па асновах тэатральнага грыму, тады ж выступяць студыя танца “Полька беларуская” і ўдзельнікі этнаграфічнага аб’яднання “Поўня”, можна будзе прыняць удзел у фотавіктарыне і ў вечары студэнцкай паэзіі. Запланавана таксама кніжная выстава з фондаў музейнай бібліятэкі, акцыя “Падары кнігу”, інтэрактыўная майстэрня “Зробім самі кніжку-малышку”… Скончыцца ж праграма фаер-шоу.

Інтэрактыўны лабірынт гісторыі “Легенды мінулага — захавальнікі будучыні” пройдзе ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” (у Палацавым ансамблі). Каля Ратушы для наведвальнікаў пакажуць анімацыйную інтэрактыўную праграму “Па праву магдэбургскаму…”

Праграма мерапрыемства Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея пройдзе 14 мая ў “Камянецкай вежы”, 16 мая — у філіяле “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”, а ў самім музеі  — 17 мая.

“Дзень…” і рэтра

Нацыянальны мастацкі музей падрыхтаваў для дзяцей конкурс малюнкаў на асфальце, а гурт “Акустычная левітацыя” парадуе наведвальнікаў джазавым канцэртам. Гэтым днём адкрыюцца выставы ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту “Падняпроўскае шапавальства” (у помніку архітэктуры “Вяночны двор з вёскі Бракава Слабада Чавускага раёна”), у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа — “Кола жыцця: аўтамабілі Коласа”, у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы — “Ісці супольна праз усё жыццё”.

У Літаратурным музеі Петруся Броўкі можна будзе бясплатна наведаць літаратурна-дакументальную экспазіцыю па жыццёвым і творчым шляху народнага паэта, а ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча — мастацка-дакументальную выставу “Максімаў сад”. Выставу “Сляды вайны” і фотавыставу “Капітуляцыя Германіі. Май 1945” наведвальнікі ўбачаць у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Адразу ў чатырох філіялах Музея гісторыі Мінска  — Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, Мінская гарадская ратуша, экспазіцыя “Карэтная”, музей “Лошыцкая сядзіба” — адначасова адбудуцца прэзентацыі экспанатаў. За 10 хвілін распавядуць малавядомыя факты з гісторыі рарытэтаў.

У Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” правядуць рэгіянальны конкурс-пленэр юных мастакоў “Барочныя лініі ў творчасці Джавані Марыі Бернардоні”. А прэзентацыю партрэта Адама Міцкевіча пэндзля Івана Хруцкага з калекцыі музея Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка можна будзе ўбачыць у яго мастацкай галерэі.

Для старшакласнікаў і навучэнцаў каледжаў правядуць культурна-адукацыйную праграму “У госці да музы Кліа” ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі. Навучэнцы пазнаёмяцца з рарытэтнымі музейнымі прадметамі, паўдзельнічаюць у віктарынах, квэстах, разыграюць прызы. Праграму “All That Jazz” — рэтра-салон у стылі 1920-х — падрыхтавалі ў музеі “Замкавы комплекс “Мір”.

Брэсцкі абласны краязнаўчы музей і Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя Аляксандра Васільевіча Суворава пакажуць у Мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” сумесны праект “Знайсці і захаваць”. Віцебскі абласны краязнаўчы музей і Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Еўдакіма Раманава ў рамках Міжнароднага дня музеяў правядуць дні адчыненых дзвярэй. Экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея ў гэты дзень можна будзе наведаць бясплатна.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст