Не бярозка на ўскрайку поля…

№ 20 (1250) 14.05.2016 - 20.05.2016 г

Алена КАЛУГІНА, малодшы навуковы супрацоўнік музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля
Гаворка ў маёй калонцы пойдзе пра гамяльчаніна па нараджэнні, мастака-манументаліста, педагога Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Генадзя Жарына. Што вядома пра яго шлях? Нарадзіўся, вучыўся, ажаніўся, працаваў... І вось — цішыня, нібыта і не было Жарына, нібыта няма пра што казаць.

/i/content/pi/cult/586/12991/5-5.jpgГэта не так. У 2014 годзе пайшоў з жыцця сапраўдны мастак, а сапраўдных заўсёды мала. Да таго ж ураджэнец Гомеля. І паклапаціцца пра каліва любові, памяці неабходна нам, музейным супрацоўнікам, землякам, аднадумцам, калегам.

Збор музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля ўзбагаціўся калекцыяй жывапісу Генадзя Жарына. Гэта работы, створаныя мастаком не на замову, а ў стане, калі “ўсе знікае... застаюцца зоркі і спявак”. Таму так цікава пранікаць у свет аўтара, пазначаны лёгкімі мазкамі, якія бягуць услед за думкай і пачуццём. Як толькі “выказванне” адбылося, мастак пакідаў палатно, не клапоцячыся больш ні пра дробныя дапрацоўкі, ні пра пластычную анатомію ў акадэмічным разуменні, ні пра тое, якое ўражанне могуць вынесці гледачы. Мастацтва, як вядома, ствараецца пачуццём і спасцігаецца ім жа.

“Легенда Белай Вежы”, “Каранаванне Пана”, "Грамоўніца", “Сакавік на Дняпры”, “Народнае свята”, “Памяць зямлі” і многія іншыя карціны... Беларускае, роднае хвалявала ўяўленне і кроў мастака, патрабавала творчага асэнсавання. Тут не кранальная бярозка на ўскрайку поля стаіць, а метафары, сімвалы накладваюцца і злучаюцца адно з адным. Таму з першага погляду “пракрасціся” ў сутнасць намаляванага вельмі складана, а непадрыхтаванаму чалавеку мо і зусім не пад сілу без думкі “знаўцаў”.

Напрыклад, карціна “Легенда Белай Вежы”. У цэнтры кампазіцыі нейкая істота з мужчынскай галавой, з распасцёртымі крыламі і рукамі, стаіць на птушыных лапах. Да рук прывязаныя слуцкія паясы, ручнікі, палоскі белай тканіны з выявамі гербаў. Злева ад фігуры размяшчаюцца ордэны і крыжы дасавецкай эпохі, справа — ваенныя ўзнагароды СССР. З грудзей галоўнага героя звісае тоўсты канат. Па левую руку — кароль у залатой кароне, побач — пісар. З іншага боку дзяўчына ў беларускім строі, побач стаяць некалькі жывёл: зубр, казуля, дзік… Жывёл пакрывае гірлянда з лісця вечназялёнага лаўра. На заднім плане узвышаецца Белая Вежа, побач з ёй фігурка анёла, што пралятае. Карціна выканана ў шэра-блакітных і карычневых танах. Гэта сцісла. Дык вось, толькі разгледзець такое палатно спатрэбіцца час, а ўжо зразумець... Фраза “Мастак хацеў сказаць...”, нягледзячы на збітасць, выклікае здзіўленне: мы з ім не былі знаёмыя. Хай кожны разумее па-свойму, чаму і не.

/i/content/pi/cult/586/12991/506.jpgДваццаць пяць карцін-загадак прыбылі ў Гомель дзякуючы брату мастака — Анатолю Жарыну. З гэтай нагоды зладзілі персанальную выставу на адной з пляцовак палаца Румянцавых і Паскевічаў. Яна паказала, мяркуючы па адсутнасці пісьмовых водгукаў гледачоў, што “на бягу” такія працы амаль не ўспрымаюцца. Як ужо было адзначана, іх успрыманне патрабуе намаганняў — і немалых. Гэта сведчыць толькі на карысць мастака. Значыць, трэба працягваць працаваць з людзьмі, у тым ліку сродкам масавай інфармацыі. Аднаму нічога, акрамя фатаграфічнага рэпрадукавання жывой прыроды, і не патрэбна, а другі будзе рад пашырэнню кругагляду, спазнанню створанага іншым велізарнага пачуццёвага свету.

...Рабіць крокі ў папулярызацыі мастацтва неабходна. Хай будзе больш розных выстаў, даследаванняў, публікацый пра Генадзя Жарыня, расце колькасць прыхільнікаў яго мастацтва. Яно заслугоўвае высокай ацэнкі. Наколькі высокай — пакажа час.