“Жыццё — таямніца з чароўнай усмешкай…”

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

Імя настаўніка, паэта і краязнаўцы Ігара Пракаповіча добра вядома не толькі на Віцебшчыне. Ён выкладае геаграфію ў Пастаўскай сярэдняй школе №1.

Плённым стаў для педагога мінулы год, ён выдаў некалькі кніг: “Фізічная геаграфія Пастаўскага раёна”; “Паставы: гістарычная хроніка горада”; “Гута. Голбія: гісторыка-геаграфічны нарыс” (у сааўтарстве з настаўнікам гісторыі Гуцкай СШ Пастаўскага раёна Мікалаем Арэхам); зборнік вершаў “Калядны ранак”; паэму “Белая панна”. У кнізе “О Беларусь, мая шыпшына...”: на радзіме Уладзіміра Дубоўкі” змешчаны хроніка жыцця і творчасці У.Дубоўкі, радавод, аўтабіяграфія і вершы творцы, а таксама прысвячэнні землякоў класіку. Дарэчы, дапамагала ствараць гэтую кнігу былая вучаніца І.Пракаповіча, а цяпер студэнтка БДУ Ірына Заяц. Адзін толькі пералік гэтых кніг сведчыць пра каласальную працу нястомнага педагога і даследчыка. Так і хочацца сказаць: настаўнікі Беларусі, творчыя дасягненні Ігара Пракаповіча-географа — варты прыклад для пераймання.

... Я ўжо даўно сачу за творчасцю І.Пракаповіча-паэта.

Упершыню даведаўся пра гэтае імя, прачытаўшы пастаўскі паэтычны альманах “Рунь”, цікавы і самабытны. Неўзабаве выйшлі яго кнігі паэзіі: “Рэха малітваў”, “Намагнічаны космас”, “Шляхі наканаванага бязмежжа”.

Прачытаны апошні верш, але ў душы застаюцца радкі:

Ніхто не знайшоў,
ды і я не апошні.
Жыццё — таямніца
з чароўнай усмешкай.
Іду па дарозе,
абапал, як пожні,
Ляжыць невядомая
роўнядзь бязмежжа...

Так можа сказаць толькі сапраўдны паэт. Афарыстычнасць, дакладнасць, пачуццёвасць, народная мудрасць — асноўныя адзнакі яго вершаванага слова. І яшчэ, мабыць, самае істотнае: беларускасць, нацыянальны каларыт, геаграфічная канкрэтнасць і вялікая вера ў праўду і ў магчымасці прыроды-матухны, прыроды роднай Пастаўшчыны. Асоба акрыленая, рамантычная, Ігар ва ўзнёслым палёце думак, адкрыццяў, у хвалюючым пошуку таго адзінага слова, якое зможа сагрэць душы суайчыннікаў...

Бясспрэчна, што І.Пракаповіч — яркі прадаўжальнік найлепшых культурных традыцый свайго знакамітага папярэдніка, ураджэнца вёскі Агароднікі Пастаўскага раёна Уладзіміра Дубоўкі, стваральніка выдатных эпічных і лірычных твораў, глыбокага знаўцы айчыннага фальклору. А наперадзе — новыя адкрыцці, бо І.Пракаповіч перакананы: у геаграфіі і гісторыі Бацькаўшчыны, як у добрай кнізе, заўсёды знойдзецца непрачытаная старонка.

 

Канстанцін КАРНЯЛЮК
Віцебск