Штуршок да густу

№ 20 (1250) 14.05.2016 - 20.05.2016 г

Нараджэнне нематэрыяльнага: размова з носьбітам, які не "ўцякае"
Каб чалавецтва вынайшла дазіметр па замеры ўзроўню таленту, то ў Беларусі гэты апарат час ад часу выходзіў бы з ладу ад такой колькасці неардынарных асоб вакол нас. Хацелася б яшчэ, каб гэтых людзей ведалі ў твар, ганарыліся імі, шанавалі. І не толькі замежнікі, а найперш суайчыннікі. Нядаўна карэспандэнт “К” сустрэлася з беларускім кампазітарам, арганістам, лаўрэатам міжнародных конкурсаў Вольгай ПАДГАЙСКАЙ з пляяды маладых аўтараў Беларусі.

/i/content/pi/cult/586/12985/6-2.jpg— Ці праўда, што ваша прафесія сёння вымірае?

— Не, проста многія кампазітары — людзі дэпрэсіўныя. Адбываецца гэта хутчэй за ўсё праз незапатрабаванасць і асэнсаванне таго вар'яцтва, якое адбываецца ў свеце. Калі будзеш старацца, магчыма, нешта і атрымаецца. Але прафесія дакладна не памірае. У краіне кампазітараў-непрафесіяналаў стае, няхай сабе ў нашай Акадэміі маленькі конкурс. І не толькі тут, па ўсім свеце падобная сітуацыя. Але ў гэтым няма нічога страшэннага. Сярод іх ёсць кампазітары, часам геніяльнейшыя за прафесіяналаў.

— Я так разумею, вы, акрамя ўласна творчага статусу, яшчэ і змагары за сваё прызнанне?

— Гэта лёс. Канешне, калі я паступала ў Акадэмію музыкі, не была ўпэўненая ў сваіх дасягненнях. Таму патрэбна проста рабіць сваю справу.

— Як павінен паводзіць сябе малады кампазітар, каб быць цікавым для супрацоўніцтва?

— Не лішнім падаецца дар здзіўляць. Яго, дарэчы, можна і развіць. Быць проста кампазітарам і пісаць музыку, якая нікому не патрэбная, граць справаздачныя канцэрты — гэта публіцы не цікава. Запатрабаваным акажацца новае, цікавае і, безумоўна, якаснае.

— Але зараз публіка дужа спешчаная і часта — з сумніўным густам. Дык як падабацца слухачу і пры гэтым не патураць яго вокамгненным капрызам?

— Чым корміш публіку, тое яна і спажывае. Яе можна лёгка перавыхаваць. Праблема ў іншым: зараз лёгка паглядзець любы канцэрт у Інтэрнэце, а вось на жывыя выступленні людзі пакуль не хочуць хадзіць. Магчыма, ім шкада грошай і часу. Таму сёння трэба выбіраць больш складаныя па жанру імпрэзы, накшталт шоу, але ў высокім значэнні слова. Напрыклад, як фестываль “Кінемо”. Такога ў Беларусі больш няма, таму да нас людзі прыходзяць. Такое лепш убачыць ужывую, чым паглядзець у Сеціве.

— А ці павінен творца ў шырокім разуменні “прарубаць” сабе дарогу? Альбо гэта справа яго менеджара?

— Натуральна, менеджара. Трэба, каб кожны чалавек займаўся толькі сваёй справай. Але ў выпадку, калі дапамогі няма і акрамя цябе ніхто не дапаможа, даводзіцца ўсё рабіць самому. Урэшце, таму ў нас нічога не атрымліваецца: трэба ж ламаць галаву, як знайсці спонсараў, якім чынам выйсці на міжнародны ўзровень — мы надта распыляемся, карацей.

— Вашу дзейнасць зараз можна прыраўняць да хобі, гэта так? А як вы зарабляеце на жыццё?

— Кампазіцыя для мяне — спосаб выжывання. А працую я па прафесіі ў музычнай школе і ў Акадэміі музыкі. Гэта вельмі зручны варыянт, бо ў мяне гнуткі графік. Калі нехта захварэў, маю лішнюю гадзіну ў класе, магу нешта пасачыняць. І гэта вельмі каштоўна для кампазітара. А праекты… Мне проста пашчасціла ў жыцці з блізкімі і сябрамі. Адзін пастаянна прапаноўвае класныя ідэі (Гаворка ідзе пра Віталя Дарашука, мужа Вольгі. — А.С.), другі — мае аркестр для іх рэалізацыі ды яшчэ і голас чароўны (Аляксандр Хумала, кіраўнік аркестра “Санорус”, сябра Вольгі і галоўны яе паплечнік. — А.С.). Ёсць сябры ў Брэсце, якія арганізавалі тэатр "Крылы халопа". Каб не ўсе яны, яшчэ невядома, якая была б я сама.

— Раскажыце, як працуеце з дзецьмі. Пра гэты працэс мала хто ведае насамрэч...

— У Дзіцячай музычнай школе №3 імя Фрэдэрыка Шапэна я арганізавала ансамбль кампазітараў “Фрыдэрыкі”. І ў нас атрымаўся ўнікальны калектыў, адзіны ў Беларусі: дзеці сачыняюць і самі ж граюць уласную музыку ў выглядзе маленькага аркестра. Праца дужа цікавая. Маім вучням ад 7 да 15 гадоў. Узровень у іх розны, хтосьці больш таленавіты, хтосьці менш, а некаторыя нават прыносяць гатовыя творы. Наогул, можна сцвярджаць, што гадуецца новае пакаленне. Знакаміты кампазітар Галіна Гарэлава, пабываўшы на нашым канцэрце, сказала: можна не перажываць за нашу прафесію, бо змена ўжо ёсць.

— Вы супрацоўнічаеце з брэсцкім тэатрам “Крылы халопа”.

— Я і мой муж Віталь пішам музыку для яго пастановак. А, больш дакладна, пакуль толькі да двух спектакляў: адзін з іх — па Даніілу Хармсу “Званіць-ляцець”. Дарэчы, хармсаўская пастаноўка аб’ездзіла ўсю Еўропу.

— Дзе можна азнаёміцца з вашай творчасцю?

— Ёсць такі сайт — Сlassic-online, там многія “выкладваюцца”. Уласную музыку я не баюся выкладваць. “Хвалююцца” за аўтарскія правы вялікія кампазітары, але да іх узроўню трэба яшчэ дарасці. Я нікому сёння не патрэбная — гэта аб’ектыўна, акрамя некалькіх чалавек. З іншага боку, каб я хацела сапраўднай славы, займалася б зусім іншай музыкай. Пакуль што раблю сваю справу, і на тое сыходзіць надта шмат часу. Таму няма часу на развагі адносна таго, “каму ты патрэбны”.

— Ваша творчая сям’я мае дачыненне да “Кінемо”?

— Наш інтэрактыўны свет патрабуе акрамя музыкі яшчэ і відовішча. Таму ідэя з “Кінемо” стала аптымальнай. Мой муж з’яўляецца мастацкім кіраўніком праекта, ад яго залежыць кантэнт фестывалю. “Сінемаскоп” — нашы сябры, дырэкцыя для форуму, афіцыйная арганізацыя, праз якую ўсё праходзіць. Віталь займаецца выбарам фільмаў, запрашэннем музыкантаў, кампазітараў. А на мне толькі малая частка работы — пісаць музыку.

— У чым спецыфіка напісання музыкі да кінастужкі?

— Самае складанае ў працы — падгадаць момант, дзе музыка супадае з малюнкам. Гэтую задачу мы дзелім напалову з дырыжорам: кампазітар павінен правільна і дакладна напісаць, а ён, у выпадку з “Кінемо” гэта Аляксандр Хумала, — выканаць з дапамогай аркестра. У мяне былі моманты, калі пасля напісання я пачынала звяраць матэрыял па фільме, і нешта не супадала. Аднойчы цэлы месяц сядзела над фрагментам стужкі, бо працэс ішоў вельмі марудна. І вось пасля гэтых змаганняў, ты аддаеш сваю работу дырыжору, і далей ужо ён адсочвае нюансы. Запісы, саўндтрэкі значна лягчэй падстаўляць пад стужкі. А ўжывую гэта граць вельмі цяжка. Наогул, кампазітары і ансамблі абавязаны перад распрацоўкай музыкі прагледзець фільм. У нас дапушчальныя толькі 10 — 20 % імправізацыі.

— Ці атрымалі вы аддачу ад праекта?

— Людзі ў Сеціве пісалі, што яны раней не ведалі пра існаванне беларускіх кампазітараў. Мы, дарэчы, і самі многае адкрылі з фестывалем “Кінемо”. Пры гэтым мы не навязваем сваё мастацтва, як гэта робіць радыё ці ТБ.

— Якая музыка вам блізкая?

— Я вывучаю акадэмічную музыку, асабліва старанна вышукваю сучасную. Слухаю толькі такую, акадэмічную, элітарную, бо гэта мне патрэбна па прафесіі.

— Вашы талент і працаздольнасць былі б ацэнены за мяжой. Чаму не “ўцякаеце”?

— У студэнцтве ў многіх з нас мелася магчымасць паехаць у Аўстрыю ці Германію, але ў мяне ўжо быў муж, генератар творчых ідэй, а таксама ансамбль “Рацыянальная дыета”. Зараз я працую ўжо ў іншым ансамблі — "Five Storey Ensemble” — у нас на падыходзе другі альбом. Быў час, калі я думала пра тых, хто з’язджае, як пра баязліўцаў. Бо ў нас часцяком трэба змагацца і дзейнічаць. З іншага ж боку, чаму я павінна марнаваць сваё жыццё на тых, каго не “прашыбеш”. Я зараз на паўгады паехала ў Польшчу, дык там нават у гардэробшчыцы ў філармоніі такі адухоўлены твар, нібы яна сама толькі што сімфонію напісала. Карацей, ёсць магчымасць павышаць свой узровень. Беларусаў жа пакуль трэба падштурхоўваць, дапамагаць рабіць адкрыцці.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст