Vita — ludi — veritas

№ 20 (1250) 14.05.2016 - 20.05.2016 г

Менавіта так — “Жыццё — Гульня — Ісціна” — называецца выстава трох жывапісцаў у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

/i/content/pi/cult/586/12980/9-1.jpg“Героі”  — даўно вядомыя творцы: народны мастак Уладзімір Тоўсцік і яго малодшыя калегі, блізкія па духоўнай ідэнтычнасці — Алена Шлегель і Уладзімір Ганчарук, да ўсяго, яго вучні ў Акадэміі мастацтваў. Адразу хачу адзначыць, што экспазіцыя ў залах першага паверху музея зроблена вельмі прафесійна. Кожны з мастакоў атрымаў сваю асобную прастору, і ў той жа час уся экспазіцыя ўяўляе адзіны мастакоўскі арганізм, напоўнены шчырым настроем творчага шчасця і складанымі роздумамі аўтараў пра свет унутры асобы і навокал нас.

Уладзімір Тоўсцік паказаў новы трыпціх “Вербная нядзеля. Трансцэндэнцыя”, які, як я заўважыў, асабліва прыцягвае ўвагу гледачоў. Сапраўды, карціна складаная па сваім гістарычным і філасофскім сэнсах і ў той жа час вельмі цікавая па вобразна-пластычных і кампазіцыйных знаходках. Тэрмін “трансцэндэнцыя” (ад лацінскага “тranscendens”) — тое, што выходзіць за межы зямнога, эмпірычнага свету. Трансцэндэнтальнасць у сэнсе культурных каштоўнасцяў (рэлігійных, эстэтычных, этычных, філасофскіх) — гэта, на думку Тоўсціка, сутнасць у духоўным разуменні боскага прызначэння чалавека, прыгажосці, існасці, шчырай веры і сапраўднасці. Іншымі словамі, гэта паняцце ёсць таямніцай таго, што трымае беларускі народ, так бы мовіць, маральнае здароўе нацыі. Нягледзячы на вялікія гістарычныя нягоды і перыпетыі лёсу, гэты духоўны стрыжань ніколі не быў зламаны. На тым і стаіць сённяшняя незалежная Беларусь.

А што да адлюстравання скульптурнай фігуры Хрыста — Месіі ў цэнтральнай частцы кампазіцыі, які ўязджае на маладым асле ў Еерусалім, то гісторыя гэтай паліхромнай скульптуры наступная. Яна паходзіць з нясвіжскай калекцыі князёў Радзівілаў, такім чынам — першапачаткова належыла беларусам. Пазней трапіла ў польскі касцёл у Небарове, а потым апынулася ў кракаўскім Нацыянальным музеі, дзе і знаходзіцца цяпер. Скульптуру з выявай Хрыста вернікі заўсёды выносілі з храма падчас шэсця ў свята Вербнай (Пальмавай) нядзелі.

Па шчырасці, Тоўсцік прадстаўлены ў экспазіцыі даволі ярка: побач з рознасюжэтнымі ранейшымі творамі ён паказаў і класныя палотны апошніх гадоў, яшчэ невядомыя глядачу. Творы розныя, але іх аб’ядноўвае адна важная якасць: яны створаны любоўна, па “замове” сэрца і душы (пра прафесяналізм я ўжо і не кажу). Гэта сваеасаблівыя “вокны” ў ненанесены на карты свет — свет, які балансуе на рухомай мяжы паміж рэальнасцю і ілюзіяй. Тоўсцік — паэт, віртуоз, філосаф, чарадзей, фантазёр, надзелены прыродным талентам, вопытам, які мае глыбокія энцыклапедычныя пазнанні, для яго невядомыя салодкі пакой і ціхамірная радасць ад поспехаў. Яго жывапіс, прадстаўлены ў экспазіцыі, дае пранізлівае адчуванне Часу. І — яго незваротнасці. Палотны патрабуюць углядання, услухоўвання ў “музыку” пластыкі і колеру. Ні адна “нота” тут не гучыць фальшыва. Гарманічнае перапляценне каляровых акордаў, глыбокія прасторавыя рытмы, кантрасты, вытанчаныя гульні святла і цені, лініі і плямы — усё гэта можна ўбачыць у такіх новых карцінах, як “Юлія. Трайны партрэт”, “Старая легенда”, “Адгучалі гукі паланэза”, “Настальгія. Першы снег”, “Яшчэ гучыць музыка”. Так, музыка, мелодыі ў розных танальнасцях гучаць у жывапісе Тоўсціка заўсёды: і ва “ўрбаністычных” кампазіцыях, і ў карцінах-партрэтах, і ў работах, дзе практычна ўсялякая “жанравасць” знікае, ператвараючыся ў шматаблічнае візуальнае палатно сусвету, дзе мы жывем, кахаем, працуем, настальгічна згадваем былое, пакутуем ад болю і радуемся зямному чалавечаму шчасцю.

Алена Шлегель і Уладзімір Ганчарук — цудоўная, таленавітая пара, якая годна ўпісалася ў выяўленчы небасхіл сучаснага беларускага жывапісу. Але кожны з іх знайшоў сваю асабістую нішу ў мастацтве, “абвёўшы” свой вобразна-пластычны свет непадобнымі ні на каго межамі, дзякуючы чаму іх ні з кім не зблытаеш, хаця самі яны адзін на аднаго зусім не падобныя. Алена — гэта бліскучая куртуазная паэзія ў жывапісе, Уладзімір — майстар складанай алегорыі і метафары, носьбіт “новай рэальнасці”, дзе ён аперуе абагульненымі сацыяльнымі маскамі, неадухоўленымі прадметамі, прадстаўнікамі флоры і фаўны, якія ўвасабляюць чалавечыя душы.

У Алены Шлегель даўно склалася асабістае ўспрыманне свету — “куртуазны рамантызм”, як сама яна называе ўласны стыль. Менавіта ў гэтым стылі — жаданне ўнесці ў нашы шэрыя будні часцінку цуда, фантазіі, казкі, мары, азадачыць гледача чымьсці цудоўным, нязвыклым і нечаканым. Не выпадкова, такія рысы яе таленту, як захапленне фальклорам, стыхійная цяга да вялікай сусветнай і нацыянальнай паэзіі, старажытных легенд і міфалогіі, своеасаблівая яркая тэатральнасць, эксцэнтрыка, часам памножаная на тонкую іронію (паглядзіце хаця б карціну “Муза”), — ператварыліся ў жыццё яе прывабных чароўных і шыкоўных кампазіцый. Я даўно назіраю за яе творчым ростам, з задавальненнем глядзеў некаторыя яе персанальныя выставы, але з кожным разам усё больш здзіўляюся неймавернай працавітасці і імкненню паказаць штосьці новае ў пошуках. Таму я так уважліва ўспрыняў у экспазіцыі такія зусім “свежыя” палотны, як “Рабро Адама”, “Сны Эгейскага мора”, “”Касмаганічны міф”, “Начны госць”, “Гуканне вясны”, “Сны цара Саламона”…

Уладзімір Ганчарук — мастак, як бы мовіць, “з іншага цеста”, “мужчынскага”. У хісткіх абрысах, у прыцягальных кантрастах святла і ценю, у асяроддзі, не акрэсленым межамі, у пералівах колераў на паверхні адлюстраваных прадметаў і жывёлаў, у яго схільнасці да нязвыклай алегорыі, якая часам пераходзіць у нейкую філасофію чалавечага быцця, бачыцца свет Ганчарука, перайначаны, новы, выразны, фантастычны, магчыма, празмерна складаны для простага глядача, выхаванага на так званым рэалізме ў негатыўным, “школьным”, сэнсе слова: што бачу, тое і малюю, і каб — як “у жыцці”. Але ў мастацтве гэтага ўжо мала. І сучаснае мастакоўскае пакаленне тое адчувае дастаткова. Дар Ганчарука сплаўляць матэрыяльна рэальнае з неўтаймаванай, нястрымнай фантазіяй у любым сюжэце, ці то ў новых цыклах “Магічнае тату”, “Царства”, ці то ў карцінах “Зорка” або “Саламандра”, — вось яго асноўная “зброя”, дзякуючы якой палотны ператвараюцца ў высокапрафесійныя каштоўнасці, якія, праўда, патрабуюць ад глядача напружання розуму і пачуцця.

Такі час — XXI стагоддзе — калі ва ўспрыманні мастацтва трэба не толькі “спажываць” вачыма тое, што ляжыць на паверхні палатна і мімалётна кідаць позірк на этыкетку з назвай, але імкнуцца разумець і разважаць аб прытаемным унутры “сюжэта”, гэта значыць, уступіць у дыялог з аўтарам. А разважаць на гэтай выставе ёсць пра што. Пра нашу гісторыю, пра нашу рэчаіснасць, пра нашы надзеі і мары, пра саму прыгажосць быцця. Словам, пра нас з вамі, што жывуць на гэтай зямлі.

Вось такое цудоўнае трыа ўпрыгожыла музей. Мне могуць сказаць: ці не занадта высока ацэньваю гэтых творцаў? Абсалютна не. Урэшце, а ці ў гэтым справа? Трыа заслужыла ўдзячнасць таму, што ў няпростыя часы не здраджвае свайму ўнутранаму мастакоўскаму свету, што ідзе сваім шляхам, лёсам выбраным, гаворыць ад імя таго пакалення, якому, здавалася б, суджана ў не такія і даўнія часы застацца безгалосным і незапатрабаваным…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"