“Мы тут проста гнёзды звілі...”

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

У “Культуры” № 11 за гэты год у рубрыцы “Культасветработа: ракурс адказнасці “ быў надрукаваны рэпартаж з Гарадка Вольгі Ягоравай. Але тады ў кантэкст аповеду не ўвайшла адна гарадоцкая адметнасць, пра якую нам распавяла ў лісце жыхарка гэтага райцэнтра, былая настаўніца.

 /i/content/pi/cult/157/1298/Gnezdy.jpg
Наш Гарадок знаходзіцца на паўночным усходзе Беларусі, за 652 кіламетры ад Санкт-Пецярбурга, 36 км ад Віцебска і за 40 км ад беларуска-расійскай мяжы. Навакольныя краявіды — пагоркі, узвышшы, а паміж імі — азярынкі разнастайных абрысаў і рэчка Гараджанка. Прырода — цудоўная! І наогул, у традыцыйнай цішы раённых гарадоў — своеасаблівая прыгажосць. Можа, галоўная вартасць іх — у спакоі, які схіляе да немітуслівага роздуму.

Хутчэй за ўсё, гэта і прывабіла рускага савецкага кампазітара Івана Дзяржынскага, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі (1950 г.), заслужанага дзеяча мастацтваў РСФСР (1957 г.), уганараванага таксама многімі іншымі пачэснымі ўзнагародамі, калі ён выбіраў у нашым краі на пачатку 1940-ых гадоў месца для пабудовы свайго дома.

Тады гэта была ўскраіна Гарадка — вёска Воўкава. Тая мясціна дужа маляўнічая: мякка спускаецца да возера Лугавога ўзвышша, якое сям-там рассякаецца глыбокімі равамі, а па схілах раскіданы калматыя сосны і кусты чаромхі.

Цяпер там пралягае вуліца Савецкай Арміі. Дамы на ёй не ўражваюць погляд колькасцю паверхаў, але добра дагледжаныя. Прыкладна на сярэдзіне трасы вуліцы — вялікі, высокі, свежапафарбаваны дом з мансардай, балконам і закрытай верандай, адкуль адкрываецца дзівосны від на возера Лугавое і панараму горада. У гэтага дома арыгінальныя вокны — італьянскія.

Кажуць: вокны — вочы дома, яны бачаць неба, сонца, дрэвы. Блакітнае, жоўтае, зялёнае — фарбы жыцця. У такі дом хочацца вярнуцца з любых вандровак.

Я і раней прыходзіла ў гэты дом, але тады мяне цікавілі зусім іншыя гісторыі. А вось нядаўна пасля маіх добрых слоў наконт выдатнага гаспадарання ўладальніца дома за кубкам кавы нетаропка распавяла, як у 1953 годзе яны з мужам набылі яго ў добра вядомага тады кампазітара Дзяржынскага і яго брата Леаніда. Абодва браты стала жылі ў Ленінградзе. Дачка Леаніда Іванавіча, актрыса ленінградскага Тэатра аперэты, пасля вайны кожнае лета прыязджала ў Гарадок адпачываць. Яна і дапамагла адшукаць пакупнікоў дома, людзей інтэлігентных.

Цяперашняя гаспадыня дома ўспамінала, як, абмяркоўваючы здзелку, уся кампанія выйшла на балкон: быў сонечны дзень, горад залаціўся ў бліскучых промнях — уражанне было цудоўнае. За гарбатай Іван Дзяржынскі крыху распавёў пра сябе.

Нарадзіўся ён у Тамбове 9 красавіка 1909 года, але карані іх роду — беларускія: дзед братоў Дзяржынскіх Лявонцій, удзельнік паўстання 1863 года, быў высланы ў Тамбоўскую губерню. Там і асела яго сям’я.

Іван Іванавіч з 1932 па 1934 г. вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі. Пасля напісання оперы “Ціхі Дон” паводле першай часткі рамана М.Шолахава (1934 г.) у яго з’явіліся сродкі, на якія ён вырашыў пабудаваць дом на радзіме дзеда, у Беларусі, і выбраў месца на ўскраіне нашага Гарадка — “пустынный уголок, приют спокойствия, трудов и вдохновенья”. У пачатку 1941 г. дом быў гатовы, заставалася толькі аформіць інтэр’еры, завезці мэблю. Іван Іванавіч з братам Леанідам (у іх быў яшчэ і брат Канстанцін) паехалі ў Ленінград, каб прывезці ўсё патрэбнае для летняга жыцця ў новым доме.

Але пачалася вайна, і Дзяржынскі спешна вярнуўся ў Гарадок, як сумленны чалавек расплаціўся з будаўнікамі і зноў з’ехаў у Ленінград.

Далей праслаўлены кампазітар расказаў сваім субяседнікам, што над операмі яны з Леанідам працавалі разам (брат пісаў лібрэта) і жылі тры гады ў станіцы Вёшанскай у самога Міхаіла Шолахава.

Пакупніцы дома Ніне Пятроўне як настаўніцы рускай мовы і літаратуры было цікава слухаць пра нікому не вядомыя эпізоды з жыцця таленавітых людзей, а потым выкарыстаць пачутае на ўроках, прысвечаных творчасці Міхаіла Шолахава.

Дзіўна: увесь горад і вясковыя хаты былі разбомблены ўшчэнт, а гэты дом ацалеў, і нямецкія акупанты зрабілі ў ім стайню. Уявіце сабе, колькі працы было пакладзена пасля вызвалення на ачышчэнне дома ад бруду і смецця, каб там зноў можна было жыць і займацца творчасцю!

Паводле ўспамінаў таленавітага кампазітара, першыя гады вайны яны з братам жылі ў Арэнбургу, пішучы творы на ваенна-патрыятычныя тэмы. Але галоўная ўвага надавалася напісанню опер, у якіх адлюстроўвалася лепшае з савецкай рэчаіснасці.

Опера “Ціхі Дон” была пастаўлена ў Мінску ў Дзяржаўным тэатры оперы і балета двойчы — у 1938 і 1951 гадах.

Большасць опер Дзяржынскага напісана па матывах твораў М.Шолахава: “Узнятая цаліна” (1937 г.), “Рыгор Мелехаў” (1967 г.), “Лёс чалавека” (1959 г.). Ён таксама стваральнік опер па легендзе “Князь-возера”, паводле рамана В.Ажаева “Далёка ад Масквы”, 2 музычных камедый, 2 сімфоній, 3 канцэртаў для фартэпіяна, аўтар музыкі для кіно і тэатраў, песень.

Памёр Іван Дзяржынскі 18 студзеня 1978 года.

З яго смерцю наша планета збяднела на аднаго таленавітага чалавека. Даводзіцца са смуткам успамінаць аб прыгажосці яго светлай душы, якая любіла людзей, бо творы яго і зараз служаць ім.


Аліна БАСТАВА

Гарадок