Кропка ў справе Хруцкага

№ 20 (1250) 14.05.2016 - 20.05.2016 г

Да Дня музеяў: Полацк мае твор земляка
Мастацкая галерэя, што ўваходзіць у склад Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, плануе 18 мая, у Дзень музеяў, прэзентаваць партрэт Адама Міцкевіча пэндзля Івана Хруцкага. Карціну плануецца паказаць разам з дакументамі, што пацвярджаюць аўтарства.

/i/content/pi/cult/586/12974/12-1.jpgЗ партрэтам звязана лічы, дэтэктыўная гісторыя, што доўжыцца больш за 5 гадоў. У 2010-м святкавалі 200-годдзе з дня нараджэння Івана Хруцкага. Урачыстасці праходзілі не толькі ў Беларусі: работы нашага мастака экспанаваліся і ў Парыжы — у штаб-кватэры UNESCO і ў Луўры. Лічылася, то ў Полацку няма карцін майстра, а захоўваюцца яны ў Нацыянальным мастацкім музеі (Мінск), Музеі рускай літаратуры (Санкт-Пецярбург), Траццякоўскай галерэі (Масква)... Таму да юбілею земляка (Іван Хруцкі нарадзіўся ў мястэчку Ула і доўга жыў у маёнтку Захарнічы непадалёк ад Полацка) галерэя выставіла работы яго праўнучкі Ядвігі Маціеўскай. Яе творы трапілі ў Полацк пасля раптоўнай смерці гаспадыні ў Кіеве ў адпаведнасці з жаданнем мастачкі, выказаным незадоўга да смерці. Работы рыхтавалі да адпраўкі яе блізкія. Разбіраючы творы перад выставай, і знайшлі партрэт Адама Міцкевіча.

Загадчык полацкай Мастацкай галерэі Ларыса Лысенка прыгадвае, што па стылістыцы ён быў непадобны да работ Ядвігі Аляксандраўны, да ўсяго — няскончаны: на адваротным баку — іншая карціна. Падобны партрэт Міцкевіча пэндзля Хруцкага, завершаны, знаходзіцца ў фондах згаданага Музея рускай літаратуры. Мастак маляваў яго з паштовак у 1850-х, у маладосці ж, магчыма, бачыўся з Міцкевічам у Пецярбургу. Неўзабаве пасля смерці Адама Міцкевіча ў 1855-м яго партрэты з паштовак стваралі і іншыя мастакі ў Беларусі, Літве і Польшчы. Гэта быў, можна сказаць, трэнд таго часу. Такія партрэты рабіліся часта ў павароце на тры чвэрці, у характэрных позах. Ды і паштоўкі-прататыпы — добра вядомыя.

У 2010-м Мастацкая галерэя заявіла пра знаходку і пра тое, што, верагодна, партрэт належыць пэндзлю Хруцкага. Гэта выклікала розгалас у прэсе, журналісты і мастацтвазнаўцы спрачаліся аб аўтарстве карціны. Потым у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі былі праведзены матэрыялазнаўчыя экспертызы работы метадамі ультраадчувальнай атамнай і малекулярнай спектраскапіі. Параўналі масляныя фарбы, якімі напісаны партрэт Адама Міцкевіча і знакаміты нацюрморт Івана Хруцкага. Акрамя таго, прайшло лазернае і рэнтгенаграфічнае даследаванне. Урэшце, была зроблена выснова, што партрэт напісаны ў другой палове ХІХ стагоддзя, матэрыял, якім ён выкананы, мае характарыстыкі, падобныя да матэрыялу нацюрморту.

Даследаванні біяграфіі мастака паказалі, што абодва партрэты Міцкевіча, і той, што захоўваецца ў полацкай галерэі, і той, што ў пецярбургскім музеі, былі напісаныя ў 1850-х, калі мастак стала жыў у маёнтку Захарнічы пад Полацкам. Работы былі вывезены спадкаемцамі Івана Хруцкага ў Санкт-Пецярбург. Там адзін з партрэтаў быў прададзены Музею рускай літаратуры. Потым праўнучка мастака Ядвіга Маціеўская пераехала ў Кіеў і перавезла туды сямейны архіў. Сярод яе работ у майстэрні апынуўся недапісаны партрэт Міцкевіча, які, магчыма, успрымаўся ёй як эцюд, а не паўнавартасная карціна прадзеда. У 1996-м Ядвіга Аляксандраўна памерла, а ў 1998-м партрэт вярнуўся практычна ў месца свайго стварэння: у Полацк было перададзена агулам 720 работ Маціеўскай, сярод якіх і знайшлося палатно яе прадзеда.

Бадай, найбольш вядомыя работы Івана Хруцкага — гэта нацюрморты, партрэты. Між тым ён быў выдатным пейзажыстам, пісаў інтэр’еры. Жывучы ў Захарнічах, майстар ствараў карціны на рэлігійныя сюжэты для ўніяцкіх цэркваў. Гэта, відаць, невыпадкова: бацька творцы, Фама Іванавіч, — уніяцкі святар. Падчас жыцця ў Захарнічах Хруцкім было выканана шмат партрэтаў на замову. Выява ж Адама Міцкевіча пісалася “для душы” і таму захоўвалася ў сям’і. Ларыса Лысенка апавядае, што партрэт Міцкевіча, які цяпер у Полацку, быў, верагодна, першым варыянтам адносна таго, які захоўваецца ў Санкт-Пецярбургу. Магчыма, ён з нейкіх прычын не спадабаўся мастаку. На адваротным жа баку халста з партрэтам Міцкевіча напісаны нацюрморт. Пасля рэнтгенаўскага здымка высветлілася, што пад нацюрмортам — жаночы партрэт.

Што да тэхнічнага стану партрэта Адама Міцкевіча, ён у свой час быў зрэзаны з падрамніка, таму яго немагчыма было зноў нацягнуць, не пашкодзіўшы жывапісны слой. Рыхтуючы работу да Дня музеяў, рэстаўратары полацкай Мастацкай галерэі нарасцілі холст, каб можна было экспанаваць твор. Перад нацягваннем палатна яго заклейваюць, каб не пайшлі кракелюры. Ход жа рэстаўрацыйных работ фіксіруецца на фота і відэа, у музеі разумеюць, што гэта гістарычныя моманты.

Як кажа Ларыса Лысенка, музей шмат гадоў ініцыяваў мастацкія экспертызы, каб давесці, што партрэт Міцкевіча сапраўды належыць пэндзлю Івана Хруцкага. Экспертызы далі станоўчы вынік, і цяпер палачане могуць з гонарам казаць, што работа іх земляка ёсць і на яго малой радзіме. (У Захарнічах, на жаль, не захавалася маёнтка, але засталіся могілкі, дзе Іван Хруцкі пахаваны разам з братамі. але ў мясцовай школе краязнаўцам Людмілай Хацкевіч створаны музей мастака.) Наступным этапам будзе даследванне дзвюх выяў на абароце карціны — жаночага партрэта і нацюрморта, якія, па заключэнні экспертызы, таксама датуюца другой паловай ХІХ стагоддзя.

Мінск — Полацк — Мінск

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"