“Параненыя, наскрозь прабітыя кулямі…”

№ 20 (1250) 14.05.2016 - 20.05.2016 г

Царкоўныя званы: як іх хавалі і “хавалі” ў гады вайны
Неўзабаве спіс нематэрыяльнай спадчыны UNESCO можа папоўніцца адметнай традыцыяй беларускага званарства. Рэалізацыя гэтай ініцыятывы стала магчымым пасля грунтоўнага вывучэння і сістэматызацыі 1747 званоў ХVI — ХХ стагоддзяў з некалькіх соцень праваслаўных храмаў краіны.

/i/content/pi/cult/586/12972/14-1.jpgВывучэнне званоў доўгі час было немагчымым з-за пэўных грамадска-палітычных абставін, якія наклалі “вета” на духоўную тэматыку і саму традыцыю царкоўнага звону. У канцы 1980-х гадоў паступова былі знятыя грыфы “цалкам сакрэтна” з дакументаў архіваў, што дазволіла выявіць “белыя плямы” ў гісторыі музычнай культуры Беларусі, яе нацыянальнай гукавой сімволікі.

Трэба адзначыць, што асноўная частка старажытных званоў, якія захаваліся ў нашай краіне, знаходзяцца ў заходняй яе частцы. Тое не выпадкова. Напрыканцы 1930-х у БССР не засталося ніводнага дзейнага храма, а ўся царкоўная маёмасць была нацыяналізавана і разрабавана. У Заходняй Беларусі, якая знаходзілася на той час у складзе Польшчы, стаўленне ўладаў да праваслаўных святыняў хоць і было адмоўным, але не перарасло ў ганенні, што спрыяла захаванню традыцыі царкоўнага звону.

Падзеі, якія датычацца гісторыі званоў у 1941 — 1945 гады, былі адноўлены ў выніку экспедыцый 2003 — 2009 гадоў, ажыццёўленых па дабраславенні Ганаровага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Філарэта па 247 праваслаўных храмах Гродзенскай, Брэсцкай, часткі Віцебскай і Мінскай абласцей, а таксама матэрыялах Дзяржаўнага архіва Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці і яго філіяла ў Пінску.

Для нямецкіх акупацыйных уладаў званы ўяўлялі цікавасць не як помнікі матэрыяльнай культуры беларускага народа, а як сыравіна для вытворчасці зброі. З канца 1941 года акупанты праводзяць акцыі “добраахвотнай дапамогі” нямецкай арміі. Па ўсёй тэрыторыі Беларусі арганізуюцца пункты збору званоў. Збору “падлягаюць: медзь, цынк, нікель, волава [...] і сумесі гэтых металаў пры дапамозе ўсіх мясцовых і нямецкіх уладаў гэтая акцыя павінна быць праведзена найхутчэй. Таму раённыя бурмістры атрымліваюць заданне арганізаваць зборныя пункты ў Навагрудку, Дзятлаве, Любчы, Карэлічах, Івянцы і Наваельні. Акцыя будзе праведзена 29 сакавіка 1942 года [...] у форме добраахвотных ахвяраванняў”. У пачатку 1942-га ў акупаваных гарадах адбыліся сходы духавенства з нямецкімі ўладамі, на якіх было загадана здаць добраахвотна царкоўныя званы, пакідаючы адзін невялікі. Акупантамі таксама выдаецца загад, згодна з якім “за ўтойванне каляровых металаў вінаватыя падлягаюць публічнаму пакаранню праз павешанне, а тыя, хто здалі найбольшую колькасць медных рэчаў атрымаюць адмысловыя даведкі пра актыўны ўдзел у барацьбе супраць бальшавізму”.

Вядомыя факты супраціву з боку вернікаў, асабліва ў Брэсцкай вобласці, якія не жадалі расставацца са сваімі святынямі. Часам захопнікі, бачачы гарачую веру вернікаў, адыходзілі ад сваіх намераў. Святар Мікалай Юрчук успамінае: “У гады вайны прыехалі сюды немцы здымаць званы. Прыбеглі жанчыны, з плачам, з віламі кінуліся на іх і не аддалі…” У многіх прыходах насельніцтва падрыхтавалася да сустрэчы з ворагам і паспела схаваць царкоўныя каштоўнасці. З рызыкай для жыцця вернікі “хавалі” званы на могілках, закопвалі ў агародах, апускалі ў рэкі ды азёры. Часам пра намеры фашысцкіх акупантаў прыхаджан апавяшчалі партызаны, яны ж і дапамагалі хаваць царкоўныя святыні. Так, жыхар вёскі Дарапеевічы Анатоль Дземянко распавёў пра свайго настаўніка К.Грабайлу — кіраўніка антыфашысцкага руху ў гады вайны. “Ён разам з вяскоўцамі працаваў у немцаў па заданні партызан. Ён расказваў, што ў вёсцы Чарняны быў паліцэйскі ўчастак і дзесьці ў 1942 годзе сувязныя даведаліся, што царкоўныя званы будуць здымаць. І вось на працягу адной ночы званы былі таемна знятыя ў Чарнянах і Дарапеевічах. Хавалі ў розных месцах, каб, калі немцы знойдуць, то не ўсе. Майму настаўніку даручылі закапаць адзін, а другі павезлі ў вёску Лукава ў возера. І вось уночы ён у сядзібе свайго бацькі закапаў адзін звон. Узаралі зямлю, засеялі. Шукалі іх ці не, ён не казаў, але так гэтыя званы былі выратаваны”. У іншым выпадку жыхары вёскі Лукава Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці, калі стала вядома пра намеры акупантаў, сумесна з партызанамі склалі план выратавання сваіх званоў. Аграном і званар Павел Стасюк даў сігнал пра пачатак аперацыі трохразовым звонам. Званар Васіль Кардзялюк распавёў: “Ён умеў званіць, на гармоніку так не сыграеш! А возера побач — чуваць далёка...” Пагрузілі вяскоўцы свае званы на падводы і павезлі, нібыта да немцаў. А па дарозе перадалі партызанам, і тыя закапалі іх каля вёскі Забалацце. Дарэчы, “лукаўскія” прыхаджане “прытулілі” чатыры званы са спаленага немцамі суседняга храма ў Забалоцці.

У многіх храмах на званіцах віселі вялізныя званы, хаваць і нават перамяшчаць іх было фізічна складана. Па словах Веры Ранда з вёскі Верхалессе “хавалі, бо ведалі: немцы забяруць. Здымалі падлогу ў цэркві і закапывалі”. Па расповедах 80-гадовага званара Афінагена Альсевіча з вёскі Ласіца Пастаўскага раёна, настаяцель Ісідар Насякайла зняў званы, разабраў падлогу ў сваім храме каля іконы святога Георгія Пераможцы, апусціў звон у зямлю і ўзнёс малітвы да святога пра выратаванне каштоўнай царкоўнай маёмасці.

Перад адступленнем у 1944 годзе нямецка-фашысцкімі захопнікамі была зроблена другая спроба рабавання храмаў і зняцця званоў. У спустошаных беларускіх гарадах ды вёсках фашысты забіралі ўсё, што можна было павезці: скаціну, каштоўнасці і званы. Так, у 1944-м у горадзе Высокае, што на Брэстчыне, былі знятыя званы, але “спагадлівы нямецкі камісар, па некаторых звестках, культурны і адукаваны чалавек, нехта Эгерт [...] не дазволіў вывезці званы з горада і загадаў Захару Васілюку вартаваць іх у сваім двары. Камісар Эгерт падтрымліваў сувязь з партызанамі і за гэта быў забіты фашыстамі пад вёскай Такары. Пасля адступлення нямецкай арміі званы зноў устанавілі ў царкве”.

Многія цэрквы былі знішчаны або згарэлі падчас бамбёжак, іншыя разам са званіцамі выкарыстоўваліся нашымі байцамі або акупантамі як назіральныя пункты, бо стаялі на ўзвышшы. Так, як распавёў протаіерэй Павел Ляшко з вёскі Гарадная Столінскага раёна, “ляцелі ў званы снаряды, званы прабілі наскрозь. Тым не менш, параненыя, наскрозь прабітыя кулямі, яны захавалі сваё гучанне”.

У ліпені 1944 года ўся тэрыторыя Беларусі была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Многія прыхаджане згадваюць, што 9 мая 1945 года “званілі ў дзень Пабеды целы дзень, долга-долга. Сколько плачу було! Сколькі не прыйшло з вайны, сколькі раненых, да половіна нашей дзярэўні!” У вёсцы Рубель Столінскага раёна ў дзень Перамогі адбыўся хрэсны ход з царкоўным звонам, “адна царква Архістратыга Міхаіла і засталася, усе хаты былі спалены немцамі. Столькі людзей з усіх вёсак прыйшло! Дзякавалі Богу, што вайна скончылася”, — сведчыць Вольга Агіевіч.

У час Вялікай Айчыннай вайны Беларусь страціла значную колькасць званоў, большая частка якіх была вывезена ў акупантамі ў Германію на пераплаўку, пацярпела ў час адыходаў і наступленняў, пажараў ды абстрэлаў. У шэрагу храмаў і духавенствам, і вернікамі, часам з удзелам партызан, рабіліся спробы выратавання богаслужбовых інструментаў, адлітых “для заахвочвання і навучання нашчадкам пераймаць дабрадзеянне продкаў”. Нягледзячы на тое, што колькасць дзеючых цэркваў ўзрасла, у большасці з іх служба ішла без свяшчэнных “галасоў”. Схаваныя ў зямлі і вадзе званы чакалі заканчэння вайны, а прыхаджане верылі ў тое, што прыйдзе час царкоўных званоў.

Алена ШАЦЬКО, кандыдат мастацтвазнаўства