Эканомія, баланс, аптымізацыя

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

З рэдакцыйнага савета “К”: пра пытанні, кроплю і камень
Ёсць рэчы ды з’явы, якія немагчыма асэнсаваць. Не зважаючы на гэта, чалавек заўжды і ва ўсім імкнецца адшукаць сэнс, нават калі яго няма. Так, напэўна, уладкаваны свет. Але досыць філасофствавання. На чарговым рэдакцыйным савеце мы пастараліся асэнсаваць самыя балючыя кропкі сённяшняга культурнага развіцця. Атрымалася ці не, меркаваць чытачу.

Гэтым разам рэдакцыі “К” дапамагалі першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр ВЯРСОЦКІ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Рагачоўскага райвыканкама Міхаіл ЗАЙЦАЎ, дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы і старшыня Рэспубліканскага савета дырэктараў абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці Алег ХМЯЛЬКОЎ.

Пазабюджэт

Пра што гавораць практыкі, калі абмяркоўваюць улюбёную справу? Так, пра тое, што замінае, што перашкаджае даць на выхадзе прыгожы якасны вынік. Гаворка пры пытанні, якія варта неадкладна вырашыць, але адразу не атрымліваецца. Уражанне такое, што праблемы на культурнай дзялянцы невынішчальныя, нібы падступны каларадскі жук. Узяць хаця б пазабюджэтную дзейнасць. Ці ўлічваецца пры “вёрстцы” плана па аказанні культурных паслуг рэальная дэмаграфічная сітуацыя ў раёнах і на сяле? Практыка паказвае, што, мякка кажучы, не вельмі. Больш за тое, пазабюджэтныя планы для раённых аддзелаў па абласцях значна адрозніваюцца. І ці можа быць заданне па пазабюджэтнай дзейнасці загадзя невыканальным? Калі так, дык губляецца стымул для такога звышнапружанага нарошчвання тэмпаў камерцыялізацыі. Каму карысць ад дадзенай сітуацыі?

Пойдзем далей. Плата за навучанне дзяцей у ДШМ не выкарыстоўваецца для патрэб аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Калі казаць больш канкрэтна, не ідзе на матэрыяльнае стымуляванне педагогаў і паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

З эканоміі фонду заработнай платы раней можна было выкарыстоўваць сродкі для ўмацавання матэрыяльнай базы, на матэрыяльнае стымуляванне. Цяпер такой магчымасці няма.

Сёння мы кажам пра аптымізацыю ў сферы культуры як пра меру вымушаную ды ўсеагульна карысную. Цяжка не пагадзіцца. Але пры той умове, што выпрацоўваецца сапраўды аптымальны эканамічны механізм далейшага развіцця нацыянальнай культуры. Інакш установы культуры ў нас застануцца толькі ў буйных гарадах. Як тады план пазабюджэтнай дзейнасці выконваць?

Аптымізацыя

Аптымізацыя сеткі ўстаноў культуры працягваецца. Хоць у асобных раёнах ужо амаль няма чаго аптымізаваць. Няўжо неўзабаве будзем скарачаць ўстановы культуры ў аграгарадках? А Беларусь тым і славілася на постсавецкай культурнай прасторы, што, нягледзячы на самыя розныя сацыяльныя ператрусы, здолела захаваць разгалінаваную, а таму дзейсную сетку бібліятэк і клубаў. Адзіны аргумент на карысць яе далейшага скасавання ў тым, што сельскія бібліятэкі і клубы наведваюць цяпер лічаныя ахвотныя. Маўляў, усё кампенсуецца пашырэннем парку мабільных устаноў, і няма чаго пускаць на вецер грошы. Калі такое меркаванне існуе, для яго ёсць падставы.

Ці патрапяць пад аптымізацыю абласныя метадычныя цэнтры? Ёсць тут некалькі меркаванняў. Адно з іх у тым, што скарачаць згаданыя цэнтры немэтазгодна, бо яны — творчы, так бы мовіць, каталізатар раённых аддзелаў і, лічы, адзіны абагульняльнік станоўчага досведу. Але пры належным прафесійным узроўні раённых кадраў не існуе праблем з падрыхтоўкай сцэнарыя ці з пастановачнай яго рэалізацыяй, а для абагульнення досведу хопіць і штоквартальнай онлайн-канферэнцыі... Іншая справа, што абласны метадычны цэнтр павінен аналізаваць сённяшнюю і прагназаваць-накіроўваць сітуацыю заўтрашнюю. Найперш маюцца на ўвазе захады маніторынгавыя ды маркетынгавыя для дакладнага вызначэння мэтавай аўдыторыі.

І яшчэ адзін праблемны момант, звязаны з аптымізацыяй устаноў культуры ў аддаленых паселішчах. Ну, не прадаюцца будынкі скасаваных сельскіх клубаў ды бібліятэк з аукцыёна! А пускаць іх на будматэрыялы ў пэўных выпадках проста не па-гаспадарску. Дык мо перадаваць такія, яшчэ не надта лядашчыя, будынкі на балансы сельскіх саветаў? Будзе, прынамсі, дзе збіраць людзей пад час “прывазных” канцэртаў ці планавага візіту прадстаўнікоў улады. Такія “сацыяльныя цэнтры” могуць быць куставымі. Зразумела толькі адно: у заняпадзе застануцца гэтыя будынкі — знікне ў вёсцы і грамадскае жыццё.

Штатны расклад

Па школах мастацтваў штатны расклад, быццам, мяркуецца змяняць. А па іншых установах культуры? Гэтае пытанне чуецца адусюль. Як, дарэчы, і праблема начных дыскатэк для непаўналетніх.

Усе разумеюць, што тут мяняць штосьці трэба, а сітуацыя з мёртвай кропкі ўсё не зрушыцца. Няўжо міжведамасная няўзгодненасць замінае? Між тым, з “фінансістамі” (і не толькі) трэба вучыцца сябраваць.

Аплата працы і…

Што яшчэ было вынесена на агульнае абмеркаванне рэдакцыйнага савета? Натуральна — актуальныя на сёння пытанні аплаты працы. Да прыкладу, варта перагледзець групы па аплаце працы работнікаў клубных устаноў. На сёння ёсць толькі два паказчыкі: “клубныя фарміраванні” ды “дасугавыя формы”. Няма матывацыі для павышэння прафесійнай кваліфікацыі.

Тое ж тычыцца і груп па аплаце працы работнікаў устаноў новай тыпалогіі (сельскі дом народнай творчасці, сельскі дом традыцыйнай культуры, музеі народнай славы…). Яны адносяцца да трэцяй групы аплаты працы і не ўлічваюць колькасць клубных фарміраванняў. У малых гарадах нерэальна перайсці з ніжэйшай чацвёртай групы на трэцюю. У музеях, да прыкладу, для гэтага не хапае ні экспанатаў, ні наведвальнікаў.

…матэрыяльнае стымуляванне

Ёсць пытанне з аказаннем матэрыяльнай дапамогі і выплатай прэміяльных кіраўнікам падведамасных устаноў раённага звяна на ўзроўні гаспадарчай групы, цэнтралізаванай бухгалтэрыі. Гэтыя кіраўнікі працуюць на “голым” акладзе. Дадаць тут штосьці цяжка. Адназначна толькі адно, гаспадарчыя групы сям-там працуюць адно толькі на энтузіязме. А кіраўнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі робіць усё магчымае і немагчымае для хоць нейкага матэрыяльнага стымулявання названых работнікаў. Да першай праверкі. І ўвогуле, начальнік раённай культуры часам нагадвае факіра, які імкнецца ўвязаць у адно яву і мару, напінаецца і разавыя дыскатэкі рэгулярна ладзіць, і новыя штатныя расклады на раённым ўзроўні “прабіць”. Іншым разам нават і атрымліваецца.

Навука і практыка

Пасля аб’яднання культурнай і ідэалагічнай сфер прайшоў ладны час. Але і па сёння адчуваецца пэўная адасобленасць ідэолагаў ад работнікаў культуры. Нават на абласных нарадах яны збіраюцца ў асобныя купкі. Як іх паяднаць? Слушна заўважыў адзін з дасведчаных работнікаў культуры: “Нас трэба вучыць: максімальна выкарыстоўваць магчымасці мясцовага самакіравання, аб’ядноўваць структурныя аддзелаўскія намаганні, зарабляць пазабюджэтныя грошы, працаваць са спонсарамі, “выбіваць” гранты, займацца праектнай ды гаспадарчай дзейнасцю для таго, каб і закон не парушыць, фінансавых парушэнняў не дапусціць, і карысць для сябе атрымаць”. Залатыя словы!

Тут, напэўна, толькі адно нельга з-пад увагі выпусціць: каб тэорыя з практыкай не разыходзілася. Да каго гэта пажаданне? Да раённых і абласных метадыстаў, да супрацоўнікаў Інстытута культуры Беларусі. Для таго, каб вучыць, таксама варта вучыцца.

“Культура” і культура

Нас, журналістаў “К”, часта крытыкуюць за тое, што праблемы ўзнімаем стала, а вось паспрыяць іх вырашэнню — амаль не здатныя. Слушна. Аднак ёсць і іншыя прыклады. І гэтая публікацыя — як кропля ў моры. Аднак крыху заспакойвае тое, што менавіта кропля камень точыць.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"