Філарманічны калейдаскоп

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

У красавіку французскі Ліён упершыню вітаў Дзень беларускай культуры. У яго рамках адбыўся канцэрт ансамбля танца, музыкі і песні “Талака” Віцебскай абласной філармоніі.

Мерапрыемства было арганізавана асацыяцыяй беларусаў Ліёна “БелАрт”, якім кіруе грамадзянка Беларусі Надзея Крывашанава, пры садзейнічанні Пасольства Беларусі ў Францыі і Ганаровага консула Беларусі ў Ліёне Жана-Жака Ранка, а таксама пры фінансавай падтрымцы Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.

У гастролях удзельнічалі ўсе тры групы ансамбля: харэаграфічная, аркестравая і вакальная. “Талака” прывезла гэтым разам толькі беларускія фальклор і сучасныя творы. Выканальніцкі талент беларускіх артыстаў, высокая якасць арыгінальных харэаграфічных пастановак мастацкага кіраўніка ансамбля Мікалая Падалякі выклікалі ў французскай публікі непадробнае захапленне. Гасцямі ж імпрэзы, паведамляе Пасольства нашай краіны ў Францыі, сталі больш за 300 гледачоў, сярод якіх французскія грамадзяне, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, супрацоўнікі Міжнароднай арганізацыі крымінальнай паліцыі (Інтэрпол), чыя штаб-кватэра знаходзіцца ў Ліёне, прадстаўнікі беларускай дыяспары.

Дарэчы, госці вечарыны змаглі пабачыць экспанаты з прыватнай калекцыі Пасла Беларусі ў Францыі, Пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры UNESCO Паўла Латушкі: 20 рушнікоў з розных рэгіёнаў Беларусі. Побач размясцілася экспазіцыя карцін беларускай мастачкі Наталлі Альховай.

Пасля Ліёна “Талака” завітала ў Парыж, дзе прымала ўдзел у адкрыцці І Беларускіх музычных сезонаў у Францыі. Утульная бібліятэка — традыцыйнае месца правядзення культурных мерапрыемстваў у Пасольстве — з цяжкасцю здолела ўмясціць усіх гледачоў. Тут ансамбль прадставіў акрамя традыцыйнага фальклору кампазіцыі “Ой, кума” і “Ля замкавай гары”, прысвечаныя 75-годдзю з дня нараджэння народнага артыста Беларусі, народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна. Напрыканцы мерапрыемства Мікалаю Падаляку была ўручана падзяка ад Пасольства.

Ірына ШАГАЛЕЕВА; ул.інф.