Песня скрозь ураган агню

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

У Год культуры супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны Людміла Манкевіч, Іна Павераная, Алена Кудраўцава, Вольга Емяльянава, Уладзімір Павонскі і Венедзікт Білевіч падрыхтавалі зборнік вершаў і песень.

/i/content/pi/cult/585/12960/3-3.jpgЛейтматывам жа выдання паслужыў верш “Толькі на фронце” вядомага савецкага паэта Васіля Лебедзева-Кумача. У зборніку творы размешчаны па гадах вайны, пачынаючы з верша Якуба Коласа “На абарону”, прысвечанага першым трагічным дням Вялікай Айчыннай. Патрыятычны ўздым народу адлюстраваны ў творах Аляксея Суркова, Аляксандра Твардоўскага, Янкі Купалы, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка…

Нямала хвалюючых паэтычных радкоў прысвечана гераічным абаронцам Брэсцкай крэпасці. У кнігу увайшла, скажам, “Крэпасць над Бугам” народнага паэта краіны Петруся Броўкі. Побач — здымак знакамітага надпісу “Памрэм, але з крэпасці не сыдзем!”, а таксама фотакадры музейных інсталяцый.

Асаблівасцю зборніку стаў цэлы раздзел, прысвечаны беларускім партызанам. Тут змешчаны вершы Міхаіла Ісакоўскага “Ой, туманы, мои растуманы…”, Якуба Коласа “Бацьку Мінаю”, Анатоля Астрэйкі “Партызанскі медаль”, песні — “Партызанская барада”, “Аршанская старонка”, “Партызанская паходная” і іншыя. Завяршаецца падборка вершаў і песень карцінай беларускага мастака Яўгена Зайцава “Парад партызан у Мінску 16 ліпеня 1944 года”, якая суправаджаецца словамі паэта Анатоля Вялюгіна.

Зборнік праілюстраваны здымкамі ветэранаў — удзельнікаў патрыятычных мерапрыемстваў з моладдзю: Герояў Савецкага Саюза Івана Кустава, Васіля Мічурына, франтавікоў Аляксандра Феня, Віктара Кастко, Аляксандра Ульяновіча, Васіля Даўжонка і іншых. Падзякай ад імя маладога пакалення гучыць песня “Пакланіцеся, унукі, дзеду!” кампазітара Ігара Лучанка і паэта Міхаіла Ясеня. Сапраўднымі гімнамі падаюцца вершы і песні, прысвечаныя Вялікай Перамозе. Іх падмацоўвае дакументальны здымак надпісу на сценах пераможанага рэйхстага “Тут быў беларус Ванікевіч”. Фота зрабілі некалькі гадоў таму музейныя супрацоўнікі, калі наведалі германа-расійскі музей “Берлін-Карлсхорст”.

Мікалай ШАЎЧЭНКА