Захаваць самабытнасць

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г

5 і 6 мая ў Мінску прайшоў І Міжнародны навуковы кангрэс беларускай культуры. Арганізатарамі прадстаўнічага форуму выступілі Міністэрства культуры Беларусі і Нацыянальная акадэмія навук.

На першы культурны кангрэс прыехалі больш за 300 даследчыкаў, навукоўцаў і спецыялістаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Японіі, ЗША, Ірана і некаторых іншых краін.

— Такі прадстаўнічы склад удзельнікаў сведчыць, наколькі сёння беларуская культура цікавая ў свеце, — адзначае дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Лакотка. Паводле ягоных словаў, у Год культуры даследчыкам трэба падвысіць планку навуковага абмеркавання праблем развіцця беларускай культуры

— А пытанняў тут сапраўды даволі шмат, — заявіў суразмоўца, — бо ў сённяшніх умовах глабалізацыі паўстае праблема захавання самабытных нацыянальных культур. Напрыклад, у Еўрапейскім саюзе, дзе цяпер існуе адзіная валюта і эканамічная прастора, кожная краіна заклапочана захаваннем сваіх нацыянальных культурных асаблівасцяў. Таму надзвычай важнай у названым аспекце мне бачыцца праграма UNESCO, скіраваная на захаванне культурнай і моўнай разнастайнасці ва ўсім свеце.

На думку Аляксандра Лакоткі, яшчэ адно важнае для абмеркавання пытанне — развіццё і функцыянаванне беларускай мовы ў варунках дзвюхмоўя.

— Што ні кажы, а праблема тут ёсць, — сказаў дырэктар Цэнтра, — хоць беларускай мовы, на мой погляд, у інфармацыйнай прасторы, у нашым грамадстве не меншае. Наадварот, сёння беларускую мову мы чуем ўсюды — яе ўспрыняла моладзь, успрыняў Інтэрнэт, пачала з’яўляцца беларускамоўная рэклама.

Падчас мерапрыемства ўдзельнікі форуму маглі не толькі абмеркаваць тыя ці іншыя пытанні і даклады, але і наведаць выставы выратаваных беларускімі рэстаўратарамі артэфактаў, а таксама пагартаць навуковыя выданні на тэму культуры, мовы і літаратуры, якія выйшлі з друку ў апошнія гады. Акрамя таго, госці кангрэсу за гэтыя два дні наведалі з экскурсіямі Нацыянальны мастацкі музей, Нацыянальны гістарычны музей, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Музей старажытнай беларускай культуры ды Нацыянальную бібліятэку краіны.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"