Веткаўшчына, Гродна, Столін, Вялікая Бераставіца

№ 19 (1249) 07.05.2016 - 13.05.2016 г


/i/content/pi/cult/585/12953/10-2.jpgВеткаўшчына / З косамі у карагод

Штогод “Карагод сена” на другі дзень Вялікадня збірае жыхароў аграгарадка “Старое Сяло”.

Сёлета ў карагод сабраліся дырэктар СДК Ала Маскаленка, кіраўнік народнага фальклорнага ансамбля “Рэчанька” Антаніна Болбасава, удзельнікі калектыву Тамара Кірчанка, Надзея Малюшына, Клаўдзія Малюшына, Валянціна Бондар, Любоў Рачкова, Ніна Паўлючкова, Наталля Хацімцова, Ганна Медзіна.

Грае гармонь, карагод дзеліцца і разыходзіцца па баках, каб ісці на “Вялікдзень” і на “Канаплёўку”. На плячах людзі нясуць косы, граблі, вілы. Жанчыны спяваюць, пасля ставяць вядро з зямлёю і пачынаюць “вырошчваць хрэн”, вадзіць карагод са старажытнымі абрадавымі песнямі, тройчы просяць кума даць хрэну…

Гэты абрад існуе з даўніх часоў. “Карагод сена”— гэта спрадвечны калаўрот жыцця, “Рэчанька” яго захавала.

Людміла МЕЛЬНІКАВА, вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці

Гродна / Дабрачынны кірмаш

У гістарычным цэнтры горада над Нёманам адбыўся рэгіянальны дабрачынны кірмаш вырабаў рамеснікаў “Гродзенскія традыцыі  — да свята Вялікадня”.

Сярод удзельнікаў — носьбіты традыцый, пэўныя элементы якіх занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Праз выстаўкі і шматлікія майстар-класы можна было даведацца, як выглядаюць знакамітыя гродзенскія велікодныя вербы, у чым адметнасць сапоцкінскіх пісанак — васкаванак, як выразаюць выцінанку на Лідчыне. Каравайніцы Ларыса Мудрацова і Зоя Юрчык са Слонімшчыны падзяліліся старажытнымі рэцэптамі і нават прывезлі гатовыя традыцыйныя пірагі.

Пад час дабрачыннай акцыі, зладжанай Гродзенскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці, былі сабраны і перададзены Гродзенскаму спецыялізаванаму Дому дзіцяці сродкі гігіены для немаўлят.

Яніна БАРЫСЕВІЧ, вядучы метадыст  па выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве Гродзенскага АМЦНТ

Столін /Слова пра гармату 

На Брэстчыне пад час акупацыі фашысты забілі і замучалі 198 384 чалавекі, у тым ліку — 65 533 жанчыны і 45 258 дзяцей, звезлі ў няволю 30 008 жыхароў вобласці.

У Століне ля ўвахода ў старадаўні парк стаіць помнік вызваліцелям райцэнтра — артылерыйская гармата. Вось што пра яе распавядаюць супрацоўнікі мясцовага краязнаўчага музея. Некалькі месяцаў цягнуліся пазіцыйныя баі. Напярэдадні рашаючага наступлення ля вёскі Струга сапёры пабудавалі мост праз наравістую Гарынь. У ноч з 6 на 7 ліпеня 1944-га да вечару працягваліся кравапралітныя баі. Трапным выстралам з гарматы быў знішчаны гітлераўскі назіральны пункт на званіцы столінскага касцёла. Ва ўсе часіны падобнае святатацтва дорага каштавала, але дзеля Перамогі людзі аддавалі самае дарагое…

Як пісаў у лісце камандзір гарматы 397-й стралковай дывізіі, Герой Савецкага Саюза, старшына Мікалай Аўсяннікаў, «пушкі кацілі ўручную, знішчаючы агнявыя кропкі праціўніка». У склад гарматнага разліку ўваходзілі тады Акбар Галіахметаў, Уладзімір Маркін, Раман Палагін, Дзмітрый Цуканаў.

Гармата, якая вызваляла Столін, завяршыла свой пераможны шлях у Берліне. А да 40-годдзя Вялікай Перамогі такая ж гармата была ўзнята з непраходных беларускіх балотаў на п’едэстал гісторыі.

Уладзімір ЖЫЛЕВІЧ

Фота аўтара


Вялікая Бераставіца / У трох намінацыях

Раённае свята-конкурс “Шматдзетная сям’я года-2016” адбыўся ў Бераставіцкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.

Гэта падзея стала ўжо добрай традыцыяй, якая дэманструе станоўчы вопыт сямейнага выхавання і садзейнічае павышэнню прэстыжу і аўтарытэту шматдзетнай сям’і ў грамадстве. Сёлета за званне лепшых замагаліся шматдзетныя сем’і з аграгарадкоў “Макараўцы”, “Стары Дворац”, “Массоляны”, “Малая Бераставіца”, “Вялікія Эйсманты” і з Вялікай Бераставіцы. Конкурсная праграма свята складалася з трох намінацый: «Візітная картка сям’і”, “Вясёлка творчасці” і “Умелыя рукі”.

Пераможцам стала сям’я Пянчук з Вялікай Бераставіцы, якая атрымала дыплом I ступені і грашовую ўзнагароду ў 12 базавых велічынь. Другое месца — у сям’і Яскевіч з Вялікіх Эйсмантаў, трэцяе прысуджана сям’і Манцэвіч з Макароўцаў.

Спонсарамі раённага конкурсу выступілі раённыя арганізацыі Беларускага фонду міру і грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

Ірына МІКЛАШ

Фота аўтара