Каравай вайсковай еднасці

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

У актавай зале раённай бібліятэкі Беразіна сабраліся былыя воіны-інтэрнацыяналісты і іх родныя. Вечар памяці называўся “Афганскі вецер злы прашумеў над маім лёсам”. На экране мільгацелі фотаздымкі з армейскіх альбомаў тых часоў, прамаркіраваныя “Зроблена ў Афганістане”. У збляклых невысокай якасці кадрах — рэха далёкай вайны, якая за дзевяць гадоў вырвала з жыцця 28 830 беларусаў, у тым ліку 75 бярэзінскіх хлопцаў, і кінула іх у пекла чужой краіны. Кабул, Багрым, Джэлалабад, Прадгор’е Гіндукуша… Гэтыя назвы дыхаюць у твар гарачынёй і болем афганскай зямлі.

Сёння на Бярэзіншчыне жывуць 57 ветэранаў той вайны. 20 з іх адзначаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”. У ходзе краязнаўчай экспедыцыі “Горкая памяць Афганістана” бярэзінскія бібліятэкары сабралі ўспаміны былых “афганцаў”, а Бярэзінская ЦБ выдала буклет “Яны прайшлі дарогамі Афганістана”.

Асаблівы акцэнт пад час мерапрыемства быў зроблены на лёсе жанчын, якія чакалі сыноў, мужоў, братоў. Жаночы подзвіг— чакаць і верыць. Па сутнасці, гэта была “вайна салдацкіх мацярок”, якія штодзень і штоночы ў доўгім чаканні ўзыходзілі на Галгофу, ішлі мінным полем па вузкай сцежцы боязі за жыццё дарагіх людзей і надзеі на вяртанне іх жывымі з афганскага пекла. Тэатр маналога ЦБ прадставіў пякучыя ўспаміны салдацкіх матуль, якія суправаджаліся паказам даармейскіх фотаздымкаў іх сыноў.

Афганская вайна насцігае былых інтэрнацыяналістаў і ў мірны час: кожны дзесяты не дажывае да 41 года. Крыжам на сэрцы ляжыць рана, і гэты боль забівае сэрца. Журботны спіс доўжыцца.

Падзел Каравая дружбы стаў сімвалам еднасці былых воінаў — людзей асаблівай кагорты, асаблівага складу жыцця: усе яны — радня, бо падобны сілай духу. Сям’я Захарэвічаў, член раённага Клуба маладой сям’і “КВІМС”, заклікала “афганцаў” і іх родных згуртавацца ў аматарскае аб’яднанне, каб дзяліць беды і радасці, зберагаць балючую памяць аб той вайне.

Ад імя Бярэзінскага ваеннага камісарыята Валерый Ганін нагадаў будучым прызыўнікам аб асаблівай місіі вайскоўца, на чыіх плячах ляжыць клопат пра мірнаенеба і шчаслівае жыццё краіны. Таму сучасным салдатам трэба памятаць, які пачварны твар у вайны.

Актуальна гучалі словы аб тым, што пра мір трэба думаць да таго, як прагучыць першы стрэл. Няхай у сённяшніх дзяцей сны будуць мірнымі, таты знаходзяцца побач, а пра баявыя біяграфіі нагадваюць толькі кнігі ўспамінаў, прадстаўленыя ў бібліятэках.

 

Тамара КРУТАЛЕВІЧ,
загадчык аддзела маркетынгу
Бярэзінскай ЦБС