Тадэвуш СТРУЖЭЦКІ, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры, ініцыятар і арганізатар шэрагу беларускіх фестываляў, у тым ліку — “Звіняць цымбалы і гармонік” у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці:
— Напярэдадні фестывальнага сезону абавязкова трэба выпрацоўваць стратэгію дзеянняў, рабіць нейкі аналіз на перспектыву, сыходзячы з практыкі мінулых гадоў. І справы — не надта паспяховыя: у раёнах, дзе пастаянна праводзяцца фэсты, дасюль не ўсё добра з вырабам і продажам сувенірнай прадукцыі, з фестывальнай сімволікай, не наладжаная належным чынам рэклама, а многія важныя арганізацыйныя моманты зазвычай адсоўваюцца на апошнія дні перад правядзеннем мерапрыемства.
Акрамя таго, скарачэнне ў апошнія гады рэспубліканскіх і нават міжнародных фестываляў да паўтара — двух дзён — гэта, лічу, прафанацыя як фестывальнага руху, так і фестывальнага турызму. Немагчыма паўнавартасна рэалізаваць канцэпцыю фестывалю, ды і турыст не захоча ехаць на фэст, які ладзіцца ўсяго толькі дзень з гакам! Вопыт многіх замежных краін паказвае, што за кошт актыўна арганізаванага фестывальнага турызму зарабляюцца значныя грошы, неабходныя для падрыхтоўкі і правядзення такіх падзей.
Таксама варта казаць і пра тое, што сёння, на жаль, у мясцовых уладаў няма яшчэ разумення, што пэўны фестываль павінен быць не толькі своеасаблівай “візітоўкай” краю, ягоным брэндам, але і паўплываць на сацыяльна-эканамічнае развіццё як раёна, так і цэлага рэгіёна краіны. Таму 50 фестываляў, якія сёння ладзяцца ў Беларусі, — не так і многа. У той жа Польшчы цягам года адбываюцца ад 800 да 1000 фестываляў. Чым мы горшыя ў гэтым плане за нашых суседзяў?
А аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкамаў усё ж абавязкова трэба наладжваць сістэмную працу з турыстычнымі фірмамі і арганізацыямі, бо зазвычай культработнікі гэтага не робяць, а турфірмы ігнаруюць культурныя мерапрыемствы. З улікам перспектыў развіцця культурна-турыстычнай дзейнасці неабходна арганізаваць або аднавіць у кожным раёне цэнтры турыстычных паслуг або турыстычныя бюро, якія маглі б не толькі прадастаўляць турфірмам інфармацыю пра пэўную культурную акцыю, але і быць самастойнымі арганізатарамі турыстычных паездак. У Паставах такі цэнтр калісьці працаваў эфектыўна, і яго цяперашняя адсутнасць значна ўскладняе працу з турыстычнымі арганізацыямі. Галоўнае, што для наладжвання дзейнасці гэтых устаноў не спатрэбяцца значныя бюджэтныя сродкі.
Адносна рэкламы. У сувязі з тым, што сёння ў Беларусі нават адзін рэкламны ролік зняць даволі дорага, варта, магчыма, падумаць пра тое, каб падобныя сюжэты на тэлебачанні дэманстраваліся як сацыяльная рэклама альбо за мінімальны кошт. Думаю, калі дзяржава зацікаўлена ў развіцці турызму, дык гэта цалкам магчыма зрабіць.
Абавязкова да ўдзелу ў фэстах трэба актыўна далучаць і мясцовае насельніцтва. Бо гэта нонсэнс, калі фестывальныя дзеі ладзяцца пры паўпустых залах ці пустых трыбунах. Мясцовыя жыхары павінны адчуваць сябе гаспадарамі свята, запрашаць на начлег гасцей фестывалю (хай нават і за грошы), цікавіцца імпрэзай. Іначай і турыстаў на такі “пусты” фэст не зацягнеш… І, канешне, варта развіваць на фестывалях рух валанцёраў. Яны могуць сустракаць гасцей, арганізоўваць тую ж рэкламу праз сацыяльныя сеткі…
Святлана БЕРАЗОЎСКАЯ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Акцябрскага райвыканкама Гомельскай вобласці, дырэктар Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”:
— У нашага фестывалю цікавая праграма, ён, як вы ведаеце, адзіны і непаўторны. Але я згодна з тым, што мы мала ўвагі надаем рэкламе мерапрыемства, бо, як вядома, зняць той жа ролік і “пракруціць” яго на тэлебачанні каштуе вельмі дорага. Таксама, як і год, і пяць гадоў таму, у нас востра паўстае праблема пражывання. Мы рассяляем сотні ўдзельнікаў па школах, а вось наяўная ў Акцябрскім гасцініца разлічана ўсяго на 60 месцаў. Праўда, маем гасцінічны комплекс у Бубнаўцы, але ён таксама не надта вялікі. Так што гэта праблема сёння, мабыць, самая галоўная для нас.
Мікалай КОЗЕНКА, мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”:
— Асноўная праблема, на мой погляд, у тым, што “Берагіня”, якая мае статус рэспубліканскага фестывалю, не мае грунтоўнай падтрымкі ні ад Міністэрства культуры, ні ад Інстытута культуры Беларусі. Усімі справамі займаецца раённы аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. А гэта няправільна, бо ў культработнікаў хапае і іншай працы. Я прапанаваў бы стварыць у Беларусі ўстанову, якая займалася б фестывальным рухам, курыравала б яго. Як, скажам, гэта робіць Дзяржаўны расійскі дом народнай творчасці ды Дзяржаўны цэнтр рускага фальклору ў суседзяў.
Што да рэкламы, дык за мяжой ведаюць, калі дакладна пройдзе фестываль — і за год, і за два, і нават за тры. А мы не ведаем, у які час ён адбудзецца, бо тое ж Міністэрства культуры рассылае ў рэгіёны палажэнне аб фестывалі за некалькі месяцаў да яго пачатку. Так што і ў гэтым сэнсе мы наўрад ці зможам усё прадугледзець. Натуральна, турысты да нас пры такім раскладзе не паедуць.
Надзея ДУДАРОНАК, дырэктар Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў (Віцебская вобласць) — арганізатара міжнароднага фестывалю “Меч Брачыслава”:
— Я працую над арганізацыяй фестывалю тры гады, і толькі цяпер пачала ўсведамляць, што менавіта трэба рабіць, каб прыцягнуць на нашу імпрэзу плыні турыстаў. Гэта і рэклама ў СМІ, як мясцовых, так і рэспубліканскіх, і інфармацыйныя лісты-рассылкі па самых розных турыстычных арганізацыях, гэта і ўзгадненне праграмы з мясцовымі ўладамі ды многае іншае.
Падтрымліваю ідэю наконт стварэння структуры, якая б каардынавала фестывальны рух у Беларусі. Бо сапраўды, спраў у нас хапае, а займацца арганізацыйнымі момантамі фэсту трэба не за дзень да яго пачатку, а цягам усяго года. І падобнае ўтварэнне было б вельмі дарэчным.
Што да канкрэтнай даты правядзення фэсту, дык, на мой погляд, зрабіць гэта будзе вельмі праблематычна. За год ці нават два я не магу дакладна ведаць, калі дакладна пройдзе імпрэза, хто на яе прыедзе, бо шмат што залежыць ад наяўных у пэўным годзе фінансавых магчымасцяў. Пралічыць іх загадзя проста не атрымаецца.
Галіна ПАТАЕВА, дырэктар турыстычнай кампаніі “Віяполь”:
— У першую чаргу трэба зразумець, што кампаній, якія займаюцца ўязным турызмам, у Беларусі не так і шмат. Гэта рынак, і ён патрабуе пэўных умоў працы. Таму культработнікам і арганізатарам фестываляў я сказала б так: можна рабіць на фэстах, што заўгодна, але трэба дзейнічаць арганізавана. Тое тычыцца жылля, харчавання, месца для стаянкі, месцаў для смецця, прыбіральняў. І калі арганізатары плануюць, што ў іх, скажам, будуць прадстаўлены месцы для харчавання, трэба, каб іх было шмат, прычым самых розных: для людзей, якія хочуць добра пад’есці, для тых, хто плануе проста перакусіць, для тых, хто прыносіць ежу з сабой або захоча набыць вады ці мінералкі. Усё гэта абавязкова трэба пралічыць, вызначыць, дзе такія месцы будуць знаходзіцца і, магчыма, змясціць усю гэтую інфармацыю ў фестывальных буклетах.
Варта казаць і пра сувеніры. Добрых сувеніраў, па вялікім рахунку, у Беларусі і няма. Ну навошта турысту тыя ж саламяныя вырабы? Лепш зрабіць нешта ўтылітарнае, тое, што захоча набыць сабе кожны: чахол для тэлефона, абшытыя скурай нататнікі, ручкі з фестывальнай сімволікай і гэтай далей. Усё тое, чым чалавек будзе карыстацца і пасля ад’езду з фестывалю. Вось такі сувенір ён абавязкова набудзе.
Асобная гаворка — пра гарантаванасць падзеі. Планы па правядзенні фестываляў трэба зацвярджаць, прынамсі, у канцы перадфестывальнага года і тады ж рассылаць прапановы па турфірмах. Напрыклад, пазначыць у рассылцы назву фэсту (нават прыкладную) і дзе ён адбудзецца, канкрэтную, а не ўмоўную дату культурнага мерапрыемства, а таксама невялічкую інфармацыю пра будучую падзею. І не так важна, на мой погляд, якія будуць выканаўцы, госці — важна, што мерапрыемства адбудзецца пры любой умове (нават з улікам дажджу). Бо людзям трэба загадзя ведаць, калі, на які час набываць білеты на цягнік ці на самалёт, загадзя браніраваць гасцініцы, планаваць свае выдаткі на харчаванне і гэтак далей. І, канешне, арганізатарам фестываляў варта вывучаць замежны досвед. Напрыклад, у той жа Францыі ладзяцца своеасаблівыя рыцарскія турніры. За паўтары-дзве гадзіны артысты, апранутыя па тагачаснай сярэднявечнай модзе, паспяваюць і пазнаёміцца паміж сабой, і патанчыць, і нават ажаніцца… Карацей, нейкімі падобнымі імправізацыямі, цалкам умоўнымі, але відовішчнымі дзеямі прыцягваецца увага гасцей фестывалю. Каб кожны, хто на гэтай культурнай імпрэзе пабывае, захацеў сюды прыехаць яшчэ неаднойчы — з сям’ёй ці з сябрамі…
Фота Аліны САЎЧАНКА