На дэфіле — у стэрэаакулярах

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

Сёлета Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі парадаваў юных жыхароў Баранавічаў цудоўнай навінкай. Дзякуючы праекту Інстытута імя Гётэ (медыя-аўтобус “DeutschExpress”), да традыцыйнага штогадовага мерапрыемства ўпершыню далучыўся Дзень міжнароднай дзіцячай і юнацкай кнігі.

 /i/content/pi/cult/157/1294/Na-defile.jpg
Медыя-аўтобус прывёз у Баранавічы літаратуру на нямецкай мове: кнігі-цацкі са старонкамі, якія “размаўляюць”, кнігі-сюрпрызы з маленькімі акенцамі-загадкамі, чарадзейныя кнігі са стэрэаакулярамі...

Дзень міжнароднай дзіцячай і юнацкай кнігі прайшоў у Цэнтральнай гарадской бібліятэцы. У падрыхтоўцы да свята прымалі ўдзел не толькі супрацоўнікі ўстановы, але і прадпрыемствы, школы горада.

Прыватнае унітарнае прадпрыемства “Свята ад Папялушкі” прадставіла карнавальныя касцюмы для Казачнага дэфіле. А спецыялісты прадпрыемства “Любімая школа” правялі творчыя майстэрні па нямецкай і англійскай мовах. Канцэрт, кінасеанс, мультымедыйныя праекты, конкурсы, прызы, салодкі стол — праграма Дня была вельмі насычанай.

І менавіта сёння, калі ўсе гавораць пра канкурэнцыю кнігі і камп’ютэра, кнігі і тэлевізара, патрэбны такія святы.

Наталля СТАНКЕВІЧ
Баранавічы

На здымку: у час Дня дзіцячай
і юнацкай кнігі.