Тук-тук: мікс з мастацтва на вуліцах

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

Спектаклем “Рабінзанада” эксперыментальнага тэатра “Еуе” адкрыецца IV Мінскі форум вулічных тэатраў, які адбудзецца з 6 па 8 мая на сталічнай плошчы Свабоды. А вясёлую атмасферу ўжо 14 мая “перахопіць” Фестываль вулічнай музыкі.

Міжнародны фестываль вулічнага мастацтва, арганізатарамі якога выступаюць Мінгарвыканкам, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў пры падтрымцы Міністэрства культуры краіны, праводзіцца з 2013 года, і за гэты час стаў святам, якое чакаюць мінчане. Скажам, летась мерапрыемствы форуму наведала 30 тысяч чалавек.

Першае сёлетняе спатканне мінчан і фэсту адбудзецца на вуліцы Леніна, адкуль карнавальнае шэсце ў пастаноўцы Улады Цвікі, рэжысёра віцебскага Маладзёжнага тэатра “Колесо”, скіруецца да Верхняга горада. І ўжо каля Ратушы распачнуцца праграмы калектываў.

З цікавостак: харэаграфічныя пастаноўкі, інтэрактыўныя спектаклі, клаўнаду і прадстаўленні на хадулях… Творчая майстэрня са Жлобіна прадставіць жывыя скульптуры  — “Living doll”, адмысловыя пастаноўкі рыхтуюць сталічныя тэатры “Еуе”, “Moustache” і “Майстэрня ўражанняў”. Скажам, згаданая “Рабінзанада” (створаная як “шалёны” мікс “Рабінзон Круза” Даніэля Дэфо, “Боскай камедыі” Дантэ і “Пятніцы, альбо Ціхаакіянскага лімба” Мішэля Турнье) — спектакль-рэакцыя, калі дзейства залежыць ад гледачоў. Кіраўнік трупы Дзмітрый Масцяніца не пажадаў яго называць “інтэрактыўным”, палічыўшы гэтае слова “заезджаным”.

Хто да нас прыедзе з замежжа? Заўсёднік форуму творчае аб’яднанне “Карнавальчык” з Санкт-Пецярбургу пакажа новы інтэрактыўны спектакль “Адважны Карась”. З Малдовы прыедзе тэатр “Тук-тук” з двума вулічнымі спектаклямі — “Людзі і анёлы”, які быў паказаны і летась, ды “Філасофскія казкі пра Вожыка і Медзведзяня” па матывах казак Сяргея Казлова. “Тэатр на чамаданах” прывязе з Польшчы “Бочку Смеху”. Форум паступова пашырае свае межы, таму арганізатары ўжо праводзяць адбор ўдзельнікаў. Якія крытэрыі?

— Асноўны палягае ў тым, каб разуменне з’вы супадала і ў нас, і ў артыстаў. Калі, скажам, “стацыянарную” пастаноўку “перанясем” на вуліцу — гэта яшчэ не будзе вулічным спектаклем, бо ў ім няма адпаведнай энергіі, — сказаў мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, арт-дырэктар форуму Уладзімір Галак.

Ад таго, што Верхні горад сталіцы становіцца цалкам пешаходнай зонай, Уладзімір Галак чакае ўсплёск крэатыўнасці. І дадае: “У Маскве, напрыклад, правядзенне вулічных фестываляў, нават у зімовы перыяд, стала традыцыяй”. Дзмітрый Масцяніца дадае: “Чаго мне хацелася б ад такой магчымасці? Каб не было “абавязалаўкі”. Кажуць, Еўропе 40 гадоў спатрэбілася на фарміраванне вулічнага мастацтва. Нам гадоў дзесяць на тое спатрэбіцца. Урэшце, мінчане паступова прывыкаюць да новай з’явы”.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст