На аргкамітэтах

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

Пасяджэнне арганізацыйнага камітэта Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” прайшло 27 красавіка пад старшынствам намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі Наталлі Качанавай, паведамляе прэс-служба беларускага Урада.

У час пасяджэння былі разгледжаны вынікі правядзення кінафестывалю ў мінулым годзе, а таксама пытанні падрыхтоўкі і правядзення “Лістапада-2016”.

Наталля Качанава адзначыла, што бягучы год аб’яўлены ў Беларусі Годам культуры, таксама ў 2016-м Беларусь адзначае 30-годдзе аварыі на Чарнобыльскай АЭС, 75-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны. “Хацелася б, каб рэпертуар, які будзе прадстаўлены на кінафестывалі, адлюстроўваў бы і гэтыя моманты”, — падкрэсліла віцэ-прэм’ер.

У 2015 годзе ў час кінафестывалю былі паказаны 184 фільмы з 60 краін. Найбольшай колькасцю фільмаў быў прадстаўлены кінематограф Беларусі (40 фільмаў), Францыі (36) і Расіі (18). Упершыню ў мерапрыемстве прынялі ўдзел Ісландыя, В’етнам і Куба. Летась таксама ўпершыню ў час кінафестывалю была арганізавана індустрыяльная пляцоўка, у працы якой удзельнічалі замежныя спецыялісты ў сферы кінабізнесу, што маюць вопыт у фестывальным руху, вытворчасці кінафільмаў, прыцягненні фінансавання. Колькасць наведвальнікаў у 2015 годзе перасягнула 26 тысяч чалавек.

Пасяджэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенню XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” таксама прайшло 27 красавіка пад старшынствам Наталлі Качанавай. Пра гэта паведамляе прэс-служба беларускага Урада.

“Правядзенне фестывалю вельмі значнае для нашай краіны, — падкрэсліла віцэ-прэм’ер. — “Славянскі базар...” стаў сімвалам Беларусі. Сёлета ён будзе юбілейным, 25-м, і мы павінны правесці яго на высокім, годным узроўні”.

Было адзначана, што 25-годдзе “Славянскага базару ў Віцебску” пройдзе ў кантэксце Года культуры. Наталля Качанава падкрэсліла неабходнасць распрацоўкі “асаблівай праграмы будучага юбілейнага фестывалю”. “Яна павінна быць не толькі шырокамаштабнай, але і асаблівай у сувязі з юбілеем”, — заявіла яна. На пасяджэнні была разгледжана праграма асноўных мерапрыемстваў фестывалю, абмеркаваны шэраг арганізацыйных пытанняў па яго правядзенні.

У гэтым годзе “Славянскі базар у Віцебску” пройдзе з 14 па 18 ліпеня. Асноўнай фестывальнай падзеяй, вакол якой будзе сфармавана праграма, стане XXV Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2016”. У праграму фестывалю таксама ўвойдуць урачыстыя цырымоніі і гала-канцэрты адкрыцця і закрыцця, XIV Міжнародны дзіцячы музычны конкурс “Віцебск-2016”, Дзень Дружбы і Дзень моладзі. Асаблівасцю “Славянскага базару…” сёлета стане святочнае шэсце артыстаў, гасцей і ўдзельнікаў фестывалю ў дзень яго адкрыцця.

У праграму таксама ўключаны канцэрты зорак эстрады і гумару, праграмы да юбілею фестывалю, канцэртныя і забаўляльныя праграмы для моладзі, праекты “Тэатральныя сустрэчы”, “Фэст без межаў”, “Лялечны квартал”, “Кірмаш талентаў”, II Фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”. На галоўнай пляцоўцы — у Летнім амфітэатры — плануюцца 17 канцэртных праграм, у тым ліку — 2 начныя. У фестывальныя дні будуць працаваць адкрытыя пляцоўкі Віцебска. Адбудзецца свята брэндаў гарадоў і раёнаў вобласці. На вуліцах горада арганізуюць работу нацыянальных падворкаў краін — гасцей фэсту, рэгіянальных падворкаў усіх абласцей Беларусі...