Пошук. Творчасць. Поспех!

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

Плынь ліставанняў, па-ранейшаму, “паўнаводная“. І гэта радуе, бо культурнае жыццё ў рэгіёнах віруе, і таму нашым чытачам ёсць што сказаць. З гэтай нагоды прапаноўваем вашай увазе чарговы агляд пісьмаў.

/i/content/pi/cult/584/12930/112-1.jpgНа Магілёўшчыне адбыўся фінал абласнога агляду-конкурсу метадычных службаў клубных устаноў. Ён называўся “Пошук. Творчасць, Поспех!“ пра гэта піша вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадцэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Ганна Тузянкова: “з мінулага года прэзентаваліся адукацыйныя формы навучання, а таксама — мадэлі метадычных службаў, абагульняліся матэрыялы фальклорных і этнаграфічных экспедыцый“. У намінацыі “Лепшая метадычная служба“ перамаглі цэнтралізаваныя клубныя сістэмы Быхаўскага і Асіповіцкага раёнаў. А лепшым метадыстам стала Святлана Саламевіч — загадчык аддзела народнай творчасці і культурна-асветнай работы раённага Цэнтра культуры Быхава.

Працягнем гаворку пра пераможцаў, якіх у сённяшняй пошце — безліч. Навучэнка другога класа мастацкага аддзялення Эйсмантаўскага філіяла Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў Вера Белавус заняла другое месца ў Міжнародным конкурсе сацыяльна значымых плакатаў “Люблю цябе, мой родны край“, што ладзіўся ў расійскім Новасібірску. А трэцякласніца Аня Касценіч з Пагранічнага філіяла той жа самай навучальнай установы атрымала дыплом першай ступені за ўдзел у Маскоўскім міжнародным фестывалі-конкурсе дзіцячай і юнацкай мастацкай творчасці “Адкрытая Еўропа — адкрытая планета“. Дырэктар Бераставіцкай ДШМ Ірына Баер падкрэслівае, што “пра міжнародныя фэсты мы даведваемся праз Інтэрнэт, удзельнічаем у іх завочна, толькі за гэты год такіх завочных удзелаў набіраецца сем. Пакуль вядома пра тры перамогі нашых вучняў. Але вынікі іншых фэстаў яшчэ падводзяцца“.

З Воранаўскага раёна прыйшла вестка пра шчаслівага бацьку Аляксандра Чывеля. Музыкант працуе настаўнікам у Радунскай школе мастацтваў, сярод вучняў — і два ягоныя сыны: Саша і Сяргей. Днямі на Міжнародным конкурсе салістаў-акардэаністаў, што ладзіўся ў Даўгаўпілсе, Сяргей заняў першае месца, а Саша атрымаў дыплом ІІ ступені.

А вось народны ансамбль песні і музыкі “Сузор’е“ Наваполацкай сярэдняй школы № 5 атрымаў дыплом першай ступені на Міжнародным форуме народнай музыкі і фальклору, што прайшоў нядаўна у Мінску. Пра гэта напісала настаўніца музыкі Анжэла Бегічава.

Наталля Латышава — настаўнік ДШМ № 3 з Барані. Яна паведамляе, што Насця Калініна, выхаванка Кацярыны Ігнацьевай, вызначылася на І міжнароднай алімпіядзе па музычнай літаратуры і слуханні музыкі “Музыка — душа мая“ (Екацярынбург). Дзяўчына атрымала ўзнагароды ў намінацыях “Даследчык музыкі“ і “Музычны эрудыт“.

Цяпер — пра юбілеі. Кіраўнік літаратурна-музычнага аб’яднання “Крылы“ Галіна Сташкевіч піша, што ў Цэнтры культуры Наваполацка было адзначана 30-годдзе ансамбля народнай песні “Раніца“. “У розныя гады з калектывам працавалі хармайстар Мікалай Калацэй і кампазітар Віктар Малых, а пачынаў свой творчы шлях з “Раніцай“ і цяпер ёю кіруе музыкант Леў Новікаў — аўтар шматлікіх аранжыровак народных і аўтарскіх песень“.

Бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Труса і член літаратурнага аб’яднання “Нёманец“ Ліана Тападзе распавядае, што “ў літаратурнай гасцёўні ЦРБ быў адзначаны юбілей пісьменніцы Тамары Каляда“.

55-годдзе адсвяткаваў Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Бедарусь цырк імя Валерыя Абеля. Гэта — адмысловае фарміраванне Палаца культуры “Касцюкоўка“, што ў аграгарадку побач з Гомелем. Кіраўнік ПК Настасся Сарасека паведамляе, што “з нагоды юбілею адбылася маштабная цыркавая дзея, якая сабрала аншлаг“. Цырк вельмі знакаміты, пабываў нават у Ліване і Катары.

І некалькі абзацаў — пра выставы, акцыі, прэзентацыі. Выстава драўлянай скульптуры Ігара Балаханава ў Оршы прысвечана стагоддзю з дня нараджэння яго настаўніка, скульптара Сямёна Шаўрова. Выстава называецца “З душой і сэрцам“ і ладзіцца ў музеі юбіляра па вуліцы Красіна, 26, піша загадчык установы Вера Мірановіч. “Шаўроў знайшоў і зацікавіў Ігара яшчэ ў сёмым класе. Яны, стары і хлопчык, вельмі супадалі па духу. Гадзінамі выглядвалі ў дрэвах казачныя або міфалагічныя вобразы. Настаўнік вучыў хлопчыка разумець душу дрэва“.

Загадчык аддзела краязнаўства Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага Любоў Турмасава распавядае: “У нашай установе адбылася прэзентацыя выдання Аляксея Пяткевіча “Слова і кніга Прынёмання“. Аўтар — пісьменнік, культуролаг, краязнаўца, прафесар кафедры турызму і культурнай спадчыны Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, а яшчэ — актыўны чытач згаданай бібліятэкі. Новая кніга — зборнік навуковых артыкулаў пра станаўленне і развіццё рукапіснага пісьменства, друку і літаратуры на гарадзенскіх землях.

Ірына Сосна піша пра майстрыху Ірыну Груніну з Шаркаўшчыны. У мясцовым цэнтры рамёстваў яна кіруе двума гурткамі — для дзяцей і для дарослых. А вызначылася лапікавым шыццём і стварэннем народнай лялькі з тэкстылю.

У выставачнай зале рабочай групы па стварэнні Дубровенскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея працавала выстава мастакоў Аляксандра і Вольгі Ізафатавых. Яны — муж і жонка, жывуць у Расіі (Аляксандр нарадзіўся ў Оршы). Мастакі запрошаны на Міжнародны фестываль песні і музыкі Падняпроўя Беларусі, Украіны і Расіі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне“ для правядзення майстар-класаў падчас мастацкага пленэра 18 — 19 чэрвеня.

“Удзельнікі клуба майстроў народнай творчасці “Каляровая альтанка“, які дзейнічае пры Навагрудскім РЦР, — піша яго кіраўнік Наталля Клімко, — выправіліся павандраваць па мінулым Навагрудчыны“. Дапамаглі ім дырэктар мясцовага музея Марына Ярашук і навуковы супрацоўнік гэтай установы Марына Валчок. Вандроўка цягнулася ад Замкавай гары да экспазіцыі яўрэйскага супраціўлення і скончылася ў музеі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"