Тут быў гатэль Басанзона…

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

Музейныя (і не толькі) трансфармацыі Івацэвіччыны
У Івацэвіцкага раённага гісторыка-краязнаўчага музея — не надта стандартны лёс. Установа “вырасла“ з музея піянера-героя Мікалая Гойшыка. Месціўся ён у дамку яго маці, які пабудавалі па загадзе Пятра Машэрава. Але праз час паўстала пытанне пра пашырэнне музейных плошчаў, і ўстанова перабралася ў колішні гатэль Басанзона. Знаходзіцца ён на адной са “жвавых“ вулак, што вядуць да чыгуначнага вакзала. Таму тут заўжды людна… А праз час установа займела філіял — Музей партызанскай славы ва ўрочышчы Хаваншчына.

/i/content/pi/cult/584/12929/10-1.jpgПерад ад’ездам у Мінск мы правялі ў музеі некалькі цікавых гадзін. Гэта быў апошні аб’ект культуры, з якім мы пазнаёміліся ў час аўтатура. Апошні, але ці не самы для нас значны. У такіх установах, “намоленых“ нястомным музейным шчыраваннем, час мімаволі спыняецца. Для таго, напрыклад, каб можна было памарыць, пафіласофстваваць, паразважаць над тленнасцю свету і бессмяротнасці душы. Мы былі вельмі ўзрушаны. Чым канкрэтна? Пра гэта крыху пазней. А цяпер — пра сённяшні стан культуры раёна са слоў начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Івацэвіцкага райвыканкама Святланы Завадскай.

Аптымізацыя як яна ёсць

Распавялі ёй, якія ўстановы культуры мы паспелі наведаць у раёне. Святлана Васільеўна дала пэўныя каментарыі па ўбачаным намі. Да прыкладу, цьмяная “лямпачка Ільіча“ ў клубнай глядзельнай зале Дабромысля — вынік кропкавага ўкладання грошай. Усё пайшло на залу танцавальную і фае, а глядзельная ж, па словах начальніка, вартая аптымізацыі. Прынамсі, невядома, ці “выкраяцца“ калі-небудзь сродкі на яе добраўпарадкаванне. Ды і ці варта іх адшукваць, калі абмежавацца можна танцавальным памяшканнем, нават для наладжвання канцэртаў. Нічога не маем супраць, бо падзяляем мэтазгоднасць і такой, лакальнай, аптымізацыі.

Прывучыць непрывучаных

Больш драматычнай падалася гаворка пра наладжванне пазабюджэтнай дзейнасці. Па словах начальніка аддзела, ёсць вёскі ў раёне (да прыкладу, целяханская зона), дзе жыхары гатовыя плаціць за канцэрт мастацкай самадзейнасці і дзесяць, і пятнаццаць тысяч рублёў. Яны да гэтай справы прывучаныя. А вось вяскоўцы, скажам, з быценскай зоны і пяць тысяч пашкадуюць. Карыстаючыся тэрміналогіяй начальніка, яны да гэтай пазабюджэтнай справы — не прывучаныя. Дык хто і калі павінен вучыць? Калектыў з Любішчыц, які дае канцэрты збольшага бясплатна?

Пэўныя самадзейныя гурты, паведамляе Святлана Завадская, пазабюджэтны план не даюць, а асобныя (да прыкладу, у Целяханах) — перавыконваюць яго. Ім, натуральна, і перавага ў забеспячэнні апаратурай, сцэнічнымі касцюмамі. Менавіта ў іх маецца свая сталая публіка, нават за межамі раёна, у Пружанах ды Іванаве… Для іншых ансамбляў такое забеспячэнне застаецца пакуль праблематычным. Так бы мовіць, не заслужылі пакуль.

Пра брэнд

Дома рамёстваў у Івацэвічах няма. Пэўным чынам гэта кампенсуецца творчасцю цудоўнай саломкапляцельшчыцы Ніны Чымбар ды аўтаркі адмысловых пісанак — бібліятэкара Ірыны Кірчук. Абедзьве, як памятае чытач, працуюць у Любішчыцах. Нашу прапанову стварыць там музей традыцыйных рамёстваў Святлана Завадская ўхваліла. Маўляў, вясковых брэндаў раёну не стае.

Міжволі згадалі косаўскую сядзібу Тадэвуша Касцюшкі. Брэнд — неаспрэчны. Ды і ў пазабюджэтнай дзейнасці, як паведаміла начальнік аддзела, ён па раёне вядзе рэй, кампенсуючы недавыкананне планаў па аказанні платных паслуг тых сельскіх устаноў культуры, якія толькі прывучаюць сваіх наведвальнікаў, што за ўсё неабходна плаціць. У 2014 годзе сядзібу наведалі 14 тысяч турыстаў, летась — 21 тысяча, з іх пяць тысяч — замежнікі. Апрача сядзібы Касцюшкі флагманамі пазабюджэтнай дзейнасці, як сцвярджае Святлана Завадская, з’яўляюцца ГДК, целяханская клубная ўстанова, гісторыка-краязнаўчы музей.

Нельга не згадаць тут знакаміты Косаўскі палац, які, спадзяёмся, неўзабаве прыме першых турыстаў. Па словах Святланы Завадскай, сёлета на рэстаўрацыю запланавана выдаткаваць блізу двух з паловай мільярдаў рублёў рэспубліканскага і два — з абласнога бюджэтаў. Калі казаць пра ўжо зробленае, адзначым правае крыло будынка, якое, прынамсі, звонку выдатна выглядае. Што і казаць, за апошнія два гады, як мы тут не былі, палац змяніўся істотна. З’явілася магчымасць праводзіць асобныя “тэставыя” экскурсіі ўнутры самога аб’екта. Іншая справа, што музеефікацыя яшчэ не пачалася, адпаведна, няма там цяпер ні мэблі, ні выкшталцоных шляхецкіх інтэр’ераў.

Пакручасты фестывальны лёс

Калі няма чаго паказваць у самім палацы, чаму б не завабіць турыста цікавымі мерапрыемствамі вакол? Над гэтым пытаннем таксама задумаліся ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Была распрацавана канцэпцыя вялікага тэатралізаванага свята з асобнымі рыцарскай, дзіцячай, рамесніцкай пляцоўкамі, канцэртам-дыскатэкай у фармаце open-air. Але прыйшлі да высновы, што без грошай відовішча, на якое прыйдуць людзі, сёння не зробіш і адмовіліся ад правядзення фестывалю. Не зацікавіўся праектам і прыватнік, які сёння пастаўлены ў такія ўмовы, што праз шматлікія ўзгадненні ды патрабаванні, не рызыкне праводзіць відовішчнае свята.

Але не былі б добрымі ідэолагамі івацэвіцкія работнікі, каб не прыдумалі годную альтэрнатыву. Не атрымалася з Косавам, вырашылі зрабіць “Выганашчанскую фартэцыю”, якая летась сабрала каля тысячы гледачоў і ўдзельнікаў. Ваенна-гістарычны фестываль-рэканструкцыя быў прымеркаваны да 100-годдзя падзей на Целяханшчыне, дзе ў той час размяшчалася лінія ўмацаванняў Першай сусветнай вайны. Адгукнуліся падтрымаць фестываль прадстаўнікі групы “Рубеж” з Брэста, а таксама рэканструктары Першай сусветнай вайны з Мінска і Пінска.

Напрыканцы лета плануецца зрабіць працяг і яшчэ больш разнастаіць праграму. Больш за тое, на беразе Агінскага канала ў вёсцы Выганашчы ствараецца музейная экспазіцыя, а энтузіясты падрыхтавалі і выдалі кнігу, правялі навукова-практычную канферэнцыю на гэту тэму, дамагліся надання аб’екту статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Арганізацыя фестываляў — справа з усіх бакоў выдатная, асабліва, калі яны маюць свае адметнасці. Іншая справа — пытанне рэкламы ці хаця б добрага фестывальнага інфармавання. Пашукаў водгукі ў Інтэрнэце пра “Выганашчанскую фартэцыю”, якая аказалася даспадобы ўсім. Адна заўвага — адсутнасць анонсаў. Тое ж самае можна сказаць і пра раённы музей. Каб яго знайсці, давялося нямала пакруціцца па горадзе. Ні табе ўказальнікаў, ні ёмістай інфармацыі ў Сеціве. Урэшце, і без рэкламы раённыя ўстановы і фестывалі грамадскасць не абмінае, у чым мы пераканаліся. Парадокс!

Урок арыфметыкі

Галоўны захавальнік фондаў Галіна Дылюк сустрэла нас фразай: “У нас няма пастаяннай экспазіцыі!“ Нам падалося: “Мо такім і павінен быць раённы музей ва ўмовах усеагульнай “культурнай“ камерцыялізацыі?” Да гэтай высновы прыйшлі з той прычыны, што ва ўстанове ад наведвальнікаў было не праштурхнуцца. У музейных залах рэалізоўваўся культурна-пазнаваўчы праект “Знаёмства з іншымі краінамі” цэнтра сяброўства і ўзаемаразумення “Падарожжа ў Паднябесную”. Сімпатычныя музейныя супрацоўніцы, сустракаючы ўсё новыя экскурсіі, не паспявалі пераапранацца ва ўсходнія нацыянальныя строі.

Іншая справа, што з кошту білетаў музей мае толькі 20 працэнтаў. Ды і мясцовыя жыхары, па словах Галіны Васільеўны, рэгулярна пытаюцца: калі ж у музеі з’явіцца сапраўдная экспазіцыя, што будзе адлюстроўваць нашу гісторыю. Думаюць пра гэта і мясцовыя ўлады. Як сведчанне таму, летась вялікая сума была выдаткавана на закупку музейных прадметаў. У фондах установы з’явіліся старадрукі, сярод якіх — Біблія з косаўскага палаца Пуслоўскіх. Таксама маюцца асобныя палацавыя відэльцы і лыжкі, якія ў свой час былі скрадзены. Ёсць цяпер у музеі і вялікая калекцыя нумізматыкі, а таксама карціны Анатоля Галушкі.

Але не толькі праз афіцыйную закупку папоўніліся сховішчы ўстановы. Музей мае сваіх сяброў, якія ўваходзяць у разнастайныя аб’яданні кшталту клуба вышывальшчыц, рэгулярна арганізоўваюцца і музейныя чаяпіцці. Такая прыязная атмасфера садзейнічае таму, што людзі самі прыносяць каштоўныя прадметы, сярод якіх трапляюцца сапраўдныя рарытэты. Для нас такім рарытэтам стала выданне 1930 года: кніга па матэматыцы на беларускай мове “Беларуская ССР у задачах”, якая, перакананы, была б цікавай і сённяшнім школьнікам ды нават іх настаўнікам. Уявіце сабе музейны ўрок арыфметыкі!

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Мяне ўразіла і калекцыя жывапісных твораў Анатоля Галушкі, якая з любоўю сабрана музейшчыкамі і рэгулярна дэманструецца наведвальнікам, і сама асоба мастака, якога ведаю даўно, але завочна. Схіляю галаву перад мужнасцю гэтага чалавека. Некалькі дзесяцігоддзяў таму ён у выніку няшчаснага выпадку страціў рухомасць. І вось гэты 51-гадовы паралізаваны мужчына, трымаючы пэндзаль зубамі, стварае карціны алеем, піша выдатныя вершы на роднай мове. Кожны дзень жыве, як апошні. І творы яго — не эпігонскія, не графаманскія, а шчырыя, гаючыя. Больш за тое, Анатоль для музейшчыкаў, як псіхааналітык: падтрымлівае ў іх пазітыўны настрой, натхняе на творчую працу, не дае заспакоіцца. Ды і не толькі для музейшчыкаў, а і для ўсіх тых, хто развучыўся цаніць жыццё. А карціны і зборнікі Анатоля, дарэчы, актыўна прадаюцца.

Музейная перспектыва

Вяртаемся да таго, з чаго і пачалі. Сёння Івацэвіцкі раённы гісторыка-краязнаўчы музей можа прыемна здзівіць кожнага: сваімі экспанатамі, цікавымі музейнымі гісторыямі, крэатыўным інтэрактывам і цікаўнымі супрацоўнікамі. А таму галоўная для яго задача на сёння — займець нарэшце пастаянную экспазіцыю. Справа ў выкананні гэтай задачы ў малым. Ужо маецца канцэпцыя абноўленага музея, якая была створана самастойна (!) з улікам парад Брэсцкага абласнога музея. Ужо створаны макет экспазіцыі, ці не галоўная частка якой будзе прысвечана лакальным падзеям Першай сусветнай вайны, па чым знойдзена шмат артэфактаў.

Пагодзімся, тэма Імперыялістычнай вайны, як яе называлі сучаснікі тых падзей, сёння вельмі папулярная. З гэтай нагоды важна не дубляваць іншыя экспазіцыі, створаныя на той жа Вілейшчыне, Смаргоншчыне, а знайсці ўласнае прачытанне. Думаецца, варта ў аснову пакласці тэму бежанства, матэрыялаў па якой багата. Што і казаць: асобныя каштоўныя прадметы з сямейнага збору, прысвечаныя бежанству пачатку ХХ стагоддзя, Галіна Васільеўна сама перадала ў музей.

Што да філіяла ўстановы — “Музейнага комплексу Хаваншчына”, прысвечанага дзейнасці штаба партызанскага злучэння, — то трапіць туды можна толькі па папярэднім запісе, бо там няма пастаянных супрацоўнікаў. А даведацца пра гэты комплекс можна толькі на сайце райвыканкама, куды далёка не кожны турыст зазірае.

І, нарэшце, сувеніры. Перад развітаннем заўважылі паліцу з сувенірнай прадукцыяй. Як аказалася, набыць яе нельга: пакуль толькі вывучаецца попыт. Але спадзяёмся, неўзабаве музей атрымае ліцэнзію на рознічны гандаль і турысты будуць пакідаць яшчэ больш грошай на развіццё музейнай інфраструктуры.

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Мы вырашылі зрабіць яго сапраўды лірычным і змясціць урывак з верша Анатоля Галушкі. Гэтыя радкі — як выратаванне ад абыякавасці, якая знішчае творчасць:

Каму — шчасціць, каму — нядоля,

Каму — кропля, каму — цераз край,

Каго кліча пагоня і воля.

А каму і балота — рай.

Мінск —Стаўбцоўскі раён Міншчыны — Ляхавіцкі і Івацэвіцкі раёны Брэстчыны — Мінск

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"