Кампазітары, яднайцеся!

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

Маладзечна — сёлетняя Культурная сталіца Беларусі — працягвае здзіўляць разнастайнасцю праектаў. З 18 па 21 красавіка ў Дзяржаўным музычным каледжы імя Міхала Клеафаса Агінскага адбыўся І Міжнародны кампазітарскі форум “Маладая ЕўрАзія”.

/i/content/pi/cult/584/12928/9-2.jpgЯго арганізатарамі сталі кампазітарскія суполкі Беларусі і Расіі, а таксама — іх маладзёжныя аддзяленні і згаданы каледж на чале з заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь, кавалерам ордэна Францыска Скарыны, ганаровым грамадзянінам Маладзечна Рыгорам Сарокам.

Лозунг форуму — “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення!” быў апраўданы на практыцы: агульныя творчыя ідэі аб’ядналі кампазітараў розных стылёвых кірункаў. Уплыў на ўзмацненне інтэграцыйных культурных еўразійскіх працэсаў відавочны. Самы час чакаць унікальных музычных прэцэдэнтаў у музыцы XXI стагоддзя.

Кампазітар Мікалай Міхееў прадставіў якуцкую кампазітарскую школу і тамтэйшыя народныя інструменты: хомус (варган) і кырыымпа (струнны смычковы з вольнай настройкай дзвюх струн з конскага воласа). Гучала сюіта для струннага аркестра і фартэпіяна, фантазія для струннага аркестра і варгана. Прэзентацыю суправаджаў мультымедыйны паказ малюнкаў, створаных якуцкімі школьнікамі пад уплывам музыкі.

Маскоўскі кампазітар і віяланчаліст, аўтар альтэрнатыўнай сістэмы нетэмпераванага нотазапісу Яраслаў Судзілоўскі сваім выступленнем выклікаў дыскусію па праблемах сучаснай музыкі і камунікацыйнага ланцужку “кампазітар — выканаўца — слухач”. Гучалі ўрыўкі сімфанічнай містэрыі, іншыя творы аўтара.

Цэнтральная падзея — канцэрт сімфанічнай музыкі “Маладая ЕўрАзія”. Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь сімфанічны аркестр каледжа пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі выканаў сачыненні беларускіх і расійскіх кампазітараў узростам ад 21 да 35 гадоў. Падчас канцэрту адбыліся тры сусветныя прэм’еры. Апрача твораў названых кампазітараў, прагучалі сачыненні Андрэя Цалко і Кацярыны Леўчанка з Гомеля, Аляксея Пілатава з Маладзечна, Ігара Жохаўскага з Ніжняга Ноўгарада, Вікторыі Спарыш з Мінска.

Працавала і творчая майстэрня, дзе аналізавалася творчасць калег і педагогаў. У выніку адбыўся мастацкі агляд маладых кампазітараў Беларусі. Былі прадстаўлены творы Аляксандра Кустава — навучэнца чацвёртага курса Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Нестара Сакалоўскага і другакурсніцы Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа Маі Куптур.

На здымках: Мікалай Міхееў дэманструе асаблівасці якуцкіх інструментаў; аркестр на чале з Рыгорам Сарокам.

Вольга ЦАРЫК, старшыня цыклавой камісіі "Музыказнаўства" Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага