Джаз-дыпламатыя

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

Да 5-й гадавіны Міжнароднага дня джаза, што святкуецца акурат сёння, 30 красавіка, Пасольства Румыніі ў Беларусі сумесна з нашым Міністэрствам культуры і сталічнай філармоніяй зладзілі сусветную прэм’еру джазавай сімфанічнай паэмы “Jazz Еcumenica” румынскага кампазітара, джазмэна і аранжыроўшчыка Флорына Радукану.

/i/content/pi/cult/584/12927/9-1.jpgДаліла Чэрнатэску і Флорыя Радукану падчас канцэрта ў Мінску. / Фота прадастаўлена Пасольствам Румыніі ў Беларусі

Выкананне твора, вырашанага як пачатак цыкла “Джазавая дыпламатыя”, таксама было сумесным: аўтар, заняўшы месца за раялем, і яго суайчынніца Даліла Чэрнатэску (пан-флейта) ігралі разам з нашымі салістамі і Дзяржаўным акадэмічным  сімфанічным аркестрам Беларусі, якім кіраваў яго галоўны дырыжор — народны артыст краіны Аляксандр Анісімаў.

— Як экуменізм яднае веравызнанні, так і джаз можа з’яднаць інструменты, стылі і нацыянальныя культуры, — сказаў у сваім прывітанні Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Румыніі ў Беларусі спадар Машану. — Гэты праект дапаможа беларускай публіцы лепш спазнаць румынскае мастацтва і стане нашым унёскам у беларускі Год культуры.

Паэма складалася з чатырох частак, вельмі розных па інструментальным складзе, стылістыцы і нават сваіх памерах. Больш за тое, фінал аказаўся “пазычаным”: у яго ролі выступілі “Скетчы” Мануэля дэ Фалья, апрацаваныя і інструментаваныя аўтарам паэмы. Чым не працяг традыцый нашага Антонія Генрыха Радзівіла? Той калісьці, працуючы разам з Гётэ-лібрэтыстам над операй “Фауст”, у якасці ўверцюры скарыстаў цалкам твор Моцарта. Дарэчы, некаторыя паралелі з беларускай музыкай узніклі і ў другой частцы: сола трубы нагадала творчасць нашага Яўгена Глебава, які шчодра ўводзіў у сімфанічную партытуру прыёмы джазавага гуказдабывання і штрыхавой тэхнікі.

У астатніх частках паэмы таксама панаваў сінтэз усяго, што толькі магчыма. Акрамя ўласна джаза, можна было заўважыць формаўтваральныя рысы барочных канцэртаў (толькі замест звыклых трыа — устаўкі джазавых імправізацый), выкарыстанне прыёмаў мінімалізму, яўрэйскіх і, шырэй, усходніх інтанацыйных элементаў, сімфанічнае развіццё са збіраннем усіх асноўных тэм у канцы твора, магутную поліфанію, эстрадныя павевы, намёк на кінамузыку, разнастайныя старадаўнія ўкрапванні — ад цытавання да стылізацыі. І ўсё гэта — не як жудасны, малаядомы вінегрэт, а як надзіва цэласнае палатно, сатканае з рознакаляровых нітак і гарманічна складзеных адно да аднаго лапікаў. Такому ўспрыняццю садзейнічалі паступовыя, уласцівыя сімфанічнаму развіццю пераходы замест рэзкіх граняў паміж раздзеламі, наяўнасць ярка выяўленых, запамінальных лейтматываў, якія збіралі ў адзіны надавалі логіку размаітым адгалінаванням драматургіі.

Увогуле ж, чатыры часткі паэмы вымушалі прыгадаць логіку санатна-сімфанічнага цыкла. Следам за разгорнутай рапсодыяй “Карцінкі свету” ішла павольная частка — бадай, самая сціслая, але надвычай канцэнтраваная па развіцці “Джазавая пасакалія”. Трэцяя частка была з’яднана тэмай звароту да біблейскіх матываў, уяўляючы сабой “Трыпціх пра Святых”: “Прысвячэнне Марыі Магдалене”, “Песня Святога Антоніа”, “Дзева Марыя, радуйся!” Пры гэтым Марыя Магдалена была намалявана праз традыцыйную для трэціх частак танцавальнасць, паскарэнне тэмпу якой так і хацелася параўнаць з булгакаўскім палётам Маргарыты. Багародзіцу ж услаўлялі не толькі інструменталісты: менавіта ў гэтым фрагменце да іх далучылася частка жаночай групы Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Рыгора Шырмы — як нейкая амаль нябачная істота не зямнога, а нябеснага паходжання. Нарэшце, фінал, пасля звароту да згаданых “Скетчаў”, з’яднаў асноўныя тэматычныя зерні цыклу, надаўшы буйной партытуры класічную завершанасць.

Адметным было і ўласна выкананне. Група сімфанічных духавых “у ролі” бэг-бэнда гучала куды мягчэй. Сярод іншых тэмбравых фарбаў цікавымі здаліся ўнісоны саксафона з фартэпіяна, перазовы пан-флейты з драўлянымі духавымі і асабліва ўключэнне яе ў іх ансамбль. Даліла Чэрнатэску паказала нам зусім іншыя магчымасці гэтага інструмента. Мы прызвычаіліся да віртуозных пасажаў, што выдаваў часты госць нашай краіны Канстанцін Масковіч з Малдовы. У Далілы ж пан-флейта заспявала безліччу найтонкіх тэмбравых адценняў, з то пяшчотнымі, то імпульсіўнымі парывамі, цудоўнай філіроўкай гуку.

Не менш выбітнымі паўсталі і нашы салісты, сярод якіх былі і музыканты аркестра, і джазавыя майстры з розных калектываў. Што ж да Анісімава, дык маэстра, лёгкі на пад’ём, не ўпершыню адгукаецца на самыя нечаканыя праекты, ладзіць і ўласныя эксперыменты, скіраваныя на сінтэз сімфанізму з рок-музыкай, джазам, тэатрам, жывапісам. Засталося дачакацца, калі падобныя сімфаджазавыя творы прапануюць і нашы беларускія кампазітары. А пакуль — уключайце тэлевізары: на канале “Беларусь 3” сёння ўвечары вас чакае трансляцыя румына-беларускага праекта.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"