Колы ўвагі “Дзікага палявання…”

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

Пераклад прозы на мову сцэны спалучаны са зменамі першакрыніцы, як на этапе напісання інсцэніроўкі, так і ў час увасаблення. І справа не толькі ў спецыфіцы рэжысёрскага “пісьма”. У працэсе пераўтварэння асноватворным фактарам з’яўляецца асоба пераўтваральніка, яго ўспрыманне жыццёвых і агульнакультурных з’яваў. Так, палеская легенда пра караля Стаха і адплату за здраду ператварылася ў аповесці Уладзіміра Караткевіча “Дзікае палявання караля Стаха” ў рамантычную гісторыю з элементамі сацыяльна-дэтэктыўнай драмы. А што ж прапанаваў у пастаноўцы мастацкі кіраўнік Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача Уладзімір Савіцкі?

/i/content/pi/cult/584/12926/8-3.jpg

А такім убачыў "Дзікае паляванне караля Стаха" народны мастак Беларусі Арлен Кашкурэвіч.

Як напісаў Караткевіч?

Пісьменнік, адбіраючы жыццёвы матэрыял, імкнецца падпарадкаваць яго (як на ўзроўні прафесійнага асэнсавання, так і эмпірычна-асобаснага) той або іншай літаратурна-цэласнай структуры будучага твора, закладваючы ў яе шэраг усвядомленых і неўсвядомленых выразна-сэнсавых арыенціраў. Так, у Караткевіча скрозь выдумку прасочваюцца матывы, звязаныя з ягоным уласным вопытам, асабістымі перажываннямі, нязгодай з рэаліямі жыцця, з развагамі пра лёс людзей. У сукупнасці тое спрыяе стварэнню насычанага жыццёвага фону для выяўлення сюжэтных калізій, раскрыцця чалавечых характараў, праяваў сэнсаўтваральных аўтарскіх канцэпцый. Аповесць Уладзіміра Караткевіча грунтуецца на трох узаемаабумоўленых пасылах: адплата за зробленае зло, выратаванне спадчыны продкаў, адраджэнне самасвядомасці народа. Гэтае дае магчымасць пісьменніку зрабіць свой твор не толькі шматпланавым у сюжэтнай змястоўнасці, але і абуджальным, і шматплоскасным у асацыятыўным бачанні мінулага і цяперашняга, асабістага і агульначалавечага. Элемент, што дамінуе ў аповесці, — апавядальнасць, апасродкаваны дыялог з чытачом. Менавіта праз яго даносяцца аўтарскія сэнсы. Астатнім элементам адведзена роля інтрыг сюжэтаскладання, якія “заманьваюць” чытача.

Як прачытаў Савіцкі?

А вось пастаноўка Уладзіміра Савіцкага вытканая з шэрагу літаратурных фрагментаў аўтарскага твора, якія ўплятаюцца ў канцэптуальна-цэласную сістэму рэжысёрскага бачання свету. У ёй асноўная ўвага надаецца не сацыяльна-гістарычнаму зместу празаічнай першакрыніцы, а сучаснаму філасофска-гуманістычнаму кантэксту. Рэаліям мінулага адведзена роля своеасаблівых музычна-тэкставых акордаў у партытуры акцёрска-рэжысёрскага сачынення. Каардынаты часу ў спектаклі “Дзікае паляванне караля Стаха” мы ўспрымаем скрозь прызму візуальна-асацыятыўных рэжысёрскіх “колаў увагі”, звязаных са шматзначнымі пабудовамі, якія хіба толькі дакранаюцца да старадаўняй палескай легенды.

Сэнсавая структура рэжысёрскіх “колаў увагі” ў ТЮГаўскай пастаноўцы праяўляецца, перш за ўсё, у распрацоўцы “бязмоўных” кампазіцый, рэжысёрскіх урыўкаў, пластычнага малюнку роляў і спектакля ў цэлым. У слоўнай тканіне сцэнічнага твора пераважае літаратурна-апавядальны характар, што адпавядае асаблівасцям стылю аповесці Караткевіча. Рух “колаў увагі” адбываецца з дапамогай іх пашырэння, што спрыяе нашаму ўспрыманню не столькі сюжэтных калізій п’есы, колькі рэальных падзей сучаснай нам рэчаіснасці. Перад вачыма паўстаюць не толькі блізкія, але і далёкія берагі сусветнай прасторы, дзе суседнічаюць як асацыятыўна-асобасныя гісторыі, так і грамадска-значныя з’явы ўсяго чалавецтва.

Уладзімір Савіцкі як інсцэніроўшчык і рэжысёр спектакля выкарыстаў у сцэнічным варыянце не ўвесь літаратурны матэрыял аўтарскага твора, а толькі неабходныя яму фрагменты. Змясціўшы герояў аповесці ва ўмовы падземных камунікацый, рэжысёр такім чынам усталяваў мяжу паміж верхнім і ніжнім светам: паміж тымі, хто кіруе, і падпарадкаванымі. Традыцыйныя паняцці “род”, “чалавек”, “духоўная спадчына”, “агульначалавечыя пачуцці” страчваюць сэнсы ў вуснах “людзей падзямелля”. Тут дамінуюць не яднанне і братэрства, але асабістыя інтарэсы.

Для рэжысёра было важным паказаць, што наверсе існуе глабальны свет катастроф і чалавечых трагедый. Адзінае выратаванне — стварэнне ўласнай закрытай прасторы. Аднак, сыходзячы з вонкавай плоскасці жыцця ў яе глыбіню, людзі раствараюцца ў віртуальнай прасторы, дзе рэальнае быццё непарыўнае з іррэальнасцю нябыту. Менавіта таму атмасфера зрушаных каардынатаў у спектаклі Уладзіміра Савіцкага нагнятаецца бясконцымі міжасобаснымі канфліктамі. Імкненне герояў пераадолець страх, аб’яднацца і аказаць супраціў звар’яцелым паляўнічым наверсе сутыкаецца з непераадольнасцю ўласнай архаічнай свядомасці.

У параўнанні з аповесцю спектакль завяршаецца не як рамантычная гісторыя са шчаслівым канцом, а як канцэптуальна-сканструяванае дзейства пра трагічны стан індывіда ў непрадказальным сучасным свеце, дзе няма месца для спакойнага чалавечага існавання.

Надзея Яноўская (Кацярына Крылова) у прадчуванні немінучай расправы апрычнікаў караля Стаха над насельнікамі замка адчайна шукае абароны ў такога ж безабароннага змагара з паляваннем Андрэя Беларэцкага (Аляксандр Гладкі). Трагічнае становішча і безвыходнасць падкрэсліваюцца фінальнай мізансцэнай пастаноўкі: выразная мужчынская фігура са знясіленым целам жанчыны на руках у пустой прасторы моліць адвесці яго з гэтага «каналізацыйнага свету», дзе немагчыма жыць. Маўчанне ў адказ азначае, што паратунку няма. Татальная небяспека — новыя рэаліі іх быцця.

Камусьці гісторыя здасца безвыходнай, а можа, і такой, што абнадзейвае. Апынуўшыся перад выбарам, людзі сталі бачыць навакольны свет такім, які ён ёсць. Такім чынам, кожны мае шанц вызначыць і свой гістарычны выбар у жыцці.

Як можна рэзюмаваць?

Пастаноўка ў Тэатры юнага гледача дае падставу меркаваць, што формаўтваральныя і сэнсавая дамінанты празаічнага твора заўсёды ўтрымліваюць у сабе неразгаданыя таямніцы не толькі гістарычнага, але і глыбока ўнутранага свету мастака. Найперш тады, калі аўтарскі твор апавядае пра мінулыя справы, — тыя калізіі і факты з гісторыі, якія пісьменнік і тэатр дапаўняюць уласнымі артэфактамі.

У спектаклі “Дзікае паляванне караля Стаха” удзельнічаюць, у асноўным, маладыя артысты, чыя ігра прасякнута энтузіязмам і напорыстасцю. Натуральна, на дадзеным этапе моладзі не хапае ўсвядомленасці і майстэрства. З часам, вядома, прафесіяналізм і вопыт прыходзяць. Будзем спадзявацца, з набыццём майстэрства не атрафіруюцца акцёрскія пачуцці, а жыццёвы вопыт паспрыяе іх пастаяннаму абнаўленню на сцэне. Тым больш Уладзімір Савіцкі — адзін з нямногіх нашых рэжысёраў, які мае ўстойлівыя перакананні. Ён адстойвае ідэю будаўніцтва нацыянальнага тэатра. Да ўсяго, мастацкі кіраўнік беларускага ТЮГа паслядоўна і ўдумліва праводзіць лінію “амаладжэння” трупы, выбудоўвае змястоўны рэпертуар, стварае атмасферу сапраўднага творчага пошуку ў калектыве.

Рыгор БАРАВІК, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў