Новыя прыпавесці, што вярэдзяць душу…

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

Мастацкая галерэя “Універсітэт культуры” правяла міжнародную выставу сучаснага іканапісу “Прыпавесці”. Яе ўдзельнікі — мастакі з краін, дзе праваслаўнае веравызванне глыбока ўкаранёна ў культурны грунт і грамадскую свядомасць.

/i/content/pi/cult/584/12925/8-2.jpgЗ 2009 года ў Польшчы, у вёсцы Навіца Горліцкага павета, ладзяцца пленэры для мастакоў, якія ў сваёй творчасці абапіраюцца на традыцыі царкоўнага мастацтва. Падобна на тое, што такія пленэры мелі мэтай высветліць на эксперыментальным узроўні магчымасць гарманічнага спалучэння асвечанага гістарычнай традыцыяй іканапіснага канона і сучаснай эстэтыкі, і шырэй  — спробу асэнсаваць духоўную спадчыну праваслаўя ў кантэксце сённяшніх сацыяльна-культурных рэалій. Мне падаецца, што знайсці для такога пленэру месца, лепшае за Польшчу, малаверагодна. Справа ў тым, што ў Польшчы праваслаўе існуе ў адной культурнай прасторы з каталіцызмам, адчувае на сабе ягоны ўплыў і не так жорстка прывязана да канону, як у краінах, дзе яно дамінуе. З пэўнага гледзішча гэта сітуацыя можа ўспрымаецца як не надта спрыяльная для згаданай канфесіі, але для мастака, што працуе ў стылістыцы іканапісу, яна не пазбаўлена прывабнасці. Бо кожны творца прагне свабоды і, адпаведна, імкнецца выйсці за межы стэрэатыпаў.

На выставе прадстаўлены творы мастакоў з Беларусі, Украіны, Польшчы, Грузіі, Літвы. Тэма экспазіцыі — біблейскія прыпавесці. У іканапіснай традыцыі зварот да іх нячасты, што робіць выставу цікавай удвая. На грунце іканапіснага канону з’яднаны стылістыка інсіту і дзіцячага малюнку, элеменнты дэкаратывізму, экспрэсіянізму, лад ілюстрацый да дзіцячых казак і сярэднявечнай мініяцюры. А штосьці нагадвае нават супрэматычную геаметрыю ад Казіміра Малевіча. Відаць, варта асобна сказаць пра ўдзел украінскіх мастакоў. Мяркую, іх творчасць у значнай ступені стала сэнсавым камертонам навіцкіх пленэраў. Бо ва Украіны моцныя пазіцыя мае грэка-каталіцызм, які ў эстэтычным сэнсе спалучае ўсходні і заходні хрысціянскія каноны. Да таго ж у гэтай краіне мастацкія і архітэктурныя кадры для сакральнай сферы ў ВНУ рыхтуюць на спецыяльных аддзяленнях.

Досвед пленэраў, якія яшчэ называюць майстар-класамі, можа сведчыць, што іканапіс як мастацкая з’ява не толькі належыць гісторыі, але і адкрыты для стылёвых і сэнсавых навацый. Таксама па творах экспазіцыі відаць, што традыцыйная стылістыка іканапісу можа быць запатрабаванай і ў сферах, наўпрост з рэлігіяй не звязаных. Дарэчы, аналагічны досвед ёсць ў гісторыі савецкай/расійскай культуры. Гэта — Палех, сусветна вядомая школа лакавай мініяцюры. Мастакі Палеха звяртаюцца да самай рознай тэматыкі, да разнастайных сюжэтаў. Тут і этнаграфічныя матывы, і рускія казкі, і гісторыя краіны. А пачыналася ўсё з таго, што ў 1920-х пазбаўленыя працы мясцовыя іканапісцы былі вымушаны прыстасоўвацца да новага сацыяльнага ладу. Вось і заняліся яны свецкім жывапісам, захаваўшы іканапісную стылістыку…

Вернік успрымае Біблію як Слова Божае, навуковец пабачыць у ёй трансфармаваную ў міф гістарычную хроніку, для кагосьці яна — літаратурны альманах ці фальклорны зборнік, можа, нават палітычны памфлет, бо ў тэкстах Старога Запавету добра чутно водгулле барацьбы свецкай і духоўнай уладаў за дамінаванне ў палітычнай прасторы старажытнай Палесціны, а гісторыя Хрыста — гэта, па сутнасці, аповед пра выспяванне ў нетрах закрытай, этнацэнтрычнай і ксенафобскай, супольнасці ідэі, здольнай аб’яднаць Сусвет. Пры гэтых іпастасях Біблія адна з нямногіх у гісторыі кніг, пра якую, бадай, кожны чалавек хоць нешта ды чуў, а многія яе яшчэ і гарталі. У святле гэтага факта тое, праз які “відэашэраг” мы ўспрымаем сёння гэту кнігу, шмат што гаворыць і пра нашу культуру ў самым шырокім сэнсе.

Думаю, галоўным вынікам выставы ў галерэі “Універсітэт культуры” было верагоднае пашырэнне цікавасці да Бібліі з боку тых, хто, магчыма, і газет даўно не чытае. Бо ў гэтых мастацкіх творах, якія і на карціну не надта падобныя, і іконай іх назваць нельга, есць загадкавасць, што вярэдзіць думку.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"