Беларускі "ўлоў" СРМ

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

“Кароткі метр”: спроба ідэнтычнасці
“Пагружэнне ў кіно” — так гучыць дэвіз сёлятнага фестывалю “Cinema Perpetuum Mobile”, V Міжнароднага кінафестывалю кароткаметражных фільмаў. Калі пагрузіцца ў CPM, то “кароткі метр” выяўляецца і як “спроба пяра”, трапнае выказванне, і як фантазія-роздум. А сам фестываль — як сацыяльны праект, творчае кола, што, нягледзячы на сваю маладосць, спрабуе выйсці за бліжэйшае атачэнне. Вось усё гэтае: 8 пляцовак, 6 праграм, больш за 100 фільмаў — сродак, а мэта — застацца жывым, адкрытым і вольным.

/i/content/pi/cult/584/12923/13-1.jpgКіна- і сацыяльны праект

Калі звярнуцца да зараджэння CPM, дык убачым: яго гісторыя — гэта гісторыя мінскай кінасуполкі kinaklub.org, якая “адным цудоўным днём” вырашыла зладзіць фестываль. Усё засталося б цалкам у рэчышчы “беларускай сітуацыі”, калі грамада збіраецца, гаворыць і разыходзіцца, нічога так і не зрабіўшы, але ў дачыненні кола kinaklub.org усё адбылося акурат наадварот. Спадарства сабралося — і зладзіла фестываль. Самі, без аніякай дапамогі, на энтузіязме і з апорай на ўласныя ж рэсурсы. І цягнецца гэта кампанія ўжо пяць гадоў. “Кожны раз пасля правядзення чарговага форуму мяркуем: усё, апошні раз, — каментуе жывучасць ініцыятывы кінаманаў заснавальнік CPM Аляксандр Мартынюк. — Але час праходзіць, і падрыхтоўка да фестывалю зноў распачынаецца”.

“Cinema Perpetuum Mobile” — гэта не толькі кіна-, але і сацыяльны праект. Варта тое ўлічваць, калі бачыш вялізную каманду стваральнікаў фэсту. “У нас няма дырэктара, цэнтра, — распавядае пра яго структуру Аляксандр, — і гэта прынцыповая пазіцыя. Ініцыятыва носіць гарызантальны характар, а значыць, яна існуе на валанцёрскіх пачатках. Гэта цыклон, які выхоплівае людзей з рэальнасці і прапаноўвае ім іншыя магчымасці самаадукацыі, узамадзеяння і выхавання”.

Такі канцэптуальны складнік у кагосьці выклікае здзіўленне, у іншых — шчырае захапленне. Але пры ўсёй умоўнасці структуры форуму, адзначым: яго прафесійная карта — навідавоку. Ёсць дырэктары праграм, міжнароднае журы, у фестывалю маецца сайт, працуюць перакладчыкі, дызайнеры, адказныя за субтытры, паліграфію, візавую падтрымку, PR… Нямала для цыклона. Так, ён захоплівае і кружыць, аднак рушыць у пэўным кірунку і цалкам бяспечна пазначае сваю прысутнасць. Тое, што, як кажа Аляксандр, “нарадзілася з хаоса”, зусім не выглядае хаосам, а творчы дух форуму — ён і вызначае яго асаблівасць.

У пошуку новых імёнаў

Адна з адметнасцяў форума  — курс на выяўленне новых імёнаў у беларускім кінематографе. Мы пакінем у баку міжнародную праграму, якая таксама знаёміць гледача з таленавітымі рэжысёрамі розных краін. Тры гады на фестывалі жыве праграма беларускага кіно. Але сабраць яе, як высветлілася, заўжды было справай нялёгкай.

“Сёння сітуацыя значна палепшылася, — распавядае дырэктар беларускай і дакументальнай праграм фестывалю Ганна Ражанцова.  — Мы ўжо выбіраем. Але раней было вельмі складана. Тэлефанавалі знаёмым рэжысёрам, упрошвалі іх даслаць свае карціны, шукалі, запрашалі… Магчыма, хтосьці лічыў наш фестываль не вартым увагі, але большасць проста саромелася паказваць свае творы”.

Сёння, кажа яна, ужо назіраюцца значныя зрухі ў жаданні аўтараў выйсці да публікі: з’явіліся рэжысёры, якія не цураюцца паказаць уласную творчасць, пазначыліся пляцоўкі для прасоўвання кінапрадукцыі, і адпаведна — з’явілася цікавасць гледача да айчыннага кіно. “Гэта асабліва было заўважна на адмысловай праграме “Белкіналета”, якую летась мы ладзілі ў дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея. Нягледзячы на дрэннае надвор’е, людзі прыходзілі ў вялікай колькасці. І паміж публікай ды рэжысёрамі адбыўся сапраўдны дыялог, размова, якая, лічу, многіх падштурхнула рухацца далей”.

Да слова, ужо менавіта на карысць фэсту можа аднесці адкрыццё творчасці Мікіты Лаўрэцкага, рэжысёра, які літаральна зараз прымае ўдзел у фестывалі кіно Цэнтральнай і Усходняй Еўропы “GoEast” у Вісбадэне. Акурат CPM стаў першай фестывальнай пляцоўкай аўтара “Беларускага псіхапата”, “Дзень нараджэння ў Мінску”, “Амерыкан бой” ды іншых стужак. Сёння каманда спадзяецца на “свежыя твары” , таму нават адмаўляе тым, чые фільмы ўжо атрымалі поспех на іншых фестывалях.

“Сёлета мы адмовілі Мікіце, бо яго стужкі, якія ён прапанаваў у праграму, глядач ужо бачыў на “Лістападзе”. Таксама з гэтай жа прычыны не ўзялі ў праграму і стужку “Адной крыві” Мітрыя Сямёнава-Алейнікава: яна прагучала ўжо на шматлікіх форумах, — удакладняе Ганна Ражанцова. — У задачах CPM — паказваць работы, якія не з першага погляду могуць быць прывабнымі для вялікай аўдыторыі. Разам з тым, нам важна, каб праграма выглядала цэласна”.

Дарэчы, колькасць апошніх на “Cinеmа Perpetuum Mobile” прыстойная: ігравога, дакументальнага, анімацыйнага, эксперыментальнага кіно, пазаконкурсныя — “Visual Music”, “Маладое расійскае кіно”, “Нямецкі фокус”, “Балканскі блюз”, “Дзэн/Трэш”… Паўтаруся, зусім нядрэнна для каманды, якая робіць усё дзеля ўласнага задавальнення і развіцця. Ды і ўвогуле, заўважна, што фестываль за гэтыя гады істотна вырас. Гэта тычыцца і беларускага конкурсу, які, нягледзячы на сваю жанравую разнастайнасць, выглядае цалкам комплекснай праграмай.

Ад 1930-х да 2010-х

Жаданне аўтараў вывучаць беларускую рэальнасць, разбірацца ў ёй (гуляць з ёй — таксама), і даследаваць яе, у тым ліку, праз мінулае — вось тое, што ўласцівае для актуальнай выбаркі. Пры ўсёй жанравай эклектычнасці можна заўважыць працу рэжысёраў менавіта са сваім атачэннем, грамадствам, гісторыяй, што заўжды будзе цікава, нягледзячы на пэўныя недахопы стылю.

У гэтым плане заўважным у конкурсе стаў, так бы мовіць, гістарычны блок: да яго можна далучыць фільмы Ягора Сурскага “Заходнікі” і Максіма Шведа ды Андрэя Ломава — “Толькі ў Гродна!”. У першым варыянце, гэта зварот да вуснай гісторыі — 1939 год у памяці жыхароў Заходняй Беларусі, у другім — даследаванне аўтарства “народнай” песні “Толькі ў Гродна!”, якая прыводзіць да цалкам канкрэтнай гісторыі стварэння твора. Пры ўсёй значнасці тэм і свежасці (асабліва ў выпадку “Толькі ў Гродна!”) — тае фармат тэлевізійнага кіно, якое, вядома ж, бывае выбітным, але кожнаму з аўтараў не хапіла сцэнарнай завершанасці іх стужак. Унікальныя па матэрыяле “Заходнікі”, на жаль, аддалі перавагу навуковаму фармату, а “Толькі ў Гродна!”, дзе стае прывабнай авантурнасці, засталіся ў рэчышчы папулярнага тэледаследавання (хоць варта аддаць належнае аўтарам за выкарыстанне кінахронікі 1990-х, і за здымкі з квадракоптара). Тым не менш, зварот да народнай памяці, праца з ёй — гэта тэма, якая выводзіць да нечаканых высноў і цікавых паралеляў з сучаснасцю.

У пэўны сацыяльны блок можна вылучыць стужку Роберта Сенекі “Кансьерж” і мультымедыя “Двулапы сябра” Максіма Сарычава. Умоўна кажучы, праз вострыя карэспандэнцыі аўтары выяўляюць “болевыя кропкі” грамадства. У Роберта — гэта гісторыя пра выбар кансьержа пад’езда, у Максіма — пошук гаспадароў для сабакі, якая мае толькі дзве лапы. Стужкі розныя: “Кансьерж” дасылае да вядомага савецкаму гледачу жанру кінафельетона — згадаем той жа часопіс “Фитиль”; “Двулапы сябра” — ужо цалкам сучасная форма, якая спалучае відэа, фатаграфію, гук. Але аўтары аказаліся трапнымі ў сваіх назіраннях, указалі на сапраўды важныя “хваробы” беларускага соцыуму — апатыю, раўнадушша, безадказнасць... Але ў гэтай паралелі, перавага за сучаснай чатыроххвіліннай мультымедыя Максіма Сарычава.

У трэці аўтарскі бок можна паяднаць наступныя: ігравую — “Таямніца гарбатай ямы” Януша Гаўрылюка — пра бандыцкія разборкі ў ваколіцах Гродна, (лічы, у духу Шэкспіра), відэатанец “Пад іншым вуглом” Вольгі Лабоўкінай і дакументальную — “Я жыву ў гэтым горадзе” Ягора Сурскага, “экслібрыс”-прысвячэнне народнаму мастаку Беларусі Арлену Кашкурэвічу. У дачыненні да кожнай можна сказаць, што гэта той прыклад, калі кароткі метр скарыстаны напоўніцу, але ж “Таямніца гарбатай ямы” вылучаецца найбольшай цэласнасцю, “шчыльнасцю” зместу і формы.

Менавіта гэтай якасці — завершанасці, мастацкасці, гарманічнасці, дакладнасці — бракуе сучаснаму беларускаму кіно. Але за яго пошукамі (ды нават выбрыкамі) па-ранейшаму цікава сачыць.

У сусветным кантэксце

Чым адметны “кароткі метр” замежжа, прадстаўлены на CPM? Ён таксама не абыходзіць сацыяльных праблем, што не дзіва. Ад актуальных і вечных пытанняў: ідэнтычнасці, чалавечай прыроды, трансфармацыі грамадства… І да “нязручных” і злабадзённых: гандаль дзецьмі, педафілія, бежанства, гвалт… Пры гэтым, мова іх адлюстравання сягае далей за “чыстае” сацыяльнае кіно (хоць варта адзначыць, сёння “чысты” жанр увогуле сустракаецца рэдка). Часам гэта далікатныя спалучэнні фантазій, вобразаў і моцнага тэксту — “Да начлега шлях далёкі” Ханы Хавіціе (Фінляндыя), дакументалістыкі і ігравога кіно “Пагадненне з мурашамі” Бенджамін Марцінс (Германія), фільм-прыгода-экперымент “Прах: жыццё, якога б мне хацелася” Габрыэле Фальсэта (Германія, Італія)…

— Так, для каманды нашага фестывалю важна паказваць кіно, якое звяртаецца да сацыяльны праблем, — пагаджаецца Ганна Ражанцова. — Забаўляльнай кінапрадукцыі — і так дастаткова. Хочацца заахвоціць гледача думаць, і гэта, варта адзначыць, не толькі прэрагатыва поўнаметражных карцін.

У дадзеным кантэксце “Cinema Perpetuum Mobile” ужо не выглядае выключна “тусовачным месцам”. Фестываль аднадумцаў наадварот выяўляе сваю пазіцыю і прынцыповасць, не адмаўляючы сабе ў пошуку і няроўнасцях.

 — Мне падабаецца, што наш форум не падобны да іншых, — выказвае свае бачанне фармату і будучыні CPM Аляксандр Мартынюк. — Гэта імкненне падражаць вялікім кінафестывалям, метраполіі, на мой погляд, толькі легітымуе нашу залежнасць, наша другаснае месца. На дадзеным этапе, лічу, зносіны для нашага асяродку важнейшыя, — падкрэлівае руплівец. — Неабходна спачатку пераасэнсаваць тую рэальнасць, якая нас атачае, і паспрабаваць пабудаваць штосьці свае. Я пераканаўча спавядаю anti-red-carpet- philosophy фестывалю. Што перашкаджае нам рабіць тут свой свет, не азіраючыся на пэўныя ўзоры, брэнды?

Гэтыя словы можна лічыць своеасабівай оптыкай, якая дазваляе ўбачыць CPM не толькі як звычайны кінапаказ, але як творчы і сацыяльны эксперымент, што садзейнічае пошуку свайго месца — як маладога пакалення, так і беларускага маладога кіно  — у сусветным кантэксце.

На здымках: кадры з фільмаў: “Паўстанне/Цішыня” Bazinato (пераможца ў праграме эксперыментальнага кіно); “Я жыву ў гэтым горадзе” Ягора Сурскага, “Двулапы сябра” Максіма Сарычава (пераможца ў праграме беларускага кіно); “Заходнікі” Ягора Сурскага; “Кансьерж” Роберта Сенекі.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"