Праблемы росту воднага шляху

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

Калі Вілейскі райвыканкам даслаў запрашэнне на канферэнцыю, прысвечаную транспамежнаму супрацоўніцтву, гэта не магло не насцярожваць. Кожны дбайны шкаляр ведае, што Вілейшчына ні з якімі дзяржавамі не мяжуе.

/i/content/pi/cult/584/12922/12-3.jpg

Падчас паходу па Віліі 2012 года. / Фота з архіва "К"

Затое, праз яе цячэ рака Вілія, амаль пароўну падзеленая паміж Беларуссю і Літвой. У далёкім 1857 годзе адзін тутэйшы магнат у вольны ад асноўнай працы час зладзіў па ёй экспедыцыю, прайшоўшы ўсе амаль паўтысячы кіламетраў ад вытока да вусця. Здавалася б, тое падарожжа Тышкевіча — не больш чым цікавая старонка мінуўшчыны. І якое дачыненне яна можа мець да сённяшніх рэалій? Як сведчыць досвед Вілейшчыны, самае непасрэднае. Дзякуючы як самому графу, так і яго цяперашнім паслядоўнікам, рака і сапраўды становіцца каналам міжнароднага супрацоўніцтва — у сферы культуры, навукі, а з часам, хочацца верыць, таксама і турызму. Праўда, з апошнім пакуль праблемы. Згаданая канферэнцыя не толькі падсумавала дасягненні выдатнага краязнаўчага праекта, пра які чуў, напэўна, кожны, хто цікавіцца гістарычнымі падарожжамі, але і засведчыла яго патэнцыял росту.

Дух Тышкевіча

Канферэнцыя ладзілася ў самым цэнтры грамадска-палітычнага жыцця раёна — актавай зале выканкама. І гэта сімптаматычна. Ініцытыва купкі энтузіястаў па правядзенні “рымэйка” той экпедыцыі ад пачатку знайшла падтрымку ўладаў Вілейшчыны. І хаця рака цячэ праз розныя раёны (толькі на беларускім яе адцінку іх чатыры), неафіцыйнай “сталіцай” праекта адназначна лічыцца менавіта Вілейка. Адпаведна, край займеў сваю брэндавую “фішку”. Так, падобныя рэчы — неабавязкова нешта матэрыяльнае і вялікае: іх можна ствараць з цікавых ідэй.

Як засведчыла канферэнцыя, вынікі экспедыцыі не толькі відавочныя, але і шматбаковыя. Пастаянна адкрываюцца новыя цікавыя факты, назапашваецца архіў вуснай гісторыі, літоўскі прафесар Вікінтас Вайткевічус выдаў па выніках даследаванняў чатыры тамы, на берагах Віліі з’явіліся аграсядзібы, утварыліся новыя сем’і і сябрыны, а сукупны лік удзельнікаў штогадовага “аблегчанага” варыянту экспедыцыі — падарожжа “Шляхам Тышкевічаў” — неўзабаве дасягне тысячы. Колькасць “спачуваючых” шматкроць большая: вілейскія ўлады кожнага разу пераўтвараюць старт вандроўнікаў у народнае свята, ды і рэпартажаў пра гэты праект напісана нямала.

Праект адраджэння навуковай экспедыцыі варта прызнаць паспяховым і яшчэ з адной прычыны. Праз паўтара стагоддзі ўдалося аднавіць не толькі маршрут, але і сам дух падарожжа: грунтоўнае і комплекснае засваенне таго шматграннага прыроднага і культурнага феномену, якім з’яўляецца рака. Таму і нядзіўна, што падчас канферэнцыі прадстаўнікі дакладных навук казалі пра міфалогію, а гуманітарыі — пра экалогію.

Дарэчы, тут варта звярнуць увагу і яшчэ на адну акалічнасць. Тыповы краязнаўца — гэта бібліятэкар альбо настаўнік. Але падарожжа па Віліі аб’яднала людзей самых розных прафесій.

— Ніколі раней не падумаў бы, што я пачну ўсур’ёз цікавіцца такой тэмай, — прызнаўся адзін са сталых яго ўзельнікаў Міхаіл Міхалевіч. — Тым болей, у вілейскай школе мне нічога пра Тышкевіча не распавядалі.

Ён працуе лекарам-гігіеністам, але на канферэнцыі прачытаў даклад пра віды рыб у Віліі. А адзін з галоўных завадатараў краязнаўчага праекта Дзмітрый Ведзень  — начальнік інфармацыйна-тэхнічнага упраўлення аднаго з банкаў. Адпаведна, не перавялася ў наш век сапраўдная інтэлігенцыя — людзі, якія прагнуць бачыць куды далей за свой нос.

Рака як музей

— Калі плывеш па беларускай частцы Віліі, адчуваеш сябе ў музеі, — кажа доктар фізічных навук з Вільнюса Філамена Кавалюце. — У вас захавалася столькі архаікі!

Але гэта музей, дзе без гіда не абысціся: беларуская архаіка някідкая, і непадрыхтаваны “наведвальнік” можа яе не заўважыць. Ці шмат хто адрозніць звычайны пагорак ад старажытнага гарадзішча альбо кургана? А старэнькая драўляная каплічка наўрад ці ўразіць таго, хто не ведае пра звязаную з ёй прыгожую народную традыцыю.

Па сутнасці, экспедыцыя стала стымулам для развіцця новага турыстычнага трэнда — я назваў бы яго “мікратурызмам”. Уважлівы позірк пераўтварае ў паўнавартасныя цікавосткі такія, здавалася б, дробязі, як валуны, дэталі ландшафта, а то і тапонімы. Падарожжа не толькі вучыць чытаць гэтую кнігу, але і стварае новыя яе старонкі. Прыкладам, настаўнік і бард Алег Мізула правёў даследаванне колішніх капішчаў, знайшоўшы іх процьму ў ваколіцах роднага мястэчка Жодзішкі.

Адным словам, матэрыял для турыстычнага дапаможніка назапашаны ўжо немалы. Як распавёў Дзмітрый Ведзень, распрацаваны таксама і рэкамендацыі для падарожнікаў, прызначаныя зрабіць іх падарожжа як мага больш камфортным ды бяскрыўдным для экалогіі. Але карыстаюцца імі сёння хіба адзінкі: пра масавасць водных падарожжаў па Віліі казаць пакуль не выпадае.

“Пад ключ”

У сваім прывітальным слове старшыня Саюза падарожнікаў Літвы Альгімантас Юцэвічус прывёў у прыклад рачулкі ў Дзукіі (краі, які знаходзіцца ўсутыч да беларускай мяжы), дзе байдаркі сноўдаюць літаральна адна за адной. Гэты турпрадукт настолькі папулярны, што колькасць турыстаў нават даводзіцца штучна абмяжоўваць, каб не ствараць праблемы для экалогіі. Затым літоўскі госць пажадаў, каб такі самы інтэнсіўны рух некалі быў і на Віліі.

Па вялікім рахунку, гэтаму нічога не перашкаджае. Ну, хіба толькі дробязі. Прыкладам, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Таццяна Букель адзначыла, што на пэўных участках для “воднікаў” бракуе добрых стаянак. Але агулам рака нібы адмыслова створана для масавага турыста: падарожжа па ёй не ўяўляе асаблівай тэхнічнай складанасці, а мноства цікавостак паабапал дазваляе адпачыць не толькі целам, але і душой. Яшчэ большыя перспектывы адкрыюцца ў выпадку, калі маршрут стане транспамежным, і ад Вілейкі можна будзе даплыць да Каўнаса ці нават далей. Пасля таго, як Нёман быў перагароджаны плацінамі, Вілія стала адзіным водным шляхам, па якім з Беларусі можна дабрацца наўпрост да Балтыйскага мора.

Пакуль імправізаваны прапускны пункт на Віліі працуе ў лепшым выпадку раз на год  — з нагоды той самай экспедыцыі. Як патлумачыў адзін з яе завадатараў Міхаіл Пётух, дамаўляцца аб візах ды пераходзе мяжы зазвычай удаецца, хоць і не без пэўных цяжкасцяў.

Відавочна, водны шлях Тышкевіча мае ўсе перспектывы пераўтварыцца ў адносна масавы турыстычны прадукт. Як, напрыклад, сплыў на плытах па польскім Дунайцы. Ты купляеш у касе квіток, плывеш тры гадзіны па горнай рэчцы, слухаючы аповеды апранутага ў народны строй плытагона, трапляеш у курортнае мястэчка і спакойна выязджаеш адтуль на рэйсавым аўтобусе. Карацей, алгарытм цалкам прадуманы, і таму тыя плыты ходзяць не радзей за мінскія маршруткі.

У нас жа водны турызм застаецца прэрагатывай альбо самаарганізаваных груп, альбо нешматлікіх прыватнікаў. І ўсё гэта вельмі далёка ад простага спажыўца. Многім нават і думка ў галаву не прыходзіць такі варыянт свайго законнага адпачынку. Магчыма, менавіта таму і заклік “адпачываць у Беларусі” падаецца некаторым пуставатым слоганам.

Наўрад ці выпадае чакаць, што завадары экспедыцыі пераменяць сітуацыю. Як энтузіясты яны зрабілі і без таго багата, стварыўшы канцэптуальную аснову для новага турпрадукту. Тое самае можна сказаць і пра вілейскія ўлады, дзякуючы якім праект набыў свой цяперашні маштаб.

Вялікія рэкі пачынаюцца з маленькіх ручайкоў — напрыклад, тая ж Вілія. Паўнаводнымі яны становяцца дзякуючы таму, што на шляху да мора ў іх уліваюцца шматлікія прытокі. У выпадку з гэтым праектам — усё тое самае. У ідэале, да справы павінны падключыцца самыя разнастайныя суб’екты туріндустрыі (Нацыянальнае агенцтва па турызме, спецыялісты з раёнаў, зацікаўленыя прыватнікі…), сесці за стол перамоваў, пралічыць усе нюансы і сумеснымі намаганнямі падрыхтаваць турпрадукт “пад ключ”.

На жаль, падобны механізм у нас не распрацаваны. Прынамсі, на канферэнцыі прадстаўнікі туріндустрыі амаль не прысутнічалі.

Мінск — Вілейка — Мінск